Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН прызналі парушэньне правоў расстралянага ў Беларусі


Што гэта дае, калі расстралянага ўжо не вярнуць, у інтэрвію Свабодзе разважае праваабаронца Раман Кісьляк.

Камітэт па правах чалавека ААН, разгледзеўшы індывідуальны зварот асуджанага да сьмяротнага пакараньня і расстралянага ў сакавіку 2010 году Андрэя Жука, прызнаў парушэньне яго правоў з боку беларускай дзяржавы.

Камітэт задаволіў усе пункты скаргі: парушэньне ў дачыненьні да Андрэя Жука артыкулу 6 Міжнароднага Пакту пра грамадзянскія і палітычныя правы — права на жыцьцё, артыкулу 7 Пакту, які забараняе катаваньні і бесчалавечнае абыходжаньне, артыкулу 9 Пакту — права на свабоду і асабістую недатыкальнасьць, артыкулу 14 Пакту — права на справядлівы суд і прэзумпцыя невінаватасьці.

Скаргу ад імя маці расстралянага Андрэя Жука ў межах кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» рыхтаваў берасьцейскі юрыст Раман Кісьляк. У інтэрвію Радыё Свабода праваабаронца адзначыў, што сэнс такой скаргі і станоўчага рашэньня па ёй ёсьць, нават калі ў дачыненьні да чалавека ўжо выкананы сьмяротны прысуд:

Раман Кісьляк
Раман Кісьляк
«Сэнс тут адзіны — каб у будучыні такія парушэньні ў Беларусі не паўтараліся. Гэта важна і для грамадзтва, і для прававой сыстэмы краіны, каб тыя недахопы, якія зараз існуюць у сыстэме правасудзьдзя, асабліва калі гэта тычыцца тых выпадкаў, дзе выносіцца пакараньне ў выглядзе сьмяротнага прысуду, не паўтарыліся. Таксама гэта важна і для сваякоў пакаранага, калі інстанцыя такога ўзроўня як Камітэт па правах чалавека ААН выносіць вэрдыкт, што іх родны чалавек пакараны незаконна».

Раман Кісьляк распавёў, што рашэньні такога кшталту дасылаюцца ня толькі аўтару скаргі і адвакату асуджанага, аднак і ў Міністэрства замежных справаў дзяржавы, дзе адбыўся прысуд:

«Ужо ўнутры дзяржавы такія рашэньні таксама мусяць быць паведамленыя ўсім зацікаўленым бакам. Але нават калі такога не адбудзецца на афіцыйным узроўні, мы, праваабаронцы, зробім гэта сваімі сіламі. Так, напрыклад, падобнае рашэньне па справе Ўладзіслава Кавалёва мы распаўсюдзілі ва ўсе суды і ўсе пракуратуры Беларусі для таго, каб службовыя асобы бачылі, што ёсьць парушэньні і да чаго яны прыводзяць — да незаконнага пазбаўленьня жыцьця».

Андрэй Жук быў асуджаны да выключнай меры пакараньня ў ліпені 2009 году. Яго маці Сьвятлана Жук накіравала ў Камітэт ААН індывідуальны зварот з просьбай зарэгістраваць яго ў неадкладным парадку. Камітэт прыняў зварот да разгляду, і Рэспубліка Беларусь атрымала ноту Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека аб рэгістрацыі гэтага звароту. Працэдура прадугледжвае патрабаваньне не прыводзіць у выкананьне сьмяротныя прысуды, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе. Тым не менш, сьмяротны прысуд быў прыведзены ў выкананьне ў сакавіку 2010 года — да завяршэньня працэдуры разгляду скаргі Камітэтам.

Як паведамляе Правабарончы цэнтар «Вясна», справа Андрэя Жука — другая ў практыцы кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі», разгледжаная Камітэтам па правах чалавека. Першай была справа Ўладзіслава Кавалёва (расстраляны разам з Дзьмітрыем Канавалавым у 2012 годзе). На сёньняшні дзень разгляду ў ААН чакаюць яшчэ чатыры звароты — па справах Васіля Юзэпчука (расстраляны ў 2010 годзе), Андрэя Бурдыкі і Алега Грышкаўцова (расстраляны ў 2011 годзе), а таксама Паўла Селюна, сьмяротны прысуд якому Вярхоўны суд пакінуў у сіле ў верасьні гэтага года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG