Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску праходзіць традыцыйная агульнабеларуская сустрэча каталіцкіх сьвятароў, якія моляцца за свайго калегу з Барысава айца Ўладыслава Лазара, арыштаванага КДБ.

У Чырвоным касьцёле сабраліся пробашчы ўсіх беларускіх парафіяў, усяго 250 ксяндзоў, у тым ліку 15 грэка-каталіцкіх. Няма толькі тых, хто захварэў ці мае якія іншыя паважныя прычыны, а таксама — арыштаванага айца Ўладыслава Лазара. Цяпер ён недалёка ад Чырвонага касьцёла — у сьледчым ізалятары КДБ.

Агульнабеларуская сустрэча сьвятароў прымеркаваная да завяршэньня Году веры.

Сустрэча праходзіць пад дэвізам «Lumen fidei — fidelitas sacerdotalis» («Сьвятло веры — сьвятарская вернасьць»).

Да сьвятароў з прамовамі зьвернуцца мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч і апостальскі нунцый у Беларусі Кляўдыё Гуджэроцьці.

Як паведаміў прэсавы сакратар канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў ксёндз Юры Санько, на адным з круглых сталоў, прысьвечаным тэме ўзаемадзеяньня Касьцёлу і грамадзтва, будзе закранутая і тэма сьвятара Ўладзіслава Лазара, які зараз знаходзіцца ў зьняволеньні па абвінавачваньні ў крымінальным злачынстве:

«Ніякай новай інфармацыі аб лёсе ксяндза Лазара няма. Паколькі адвакат ксяндза Лазара ня мае права паведамляць інфармацыю пра хаду расьсьледаваньня. Кіраўніцтва Сьвятога Касьцёлу вельмі перажывае за ксяндза Лазара і моліцца за яго», — сказаў ксёндз Юры Санько.

Агульнабеларуская сустрэча сьвятароў праводзіцца ўжо другі раз. Першая адбылася 4 жніўня 2009 года.

25 кастрычніка апостальскі нунцый сустрэўся ў турме КДБ у Менску са зьняволеным айцом Лазарам.

Айцец Лазар выглядаў стомленым, але ня зломленым. Ён сказаў, што чуе гук званоў менскіх касьцёлаў і адчувае духоўную падтрымку аднаверцаў.

Ксёндз Уладыслаў Лазар папрасіў апостальскага нунцыя заахвоціць усіх да малітвы за яго і зазначыў, што адчувае блізкасьць каталіцкага касьцёлу, сымбалічна прысутнага ў гучаньні касьцёльных званоў, гукі якіх далятаюць да ягонай камэры.

Ксёндз Лазар абвінавачваецца паводле пункта 1 артыкула 356 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Здрада дзяржаве»). Ягоная крымінальная адказнасьць вызначаецца як саўдзел.

У прыватнасьці, ксяндзу Лазару ставіцца ў віну перадача грошай і матэрыяльных каштоўнасьцяў чалавеку, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысьць іншай дзяржавы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG