Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі беспрацоўны: Падатак плаціць ня буду — няхай хоць застрэляць


Гомельскі бадзяга Сяргей

Гомельскі бадзяга Сяргей

Улады рыхтуюцца прыняць закон, паводле якога беспрацоўныя будуць абкладацца падаткам. Сума яго можа скласьці 280 даляраў на год, што паводле цяперашняга курсу адпавядае 2 мільёнам 600 тысячам беларускіх рублёў. Як ставяцца да такой ініцыятывы ўладаў гомельскія бяздомныя й беспрацоўныя?

Уранку наўкола Прывакзальнага рынку ў Гомелі сустракаецца нямала бадзягаў. Адны зь іх «дасьледуюць» кантэйнэры для сьмецьця, іншыя — просяць міласьціну.

52-гадовы Сяргей толькі што выцягваў з кантэйнэра пару выкінутых акуляраў ад сонца, электрабрытву, машынку для стрыжкі, старое паліто з грубай тканіны. Мяркуе ўсё гэта збыць тут жа паблізу на барахолцы — рынку ўжыванай вопраткі і побытавых рэчаў.

Вестка пра падатак на беспрацоўных Сяргея разьвесяліла, і ён стаў прыгадваць савецкую эпоху:

«Дык такое ў савецкі час было. Быў жа і крымінальны артыкул — садзілі ж і ў турму за дармаедзтва. На паўгода, здаецца. Выходзіць, што савецкія часы вяртаюцца» (сьмяецца).

Суразмоўца кажа, што ўзяць зь яго дзяржаве нічога ня ўдасца. На працу яго трактарыстам ці кіроўцам аўтамашыны ўжо ніхто ня возьме. А зарабіць на падатак дзяржаве 2 мільёны 600 тысяч рублёў, зьбіраючы пустыя бутэлькі і рызьзё, наўрад ці ўдасца:

«А што зь мяне ўзяць? Зь мяне няма чаго ўзяць. Я сам думаю: як мне выкараскацца ў гэтым жыцьці? У мяне ні капейкі ў кішэні! Адкуль у мяне магчымасьць заплаціць? Ня ведаю, бо я за год, пэўна, столькі й не зьбяру. Во нясу на барахолку й думаю здаць хоць што-кольвечы. Гэтыя анучы Алене патрэбныя — яна буркі шые. Можа, за два рублі забярэ. За дзьве тысячы вось гэтае паліто».

Гарадзкі бадзяга лічыць, што казна нічога ад валацуг не атрымае — толькі страціць на плату чыноўнікам ды міліцыянтам. І прапануе ўрадоўцам лепшы варыянт — падатак зь людзей за паветра, якім яны дыхаюць:

«Да сьмешнага даходзіць — які падатак ты возьмеш з бамжа? Ніякага! Нічога! Бо ў яго, гаротніка, нічога няма. За паветра, відаць, хутка будуць браць падатак. Удыхнуў адзін раз — ага, даляр! Казна папоўніцца па-любому» (сьмяецца).
За паветра, відаць, хутка будуць браць падатак. Удыхнуў адзін раз — ага, даляр!

Ініцыятары падатку зь беспрацоўных, аднак, разьлічваюць, што падатак удасца спагнаць найперш з гастарбайтэраў, якія выяжджаюць на працу ў Расею.

Прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч, насуперак афіцыйным зьвесткам падпарадкаванага яму Міністэрства статыстыкі пра амаль нулявы ўзровень беспрацоўя, падлічыў, што такіх беспрацоўных толькі ў суседнюю краіну выяжджае 445 тысяч. Калі 280 даляраў памножыць на гэтую лічбу, то выйдзе звыш 12 мільёнаў даляраў прыбытку.

Адзін зь беспрацоўных, які не пажадаў афішаваць сваё імя, угледзеў у новым падатку аснову для фармаваньня ў краіне арміі таннай працоўнай сілы:

«Загоняць лішні раз у кабалу. А потым зробяць даўжніком — нешта накшталт абавязковай адпрацоўкі. Грамадзкія працы патрэбныя — тая ж уборка гародніны альбо прыбіраньне тэрыторыі».

Былы інжынэр-тэхноляг аб’яднаньня «Гомсельмаш», звольнены з прадпрыемства год таму па скарачэньні штатаў, заявіў, што ніякі падатак на беспрацоўе плаціць не зьбіраецца:

«Як беспрацоўны я атрымліваю адну базавую велічыню — 130 тысяч. З чаго я буду плаціць? За што я кавалак хлеба куплю? Лукашэнку лёгка разважаць, ён — цар. У яго неабмежаваныя магчымасьці. А я плаціць ня буду такія падаткі — мяне прасьцей застрэліць».
XS
SM
MD
LG