Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча гатовая адмовіцца ад візавага рэжыму зь Беларусьсю


Амбасада Польшчы ў Беларусі распрацоўвае новую аўтаматычную сыстэму для выдачы візаў і гатовая наагул адмовіцца ад візаў у кантактах зь беларусамі, калі будзе падтрымка Эўразьвязу.

Пра гэта сёньня заявіў на прэсавай канфэрэнцыі амбасадар Лешак Шарэпка. Паводле ягоных словаў, падобная сыстэма пасьпяхова працуе ў консульскай службе на мяжы Польшчы з Калінінградзкай вобласьцю Расеі.

Амбасадар сказаў, што ён ведае пра нараканьні беларусаў, якія часам сустракаюцца зь цяжкасьцямі пры атрыманьні візаў у консульскай службе амбасады Польшчы:

«Але ж трэба ведаць, што толькі летась мы выдалі 350 тысяч візаў. Гэта 42% ад усіх візаў, якія атрымалі беларусы цягам мінулага году ў амбасадах усіх краінаў Эўразьвязу, што акрэдытаваныя ў Беларусі.

У нас ня вельмі добрыя арганізацыйныя рэсурсы — не хапае памяшканьняў, супрацоўнікаў. Так, мы маглі б працаваць лепей. Аднак для гэтага патрэбная добразычлівасьць і судзеяньне з боку беларускіх уладаў».

Лешак Шарэпка таксама сказаў, што Польшча выступае за зьмякчэньне візавага рэжыму зь Беларусьсю. Аднак адказу на свае прапановы ад афіцыйнага Менску палякі чакаюць ужо тры гады.

«Больш за тое, мы гатовыя наагул адмовіцца ад візаў у кантактах зь беларусамі. Але для гэтага патрэбная згода ўсіх краін, якія ўваходзяць у Эўразьвяз», — падкрэсьліў амбасадар.
XS
SM
MD
LG