Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні сустрэліся літоўскія і беларускія пісьменьнікі


Удзельнікі сустрэчы літоўскіх і беларускіх пісьменьнікаў у Горадні

Удзельнікі сустрэчы літоўскіх і беларускіх пісьменьнікаў у Горадні

Дзесяць літоўскіх пісьменьнікаў і паэтаў спаткаліся зь беларускімі калегамі ў Горадні.

Сустрэча адбылася на вуліцы Замкавай у Музэі гісторыі рэлігіі. Ён месьціцца ў былым палацы Храптовіча, над брамай якога герб Горадні — алень сьвятога Губэрта на шчыце.

Літаратуразнаўца, прафэсар Купалаўскага ўнівэрсытэту Аляксей Пяткевіч, знаёмячыся, узгадаў, што ў літоўскай літаратуры ёсьць Вітаўтас Пяткявічус. Такія моманты, заўважыў ён, нас аб’ядноўваюць. Гаворачы пра сябе і калегаў, Аляксей Пяткевіч зазначыў:

«Літоўскіх пісьменьнікаў мы больш ці менш ведаем. Кожны пабываў хоць у адным літоўскім горадзе: у Троках ці ў Коўне, а ў Вільні то напэўна, ня кажучы пра суседнія Друскенікі. Жыцьцё ў Друскеніках было «крышку эўрапейскага тыпу», «нешта куплялі, нешта глядзелі, адпачывалі». «Езьдзілі больш адпачыць, паглядзець на Нёман, крышку іншы». Літоўскую літаратуру ён назваў адной з найбольш разьвітых сярод эўрапейскіх.

Перад сустрэчай прафэсар Пяткевіч паглядзеў, «што ёсьць літоўскага» ў ягонай хатняй бібліятэцы. Аказалася, ня так і мала. Некалі літоўскія літаратары «прыяжджалі па разнарадцы, па плянах», але сёньня гэта крыху зьмянілася. Хоць усе тыя сустрэчы былі цікавыя. Пачыналіся яны звычайна ў доме Элізы Ажэшкі, дзе месьцілася Гарадзенскае абласное аддзяленьне Саюзу пісьменьнікаў (СБП у Горадні свайго памяшканьня даўно ня мае).
Уладас Бразюнас, Антанас Ёнінас, Аляксей Пяткевіч

Уладас Бразюнас, Антанас Ёнінас, Аляксей Пяткевіч


Старшыня Саюзу літоўскіх пісьменьнікаў паэт Антанас Ёнінас, аднак, прызнаўся, што іхні «прыезд — гэта вялікі экспромт, таксама сама сустрэча, ніякага сцэнару яе няма». Ён зазначыў, што Аляксей Пяткевіч гаварыў больш пра аўтараў старэйшага пакаленьня, «многіх зь іх ужо няма сярод жывых». Цяпер прыехалі людзі, якія прадстаўляюць не маладую, але сучасную літоўскую літаратуру. Гэта сярэдняе пакаленьне, якое сёньня вядзе рэй, сказаў Антанас Ёнінас.

Кіраўнік літоўскіх літаратараў прызнаўся, што на іх зрабіў уражаньне горад, дзе большасьць упершыню — толькі трое раней наведвалі Горадню.

Але пра сувязі зь беларускімі пісьменьнікамі Ёнінас сказаў, што апошнім часам яны «даволі цесныя». У Літве штогод праходзяць два паэтычныя фэсты, на якія прыяжджаюць беларусы. Ажыцьцяўляецца праект «Вялікае княства паэтаў», у якім яны ўдзельнічаюць. У Горадню прыехаў адзін з тых, хто яго прыдумаў — паэт Уладас Бразюнас. Ён прывёз трэці выпуск альманаха «Magnus Ducatus Poesis», які аб’ядноўвае паэтаў некалькіх суседніх краін. Дарэчы, ён сам перакладае зь некалькіх моваў, сярод якіх і беларуская.

Паездку ў Беларусь наладзіла пасольства Літвы ў Менску. На сустрэчы літаратараў прысутнічала генэральны консул Літвы ў Горадні Аўшра Чарнявічэне.

Апроч названых, у сустрэчы бралі ўдзел іншыя літаратары зь Літвы: дзіцячая пісьменьніца Гінтарэ Адамайціце, эсэістка, публіцыстка, філёзаф Дайва Тамашайціце, паэт і перакладчык Віталі Асоўскі (піша па-расейску), паэт і перакладчык Мар’юс Бурокас, паэт Гітыс Нарвілас, паэт Карнеліюс Плацяліс (ляўрэат нацыянальнай прэміі ў галіне літаратуры і мастацтва Літвы, былы міністар асьветы і навукі, сёньня — галоўны рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва»), паэт Віктарас Руджанскас. Усе госьці выступілі, паэты чыталі свае вершы, затым гучаў іх беларускі пераклад. Ад гарадзенцаў бралі ўдзел таксама кіраўнік абласнога аддзяленьня СБП паэт Юрка Голуб, паэты Ала Петрушкевіч і Анатоль Брусевіч (абое выкладаюць у Купалаўскім унівэрсытэце), празаік Сяргей Астравец.
Уладас Бразюнас і Гінтарэ Адамайціце

Уладас Бразюнас і Гінтарэ Адамайціце


Сярод дзесяці літоўскіх літаратараў толькі адзін не жыве ў Вільні. Гэта Віктарас Руджанскас з Коўна, рэдактар штотыднёвіка «Нямунас». Спадар Руджанскас адказаў на пытаньні «Свабоды».

Віктарас Руджанскас кажа: мы мелі агульнае Вялікае Княства Літоўскае, тады былі гістарычныя часы, якія нас аб’ядноўвалі. Але потым гэта «кудысьці зьнікла». Ня толькі таму, што «палітычныя прасторы розныя сёньня», «бо калі мы былі ў адзінай прасторы (савецкай), таксама гэтыя сувязі паміж Літвой і Беларусьсю не былі вельмі якаснымі». Яны былі «непэрыядычныя» і Віктарасу Руджанскасу ўспамінаюцца больш «як выпадковыя». Чаму? Ён мяркуе, што «не было матывацыі». Цяпер жыцьцё пакажа, ці штосьці памяняецца. Але «гэтая зямля нас, вядома, цікавіць: і сваімі гістарычнымі ўспамінамі, і тым, што адбываецца, і тым, што будзе», — кажа літоўскі паэт.

А ўвогуле, калі даходзіць да такіх кантактаў, то разумееш, што сувязі патрэбныя проста таму, што «прынцып чалавецтва — сябраваць, а не канфліктаваць». Віктарас Руджанскас дадае: «Такім поглядам я і гляджу на гэтую нашу паездку, на творчыя сувязі. Яны таксама недзе выпадковыя, але я перакладаў Ігара Бабкова і як рэдактар часопіса „Нямунас“ друкаваў яго вершы. Перакладаў таксама Аксану Данільчык».
Вершы пра Горадню ці пра Коўна мяне не цікавяць. Мяне цікавяць вершы, калі ў іх ёсьць паэзія

Горадня і Коўна — гарады недалёкія, стаяць на адной рацэ, але Руджанскас прызнаецца, што ў Горадні быў толькі аднойчы і вельмі даўно: у 1979 ці 1980-м годзе. Напэўна, «не было матывацыі». Госьць параўноўвае свае ўражаньні: «Дзіўнае адчуваньне: горад цяпер утульны, выглядае нейк велічна, ён вельмі чысты. Напэўна, таму адкрываецца прастора гэтага гораду. Тады ў мяне не было такога ўражаньня. Хоць тады быў сонечны дзень, а сёньня змрочна даволі, але самаадчуваньне добрае, прыгожы горад».

Каб наладзіць літаратурныя сувязі паміж Горадняй і Коўнам, якія б творы цікавілі Руджанскаса-рэдактара? Ён адказвае:

«Вершы пра Горадню ці пра Коўна мяне не цікавяць. Мяне цікавяць вершы, калі ў іх ёсьць паэзія: пра каханьне, пра сьмерць. Пра Горадню таксама, калі ёсьць паэзія. Я сам не пішу ніколі спэцыяльна гораду, помніку ці нейкаму дзяржаўнаму сьвяту: ні „у тыя“ часы не пісаў, ні ў гэтыя не пішу».

Два гады Віктарас Руджанскас узначальваў Ковенскі аддзел Саюзу літоўскіх пісьменьнікаў, былі пляны знайсьці сувязі з гарадзенскім аддзяленьнем, «але потым усё зьмянілася», кажа ён.

З Горадні літоўскія пісьменьнікі накіруюцца ў Астравецкі раён, каб наведаць літоўскія вёскі, пазнаёміцца з жыцьцём беларускіх літоўцаў.
XS
SM
MD
LG