Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Бандарэнка – 5 сутак


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

Жане Пцічкінай далі папярэджаньне за ўдзел у акцыі памяці сына Ігара Пцічкіна, які пры нявысьветленых абставінах загінуў у СІЗА на Валадарцы, Андрэю Бандарэнку – 5 сутак.


21:45 Андрэй Бандарэнка за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце памяці Ігара Пцічкіна – 5 сутак.

Ён абураны прысудам, але рэагаваў спакойна. Верагодна, чакаў такога разьвіцьця падзеяў. У тэрмін яму залічылі толькі некалькі гадзінаў, якія ён правёў у пастарунку пасьля затрыманьня.

21:15 Судзьдзя Матыль ужо амаль гадзіну ня можа вынесьці рашэньне па справе Андрэя Бандарэнкі. Падчас разгляду справы судзьдзя адхіліла просьбу адваката Бандарэнкі далучыць да справы фота- і відэаматэрыялы.

Судзьдзя абгрунтавала гэта тым, што паводле інфармацыі, якую яна атрымала з органаў міліцыі, фота- і відэаздымка ў гэты дзень не вялася. Аднак удзельнікі акцыі, якія таксама прысутнічаюць у судзе, сьцьвярджаюць, што міліцыянты здымалі іх на відэакамэры.

Судзьдзя таксама адхіліла хадайніцтва Андрэя Бандарэнкі з просьбай запрасіць у якасьці сьведак яшчэ пяцёх удзельнікаў акцыі (Андрэй Бандарэнка назваў іх прозьвішчы, сярод іх таксама дзяўчына Ігара Пцічкіна). Паводле судзьдзі Матыль, гэта ня мае дачыненьня да справы.

Адвакат Бандарэнкі ў сваім выступе адзначыла, што пры ягоным затрыманьні было парушанае ягонае права на аказаньне юрыдычнай дапамогі. Андрэй Бандарэнка заявіў су судзе, што пратакол, паводле якога адбываецца абвінавачаньне, несапраўдны, і па сутнасьці ўся гэтая справа сфальсыфікаваная.

Карэспандэнт Радыя Свабода, які знаходзіцца ў залі суду, паведамляе, што ў памяшканьні суду шмат міліцыянтаў і супрацоўнікаў у цывільным, што дае падставы меркаваць, што пакараньне Андрэю Бандарэнку будзе зьвязаенае з пазбаўленьнем волі.

20:00 Цяпер адбываецца суд над праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам. Падчас першага разгляду справы судзьдзя адправіў пратакол, паводле якога Бандарэнка быў затрыманы, на дапрацоўку. Высьветлілася, што ён быў складзены той самай асобай, якая затрымлівала Бандарэнку.

Пасьля гэтага да Бандарэнкі ў памяшканьні суду падышлі міліцыянты і склалі новы пратакол. Аднак Андрэй Бандарэнка адмовіўся яго падпісваць без адваката. Яму абвесьцілі, што ён затрыманы на 72 гадзіны. Бандарэнка стаў пісаць сваю заўвагу на пратаколе, аднак міліцыянты выхапілі паперу з рук праваабаронцы і з гэтым непадпісаным пратаколам даставілі яго ў залю суду.

Сьведчаць супраць Бандарэнкі супрацоўнікі міліцыі Іван Казак, прапаршчык Куімаў, падпалкоўнік Лагуноў.

Яны сьведчаць, што Бандарэнка ўдзельнічаў у гэтым несанкцыяваным пікеце каля Валадаркі, быў з кветкамі. Бандарэнка сьцьвярджае, што ў пікеце ня ўдзельнічаў, а прыехаў да Валадаркі, калі ўся група разам з Жанай Пцічкінай знаходзілася ў аўтазаку. Ён падышоў да аўтазаку і спытаў, чаму затрымліваюць людзей. Міліцыянты яму не адказалі. Тады ён заглянуў у аўтазак, пабачыў напалоханых людзей, Жану Пцічкіну, якая плакала. Ён пазваніў сваёй намесьніцы Алёне Красоўскай-Касьпяровіч і распавёў ёй, што людзей затрымалі. Яна спытала, колькі затрыманых. З аўтазаку яму адказалі: 10 чалавек. Тая спытала: «А вы затрыманы?». Ён адказаў: «Не, я не затрыманы». У гэты час ён ззаду пачуў голас: «Вы ўжо затрыманы, праходзьце ў аўтазак».

Алёна Красоўская-Касьпяровіч таксама выступіла на судзе як сьведка. Выступае Жана Пцічкіна, якая бачыла, як затрымалі Бандарэнку.

Бандарэнка ўжо атрымаў дзьве заўвагі ад судзьдзі, калі спрабаваў дамагчыся ад міліцыянтаў сапраўдных паказаньняў. Судзьдзя папярэдзіла, што калі ён будзе далей так сябе паводзіць, то працэс будзе праходзіць безь яго, а Бандарэнку прыцягнуць за непавагу да судзьдзі.

Праваабаронцы, якія прысутнічаюць на судзе, заўважаюць, што суды цягнуцца так доўга, бо ад заўтрашняга дня сканчаецца двухмесячны тэрмін, які вызначаны для разгляду гэтых справаў (затрыманьне адбылося 15 верасьня). Менавіта таму ўчора ў суд прымусова даставілі Жану Пцічкіну, а сёньня ўжо доўга пасьля сканчэньня працоўнага дня судзьдзі намагаюцца вынесьці рашэньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG