Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клічко абяцае адправіць Януковіча ў накаўт на выбарах 2015-га


У 2015 годзе цяперашні прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч будзе адпраўлены ў накаўт, заявіў у эфіры Свабоды лідэр партыі УДАР Віталь Клічко.

«Мы ўсе можам адправіць Віктара Януковіча ў накаўт і зробім усё, каб гэта адбылося ў 2015 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах. Прэзыдэнт Януковіч будзе адпраўлены ў накаўт. І накаўтам будзе канчатак яго палітычнай дзейнасьці»,— сказаў Віталь Клічко.

У кастрычніку з трыбуны ўкраінскага парлямэнта Віталь Клічко заявіў, што будзе вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах прэзыдэнта ў 2015 годзе. Ён сказаў пра гэта пасьля таго, як Вярхоўная Рада ўхваліла норму, якая, як заявілі ва ЎДАРы, можа перашкодзіць іх лідэру вылучацца ў прэзыдэнты. Гаворка ідзе пра зьмены ў Падатковы кодэкс, якія ўтрымліваюць папраўку, згодна зь якой «у выпадку, калі асоба мае права пастаяннага пражываньня на тэрыторыi замежнай дзяржавы, лічыцца, што яна не пражывае ва Ўкраіне». Клічко мае від на жыхарства ў ФРГ.

Віталь Клічко перакананы, што ўкраінская апазыцыя перад выбарамі мае аб’яднацца:

«Я ўпэўнены ў тым, што на сёньняшні дзень улада аб’яднала такі вялікі рэсурс, эканамічны, адміністрацыйны... Яны робяць усё. І мы разумеем, памятаем, як выбары праходзілі ў 2004 годзе, мы памятаем, як выбары праходзілі ў мінулыя разы. І крышку перамагчы сёньняшнюю ўладу не атрымаецца. Трэба мець вялікі разрыў. І таму наша выразная пазыцыя, партыі ЎДАР: мы павінны мець адну кандыдатуру, вакол якой аб’яднаюцца ўсе апазыцыйныя сілы».

Наконт пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны і Эўразьвязу Клічко паўтарыў:

«Я ўчора заяўляў з трыбуны Вярхоўнай Рады: калі гэты прэзыдэнт не падпіша пагадненьне аб асацыяцыі, пагадненьне аб асацыяцыі падпіша новы прэзыдэнт».

На пытаньне, ці ёсьць у Клічко гатовая кандыдатура на прэм’ер-міністра ці кіраўніка адміністрацыі, лідэр партыі ЎДАР адказаў:

«У мяне ёсьць каманда. Мы каманду нашу фармуем. Каманду фармуем з трох складнікаў : жаданьне працаваць, прафэсіяналізм і маральныя якасьці. І каманда ў нас ёсьць, кандыдатуры ў нас таксама ёсьць. Прыйдзе час — я змагу агучыць усе кандыдатуры. Цяпер яшчэ рана».
XS
SM
MD
LG