Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек-майка Леанід Смоўж выйшаў з турмы


15 лістапада з менскай турмы на Акрэсьціна выйшаў Леанід Смоўж, які адбыў 5 сутак арышту пасьля таго як выйшаў на акцыю памяці ахвяр сталінізму ў майцы з надпісамі «За Беларусь без Лукашэнкі» і «За Беларусь без дыктатуры».

Смаўжа сустракала 10 чалавек: сябры, праваабаронцы, журналісты. Абышлося без інцыдэнтаў.

Пасьля вызваленьня Леанід Смоўж заявіў Свабодзе, што зьбіраецца ехаць у Ленінскі РУУС Менска патрабаваць, каб яму вярнулі майку з палітычнымі лёзунгамі.

У РУУС Леаніду Смаўжу майку з лёзунгамі супраць дыктатуры не аддалі, вярнулі толькі шапку і шалік бела-чырвона-белага колеру.



«Я не адмаўляюся ад гэтых лёзунгаў, а ці буду рабіць новую такую майку? Нешта прыдумаю»,— сказаў спадар Смоўж Свабодзе.


Смоўж таксама паведаміў, што ў ягонай камэры было некалькі чалавек, якіх зьбіраюць аддаць на лячэньне ад алькагалізму, яны сказалі, што выйшаў загад ачысьціць Менск ад алькаголікаў і бамжоў да чэмпіянату сьвету па хакеі, як гэта было ў Маскве перад алімпіядай 1980 года.



11 лістапада суд Ленінскага раёна Менска прызнаў яго вінаватым ў непадпарадкаваньні міліцыі.

10 лістапада Леаніда Смаўжа затрымала міліцыя пасьля дазволенага мітынгу ў Лошыцкім яры. Падчас акцыі ён быў у майцы з надпісамі «За Беларусь без Лукашэнкі» і «За Беларусь без дыктатуры».

На той акцыі Смоўж у інтэрвію Радыё Свабодзе паведаміў, што апрануў такую майку, бо пратэстуе супраць несправядлівасьці.

Леанід Смоўж адзначыў, што «ён сам па сабе» і не належыць да нейкіх палітычных сілаў. Ён жыве ў Стаўбцоўскім раёне Менскай вобласьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG