Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін абышоў Чака Норыса ў тхэквандо


Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін

Прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ўганаравалі высокай ступеньню па тхэквандо, карэйскаму нацыянальнаму віду барацьбы.

Як перадае ІТАР-ТАСС, у ходзе візыту ў Паўднёвую Карэю расейскі лідэр атрымаў ад прэзыдэнта Сусьветнай фэдэрацыі тхэквандо Чу Чхон Яна чорны пояс дзевятага дана.

«Мы добра ведаем, што прэзыдэнт Расеі вельмі любіць і актыўна займаецца рознымі формамі баявых адзінаборстваў і іншымі відамі спорту»,— сказаў кіраўнік фэдэрацыі.

У папулярнага галівудзкага актора і майстра баявых мастацтваў Чака Норыса — толькі восьмы дан. Самы ганаровы ў тхэквандо — дзясяты дан.

«Я не ўпэўнены, што заслугоўваю гэтага»,— некалькі зьбянтэжана пракамэнтаваў сваё ўзнагароджаньне Ўладзімер Пуцін.

Паводле яго слоў, прысваеньне яму высокага тытула варта разглядаць хутчэй як папулярызацыю «гэтага прыгожага баявога мастацтва».

У сьвеце ёсьць ўсяго некалькі чалавек, якіх ўзнагародзілі ганаровым поясам дзевятага дана. Сярод іх Чу Чхон Вунь назваў вышэйшых дзяржаўных дзеячаў ЗША, Інданэзіі, Гандураса, Іспаніі, Харватыі і Пакістана.

Для Ўладзіміра Пуціна гэта не першае дасягненьне ў баявых мастацтвах. Ён таксама мае чорны пояс па дзюдо.

Беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка таксама захапляецца спортам, але іншым відам — хакеем.

Лукашэнка рэгулярна трэніруецца ў менскім Палацы спорту, з-за чаго спэцслужбы абмяжоўваюць перамяшчэньне людзей у радыюсе да 1 кілямэтра, а таксама забараняюць жыхарам бліжэйшых дамоў адчыняць форткі і вокны.
Лукашэнка выступаў за «Зборную зорак сьвету» і «Прэзыдэнцкі спартыўны клюб», дзе часьцей за ўсё гуляў на пазыцыі крайняга нападніка і пад нумарам 1, нягледзячы на тое, што традыцыйна ў хакеі гэты нумар замацаваны за брамнікамі. Лукашэнка сам рэгулярна забівае галы ў вароты супернікаў і аддае галявыя перадачы, аднак статыстыка яго выступленьняў не вядзецца. Пры гэтым вядома, Лукашэнка ні разу не пакаралі малым 2-хвілінным штрафам за парушэньне правілаў.

Спэцыялісты зазначаюць, што ў гульні без шайбы, Лукашэнка зусім бескарысны: у адбор не ідзе, толькі пазначае барацьбу.
XS
SM
MD
LG