Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэтую ноч фактычна ня спаў. Варочаўся з боку на бок, пэрыядычна паглядаючы на гадзіньнік і панічна адзначаючы, што ноч заканчваецца. Па-дзіцячы лічыў да ста, прымушаў сябе не варушыцца, але нічога не дапамагала. А раніцай вырашыў, што трэба пра гэта напісаць, перадаць пачуцьці паперы.

Відаць, такога шоку даўно не было. Калі прааналізаваў, то аказалася — са студзеня 2011 году, калі канвэерам судзілі за Плошчу. Такія ж былі ночы, калі спаць не ўдавалася не таму, што не хапала часу, а таму, што захліствалі ўспаміны пра пабачанае і пачутае ў судах.

Хоць учора ўсё пачыналася гэтак мірна.

У фае Маскоўскага суду а 3 гадзіне дня — Бандарэнкі няма, Пцічкіных няма, нікога са знаёмых журналістаў няма. Бягу па судзе. Вакол сноўдаюць наведнікі. У адным з калідораў кучай сядзяць, чакаючы сваіх «сутак» ці штрафу, затрыманыя напярэдадні алкашы. Завэдзганыя, пабітыя, няголеныя твары. Вочы ўва ўсіх жаласьлівыя і адначасова абыякавыя, як у тых жывёл, якіх вязуць штораніцы па Казінца на бойню.

Гэтых мужыкоў (а сярод іх адна-дзьве, але абавязкова трапляюцца і жанчыны) для сябе называю сапраўднай Беларусьсю.

Вяртаюся ў фае. Тым часам на лаўцы, што бліжэй да дзьвярэй пошты, зьявіліся тры нейкія амбалы. Але такія тоўстыя, што ніколі б не падумаў, што гэта амапаўцы — будучыя сьведкі на судах над Пцічкінай і Бандарэнкам. Праходзячы міма, кінуў на іх вывучальны позірк і наўздагон пачуў:

«Чево смотрішь?»

А калі ўжо выходзіў з пошты, убачыў побач зь імі Жанну Пцічкіну, якую, відаць, таксама за нешта зачапілі. Так, пацьвердзіла пазьней: гэтыя былі сярод тых, хто яе затрымліваў. У фае былі ўжо і Іра Пцічкіна з двухмесячным дзіцём у калысцы, журналіст БелаПАН, вясноўцы. Разам бяжым шукаць кабінэт судзьдзі Хаткевіча. І вось мы ўжо ў судовай залі. Працэс хутка пачнецца, хоць сам абвінавачаны (дакладней, «асоба, адносна якой вядзецца адміністрацыйны разбор») Андрэй Бандарэнка спазьняецца. «Ён заўсёды спазьняецца», — гэтак па-сваяцку, з усьмешкай жартуе пра Андрэя Жанна Пцічкіна. Ёй быць на гэтым працэсе сьведкай, а потым будуць судзіць яе саму. Забягае Андрэй. Заходзіць судзьдзя. Сьведак, у тым ліку амапаўцаў, папрасілі на калідор. І вось тут, аказваецца, ужо пачалася зачыстка, пра якую я яшчэ не здагадваюся.

«На жаль, у той дзень я спазьніўся і прыехаў да „Валадаркі“, калі маці Ігара Пцічкіна зь ягонымі сябрамі ўжо затрымалі і яны сядзелі ў аўтазаку. Я падышоў, пацікавіўся, колькі там людзей, і перадаў сваёй намесьніцы Алене, што на волі. А ззаду пачуў, што ўжо затрыманы»...

Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка



Паказаньні Бандарэнкі былі відавочныя і яўна супярэчылі таму, што казалі амапаўцы. Параўноўваць іх — значыць прызнаць, што нехта хлусіць. Але і самі амапаўцы супярэчылі адзін аднаму: у месцы затрыманьня, у падрабязнасьцях.

Судзьдзя ж — сама пунктуальнасьць. На наступным працэсе над Пцічкінай ён нават апытаных сьведак не адпускаў у калідор, «вясноўцаў» з працэсу не выпускаў, баючыся, што той, хто пабываў у залі, пачне перагаворвацца з тымі, хто чакаў у калідоры. У выніку — судзьдзя, разьбіраючы дакумэнты справы, заўважыў істотную памылку міліцыянтаў у складаньні пратаколу — і раптам абвяшчае: працэс закрываецца, справа вяртаецца ў Маскоўскі РАУС на пераробку. Перамога закону! І празь некалькі хвілін пачынае новы працэс, над Пцічкінай, для чаго ўсё пад рукой — і людзі, і дакумэнты.

Не пасьпяваю прыйсьці ў сябе ад такой «перамогі закону», як прыходзіць СМС: «Бандарэнку ў судзе затрымалі на 3 дні, што здарылася?»

Аказваецца, пакуль тут робіцца выгляд законнасьці, за дзьвярыма Бандарэнку ледзь ня рукі выкручваюць, дамагаючыся подпісу пад новым, папраўленым пратаколам. Ягоную адвакатку да яго не падпусьцілі, як яна кажа, «нахамілі». Што зь ім будзе далей, невядома.

Пакуль не «перабег» на новы працэс, згадаю некалькі момантаў з суду над Пцічкінай. Ня толькі сур’ёзных. Калі ўжо ішоў суд, раптам судзьдзя Хаткевіч заўважыў, што ў залі знаходзіцца дзіцёнак — сын Іры Пцічкінай, двухмесячны Ігар Пцічкін. «Яму няма 16 гадоў?» — «лягічнае» пытаньне судзьдзі да маладой маці. І потым, вядома, выдаленьне з залі. Дастаецца «на арэхі» і сакратарцы: «Ты чаго не папярэдзіла....» — чую бурчаньне судзьдзі.

Другі момант — як Жанна Пцічкіна з паперкі задавала пытаньні амапаўцу Казаку, які нібыта затрымліваў яе каля ўваходу на «Валадарку». Жанна даводзіць, што яе затрымалі, калі вылазіла з аўтамабіля яшчэ на дарозе, і што плякат свой з фоткамі сына не пасьпела нават разгарнуць. Але сьведка дзяўбе сваё: што гэта было каля ўваходу на «Валадарку». «Дык пра што яго пытацца, калі ён усё хлусіць?» — задае пытаньне Жанна судзьдзі, якому паводле закону задаваць пытаньні нельга. Судзьдзя паціскае плячыма і робіць перапынак, за які адвакат Пцічкінай тлумачыць ёй, як варта весьці допыт сьведкі. Сьведка пры гэтым стаіць побач, сьпінаю да Жанны. Таму тая ціхенечка на паперцы свае пытаньне запісвае, каб потым іх уголас задаць. І атрымаць банальныя адказы: «Ня памятаю», «Гэта я ўжо гаварыў», «Вы стаялі там».

Я ўсё ж потым зьдзівіўся, што Жаньне далі ўсяго папярэджаньне, а ня штраф. Лёгка маглі ўляпіць некалькі мінімалак, бо ўсё роўна паказаньні міліцыянтаў аказаліся «несупярэчлівымі і дапаўняючымі адно аднаго», а вось сьведкі зь іншага боку «блыталіся». Спадар Хаткевіч, відаць, вырашыў, што караць штрафам маці за тое, што прыйшла згадаць памяць сына да месца, дзе ён загінуў, — гэта занадта. А вось даць за гэта папярэджаньне — сама тое.

Пазьней, у перапынку працэсу Бандарэнкі, дзе Жанна была сьведкай, і потым амаль да 10 гадзіны вечара, пакуль не абвясьцілі вырак, не сыходзіла з суду, яна раптам здагадалася:

«Я ж і слова такога — пікет — раней ня ведала! Дык што, каб прыйсьці на хвіліну да „Валадаркі“ мне патрэбны быў дазвол на пікет? Дык пайду і вазьму яго, а дзе даюць?» Давялося ёй пачуць мае тлумачэньні, што нідзе такі дазвол яна пэўна не атрымае. Ва ўсякім разе, у Беларусі.

Жана Пцічкіна

Жана Пцічкіна



Ну, і другі працэс над Бандарэнкам. Зноў шок. Па-першае, як я пра яго даведаўся. Зьбягаю ў 18.10 з працэсу над Пцічкінай, каб перадацца ў жывы эфір, і раптам бачу, што нашы «амбалы» курапаткамі бягуць па калідоры і кудысьці шмыг убок. Аказваецца, там за дзьвярыма ўжо зноў судзяць Бандарэнку, і яны тут таксама будуць сьведкамі. У перапынку заходжу.

Упершыню быў на працэсе, ня ведаючы прозьвішча судзьдзі. Бандарэнка кажа, што як яго даставілі ў залю, судзьдзя прозьвішча называла, але гэтак невыразна, што ён не пачуў. Адвакат таксама ня ведае. Сакратарка толькі праз 2 гадзіны, пасьля другой маёй спробы, назвала судзьдзю — Матыль.

І вось судзяць. Але пакуль ідзе перапынак. З-за чаго? Адвакатка тлумачыць, што заявіла хадайніцтва, каб прагледзелі відэаздымкі, якія вялі міліцэйскія апэратары, і там жа ўсё бачна — удзельнічаў Бандарэнка ў якім пікеце ці ня ўдзельнічаў, калі ён зьявіўся, ці сапраўды спазьніўся, як кажа. Судзьдзя зьявілася з рашэньнем па гэтым хадайніцтве ажно праз 40 хвілін.

Аказалася, яна яго фактычна задаволіла і ўжо пасьпела зьвярнуцца ў міліцыю ды атрымаць адтуль электронны адказ, што нібыта відэазапісу тады не вялося! Усе людзі кажуць, што здымалася ўсё на некалькі камэраў, а судзьдзі адказваюць, што не вяліся здымкі. І галоўнае — судзьдзю гэты адказ задавальняе! Прычым магла б адразу сказаць: «Адхіляю ваша хадайніцтва». Але не — зрабіла ўсё паводле закону.

Потым новы ўдар. Бандарэнка называе 5 прозьвішчаў:

«Гэтыя людзі сядзелі ў аўтазаку, бачылі на свае вочы, як мяне бралі, апытайце іх».

Судзьдзя з ранейшым каменным тварам заяўляе, што ў гэтым няма патрэбы, бо нічога новага яны ня скажуць.

...Карацей, усё ідзе па накатанай, як тады, на пачатку 2011 году. І ад гэтага робіцца ня тое што сумна, вельмі сумна, а неяк горка. І яшчэ адчуваеш пустату недзе ўсярэдзіне, якая разьліваецца ўсё шырэй. Сядзіць побач Іра Пцічкіна. Жанчына-праваабаронца, якую бачу ўпершыню, ходзіць па залі зь Ірыным хлопчыкам на руках, калыша малога, каб ня плакаў.

Іра сядзіць, заціснуўшы рукамі скроні. Кажа раптам, што пачала ненавідзець усё беларускае, мову беларускую ўжо чуць ня можа. Ёй вакол пярэчаць: «Ты што? Табе ж толькі беларусы і дапамагаюць!» Іра: «Хачу зьехаць адсюль!»

Маці Іры і загінулага ў СІЗА Ігара, Жанна Пцічкіна, таксама пачынае выказваць сваё, набалелае... Прычым яе трасянка становіцца ўсё больш чыстай беларускай мовай:

«Гэта я пакуль суды, тут з вамі такая... А як застануся адна, пасьля ўсяго, памру ад гора!»

Ірына Пцічкіна на неадбыўшымся пікеце ў памяць брата

Ірына Пцічкіна на неадбыўшымся пікеце ў памяць брата



Андрэй Бандарэнка трымаецца бадзёра. Частуецца шакалядам, які прапанавала ўсім ягоная адкаватка Альвіна. Як кажуць жанчыны, Андрэй выглядае супэр: у добрым гарнітуры, ружовая кашуля пасуе да сівой прычоскі. Прызнаецца з усьмешкай, што ўвечары разьлічваў ісьці да палякаў на прыём. Мяркуючы па тым, што міліцыянт у форме не сыходзіць з залі, замест польскай амбасады Андрэю давядзецца адправіцца на Акрэсьціна.

Дастаю з торбы так і не распачатую журналісцкую «ссабойку»: танюткі дыск каўбасы, памідор, кавалак хлеба. Пасьля прысуду — усё ж арышт, 5 сутак — Андрэй складае гэта ў кішэню свайго шыкоўнага гарнітура. Сёньня яму дакладна іншай вячэры не прапануюць, а сукамэрнікі на Акрэсьціна могуць быць таксама галодныя. І яшчэ дакладна, што яны будуць такія ж, якіх я
бачыў у калідоры суду 7 гадзін таму. З жаласьлівымі і абыякавымі вачыма. Сапраўдныя беларусы.

Нас усіх хочуць зрабіць такімі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG