Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спачатку зачынілі школу, цяпер – пошту…»


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі зьбіраюцца зачыніць больш за 200 сельскіх паштовых аддзяленьняў.

Заяўляецца, што такім чынам будзе рэарганізаваная сетка раённых вузлоў сувязі. Ліквідуюць найперш маларэнтабэльныя і нерэнтабэльныя аддзяленьні. Іх заменяць перасоўнымі пунктамі дастаўкі пошты. Вяскоўцы не згаджаюцца з закрыцьцём паштовых аддзяленьняў і як могуць пратэстуюць супраць гэтага.

На Магілёўшчыне ў Клімавіцкім раёне ў сьпісе нерэнтабэльных – дзевяць паштовых аддзяленьняў. Іх зьбіраюцца зачыняць. У вёсцы Галічы жыхары склікалі сход, каб абараніць сваю пошту:

«Сход быў, усе людзі на ім крычалі крыкам. Казалі, што зачыняйце ўжо і гэтую краму апошнюю. Усё зачыняйце. А людзей на Месяц адпраўце. Цэлы клюб быў людзей. І ўсе падпісаліся супраць. Ліст адправілі ў райвыканкам. Казалі, што нас нібыта будзе абслугоўваць паштальён. А ці будзе ён, невядома. Вось пакласьці грошы на мабільнік, ці камунальныя заплаціць, то стой на вуліцы ўзімку», – абураецца жыхарка вёскі Галічы.

У Галічах жыве больш за дзьвесьце чалавек. Каля паловы зь іх – пэнсіянэры. Тутэйшае паштовае аддзяленьне яшчэ працуе, аднак вяскоўцы кажуць, што лёс ягоны ўжо перадвызначаны. Нібыта пасьля першага сьнежня яго зачыняць. Вяскоўцы просяць дапамагчы ім адстаяць пошту:

«Яны нас пакрыўдзяць наагул. Што яна нам дае? Пэнсію пошта выдае. Прывозяць прадукты таньнейшыя, чым у краме. Нам жа трэба і за тэлефон плаціць, і за радыё. І дзе мы будзем цяпер пэнсію атрымліваць? Калі тая машына прыйдзе? Стой нам на скрыжаваньні, чакай яе. Што нам рабіць? Дапамажыце нам, калі ласка. Не зачыняйце пошту ў нас. Гора нам, дапамажыце».

Гэткае ж стаўленьне да закрыцьця пошты і ў вёсцы Стары Дзедзін. Тут таксама жыве больш за дзьве сотні чалавек. Людзі ня ведаюць, як будуць жыць бяз звыклага паштовага аддзяленьня, як будуць плаціць за паслугі. Вяскоўцы кажуць, што зь імі сустракалася кіраўніцтва раённага вузла сувязі і спрабавала тлумачыць:

«Тлумачылі гэтак, што пошту мы не зачыняем. Паслугі ў вас будуць усе браць. Але як яны будуць браць паслугі, калі кампутар на пошце забіраюць? Я вось не разумею, якія ў іх тут затраты. Начальнік пошты – яна тут і прыбірала, і ацяпляла. Затраты толькі ў тым, што ёй плацілі заробак. Але ж усё роўна ж машына з трасы на пяць кілямэтраў збочвае да нашага сяла», – не разумее жыхарка Старога Дзедзіна.

Супрацоўнікі паштовых аддзяленьняў, якія падпалі пад закрыцьцё, прызнаюць, што іхныя кліенты незадаволеныя. Людзей адразаюць ад цывілізацыі. Вёска страчвае і без таго небагаты выбар выгодаў, кажуць супрацоўнікі паштовых аддзяленьняў:

«У кожнага цяпер мабільнік. Прыйшлі, грошы паклалі – і яны за хвіліну на рахунку. Вядома ж, гэта дрэнна будзе. Я дык застаюся простым паштальёнам».

Карэспандэнт: «Але гэта ж, відаць, мінус у заробку».

Супрацоўніца: «Вядома ж. Хоць мы тут на паўстаўкі працавалі – і начальнікам, і паштальёнам. Дзевяць аддзяленьняў зачыняюць па раёне. Нібыта такое ўказаньне паступіла зь Менску. У нас ужо і школу зачынілі. Яшчэ год-два – краму зачыняць. ФАП зачыняць – і ўсё, больш ня будзе чаго тут рабіць».

У раённым вузьле сувязі запэўніваюць, што абслугоўваць у перасоўных паштовых аддзяленьнях будуць ня горш, чым у стацыянарных. Выбар сэрвісных паслугаў застанецца той самы. Прызнаюць, аднак, што закрыцьцё пошты вяскоўцы ўспрымаюць нэгатыўна. Пра нерэнтабэльнасьць аддзяленьняў яны і слухаць ня хочуць, зазначае супрацоўніца вузла сувязі.

«Яны прызвычаіліся, што паштовыя аддзяленьні – гэта месца для сустрэч, для зносінаў. Але на сёньня з эканамічнага гледзішча ўтрымліваць для гэтых мэтаў аддзяленьні неяк нерэнтабэльна. Людзі не разумеюць, што наша машына ўсё адно езьдзіць па гэтых маршрутах, але ж мы мусілі яшчэ ўтрымліваць гэтыя нерэнтабэльныя аддзяленьні сувязі».

Паводле цяперашніх стандартаў паштовае аддзяленьне павінна абслугоўваць да дзьвюх тысяч чалавек. Вёсак з такім насельніцтвам на Магілёўшчыне вобмаль. Колькі аддзяленьняў у рэгіёне зачыняць, высьветліць не ўдалося. У абласным філіяле Белпошты заявілі, што гаворка вядзецца пра рэарганізацыю, але не пра закрыцьцё.

З публікацыяў мясцовай прэсы вядома, што ў 2013 годзе Белпошта закрые 278 стацыянарных аддзяленьняў сувязі. Іх заменяць 23 перасоўнымі. Плянуецца адкрыць 7 гарадзкіх паштовых аддзяленьняў.
XS
SM
MD
LG