Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча: за «журналісцкую правакацыю» пагражае турма


Дзеці гуляюць у цэнтры мігрантаў у Беластоку

Дзеці гуляюць у цэнтры мігрантаў у Беластоку

Паўгода турмы з адтэрміноўкай на два гады патрабуе пракурор для журналіста польскай публічнай тэлевізіі (TVP) за сфальшаваньне дакумэнтаў і фальшывыя паказаньні.

Судовая справа, якая адбываецца ў судзе ў Беластоку, датычыць журналіста Энды Генсіна-Торэса, які прыкінуўся нелегальным мігрантам з мэтай пранікнуць у цэнтар для затрыманых нелегальных мігрантаў у Беластоку, каб там зрабіць матэрыял пра іхнае жыцьцё.

Энды Генсіна-Торэс, выкарыстоўваючы сваё кубінскае паходжаньне, у студзені сёлета прыкінуўся нелегальным мігрантам, які нібыта перайшоў у Польшчу зь Беларусі, і справакаваў сваё затрыманьне паліцыяй, каб апынуцца ў згаданым асяродку для мігрантаў. Там яму ўдалося запісаць журналісцкі відэаматэрыял схаванай у гадзіньніку мініятурнай камэрай, але функцыянэры Памежнай варты, якія ахоўваюць мігранцкі цэнтар, выявілі гэтую камэру і аддалі журналіста ў рукі правасудзьдзя. Журналісту паставілі закіды ў фальшаваньні дакумэнтаў (каб аформіць побыт у цэнтры, ён падпісваў дакумэнты не сваім імем і прозьвішчам) ды ў даваньні фальшывых паказаньняў (адносна побыту ў Беларусі ды пераходу беларуска-польскай мяжы).

Пракурор, які абвінавачваў журналіста перад судом, сказаў, што прысуд у гэтай справе будзе вельмі важным, паколькі дазволіць журналістам усьвядоміць, што ёсьць «межы», за якія ім нельга выходзіць у сваёй працы. Пракурор таксама падкрэсьліваў, што ў польскім заканадаўстве няма панятку «журналісцкая правакацыя» – аналягічнага да панятку «паліцыйная правакацыя» – які дазваляў бы журналістам карыстацца падманам у сваёй працы.

Абаронца абвінавачанага прасіў суд спыніць справу з увагі на тое, што паводзіны журналіста не нанесьлі істотнай шкоды для інтарэсаў грамадзтва.

Прысуд у гэтай беспрэцэдэнтнай справе мае быць агучаны 20 лістапада.
XS
SM
MD
LG