Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына — БДІПЧ АБСЭ: Не дачакаецеся


Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Лідзія Ярмошына, старшыня ЦВК Беларусі, заяўляе, што зьмены, якія будуць унесеныя ў выбарчае заканадаўства, ня цалкам адпавядаюць чаканьням БДІПЧ АБСЭ.

«Не хачу вас падманваць прыгожым ружовым сыропам. Гэта ня тое, на што яны разьлічваюць: яны разьлічваюць на многае іншае», — заявіла Ярмошына, прадстаўляючы законапраект аб папраўках у Выбарчы кодэкс у Савеце Рэспублікі.

«Перш за ўсё, яны разьлічваюць на зьмяненьне парадку фармаваньня Цэнтральнай выбарчай камісіі, гэта значыць — на перадачу гэтай функцыі палітычным партыям. Гэта можна зьмяніць на рэфэрэндуме», — заявіла Ярмошына, спасылаючыся на Канстытуцыю.

«АБСЭ не задаволеная ўвядзеньнем забароны на байкот выбараў», — аднак гэтая норма «супадае з Канвэнцыяй пра стандарты выбараў у СНД».

Разам з гэтым «ёсьць некаторыя палажэньні, якія адпавядаюць рэкамэндацыям АБСЭ па выніках выбараў, напрыклад, пра тое, што ніводнае СМІ ня можа аддаваць перавагу аднаму з кандыдатаў на выбарную пасаду і праводзіць агітацыю за яго».

Сяргей Альфер

Сяргей Альфер

«Ярмошына не выказвае свае пэрсанальныя думкі. Яна агучвае ўзгодненую пазыцыю кіраўніцтва. Таму гэта і ёсьць узгодненая пазыцыя кіраўніцтва краіны — усе патрабаваньні яны ўлічваць ня будуць, ня будуць улічаныя менавіта гэтыя важныя пытаньні», — мяркуе Сяргей Альфер, экспэрт у галіне выбарчага заканадаўства.

«Кандыдат у дэпутаты, будучы кандыдатам, не павінен выступаць за байкот выбараў — гэта нармальна. Каб такое было ў беларускім заканадаўстве, то не было б заўвагаў ад БДІПЧ АБСЭ. Але калі ўводзіцца забарона на любое меркаваньне пра байкот, то гэта занадта. Гэта парушае Канстытуцыю — забарона на свабоду выказваньняў. Заканадаўства не павінна пярэчыць Асноўнаму закону», — кажа спадар Альфер.

«Цягам апошніх 14 гадоў БДІПЧ АБСЭ ўнесла больш за сотню прапановаў, каб удасканаліць выбарчае заканадаўства Беларусі. Прынялі недзе 20–30%. Незалежна ад таго, прымаюцца прапановы ці не, місія, якая будзе назіраць за мясцовымі выбарамі, напіша заключэньне, зыходзячы з рэальнай практыкі. Будуць глядзець, наколькі выбары адпавядаюць дэмакратычным нормам», — кажа экспэрт, разважаючы пра палітычныя наступствы адмовы прыняць усе прапановы БДІПЧ АБСЭ.

«Калі вынікі выбараў будуць адпавядаць дэмакратычным нормам, то заключэньне АБСЭ будзе пазытыўнае. Калі нормы будуць парушаныя, то заключэньне можа быць падобнае да тых, якія Беларусь мела па выніках усіх выбараў, пачынаючы ад 2000-га году», — лічыць Сяргей Альфер.
XS
SM
MD
LG