Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Цярлецкага: Судзілі за непадпарадкаваньне, асудзілі за мацюкі


Вадзім Цярлецкі: Чаму дапамагаю Мікалаю Аўтуховічу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:06 0:00
Наўпроставы лінк

Вадзім Цярлецкі: Чаму дапамагаю Мікалаю Аўтуховічу

13 лістапада судзьдзя Максім Лапко з Кастрычніцкага суду Менску прысудзіў 3 сутак адміністрацыйнага арышту грамадзкаму актывісту з Гародні Вадзіму Цярлецкаму, якога міліцыянты затрымалі 12 лістапада ў Менску на чыгуначным вакзале.

Вадзіма Цярлецкага абвінавачвалі ў непадпарадкаваньні міліцыі і ў дробным хуліганстве, якое выявілася ў тым, што ён нібыта нецэнзурна лаяўся ў грамадзкім месцы, а менавіта — на вакзале, дзе яго затрымалі ўвечары 12 лістапада. Сам Вадзім Цярлецкі віну паводле абодвух абвінавачаньняў не прызнаў.

Актывіст грамадзкай ініцыятывы «Разам за Беларусь» згадаў, як яго затрымлівалі.

«Я стаяў каля будынка і курыў. Убачыў здаля, як наўпрост да мяне накіраваліся два супрацоўнікі АМАПу. Яны падышлі і запатрабавалі дакумэнты, а потым загадалі ісьці за імі. Ні на кога я ня лаяўся і не аказваў супраціву. Ужо потым у міліцыі даведаўся, што на мяне нібыта паказала нейкая жанчына, але, мяркую, яе не было, гэта прыдумалі сьведкі. Магчыма, за мной сачылі цягам дня, калі я сустракаўся з рознымі людзьмі па грамадзкіх справах», — гэтак Вадзім Цярлецкі пракамэнтаваў сваё затрыманьне і прысуд.

12 лістапада ў Менску Вадзім Цярлецкі сустракаўся зь людзьмі, дасьведчанымі ў справе Мікалая Аўтуховіча. Ужо каля году актывіст лістуецца з Аўтуховічам, дапамагае ягонай маці. Вадзім Цярлецкі адказаў карэспандэнту Свабоды на пытаньне, чаму ён апякуецца сям’ёй палітвязьня Мікалая Аўтуховіча:

«Трэба дапамагаць людзям. Я пазнаёміўся з маці Аўтуховіча Лідзіяй Юльянаўнай у сьнежні мінулага году, проста прыехаў зь ёй пабачыцца. Пасябравалі. Нават ня ведаю, чаму і як. Гэтак адбылося. І зь Мікалаем, зь якім я ні разу ня бачыўся, цяпер лістуемся, у нас усталяваўся чалавечы давер. Дапамагаў знайсьці для яго стаматоляга, які можа зрабіць імплянтацыю. Нядаўна дапамагаў зьбіраць для яго перадачу. Дарэчы, больш чым перакананы, што дома мяне чакае ад яго ліст. Бо была перадача яму ў мінулую пятніцу, а сёньня ўжо серада, а ён звычайна адразу адказвае. Проста трэба дапамагаць. Калі ня будзем дапамагаць, дык што гэта будзе? Згінем, і ўсё. А ён столькі сам рабіў для людзей, то цяпер чарга яму дапамагаць».
Зь Мікалаем, зь якім я ні разу ня бачыўся, цяпер лістуемся, у нас усталяваўся чалавечы давер

Паводле адваката, у справе Вадзіма Цярлецкага было зблытана месца затрыманьня і недакладна пазначана прозьвішча затрыманага. А сьведкі-міліцыянты Веранко і Ланчук далі супярэчлівыя паказаньні, пры гэтым ніхто не пацьвердзіў, што Вадзім Цярлецкі аказваў непадпарадкаваньне. «У выніку судзьдзя Максім Лапко зьняў абвінавачаньне ў непадпарадкаваньні, але палічыў даказанай віну ў дробным хуліганстве, хоць сьведкі гэтага інцыдэнту ў судзе не было. Суд пагадзіўся з тым, што казалі міліцыянты са спасылкай на словы нейкай жанчыны», — адзначыў адвакат.

Вадзім Цярлецкі яшчэ два дні адбудзе ў ізалятары на Акрэсьціна. На ўмовы, у якіх ён адбыў там першы дзень, актывіст ня скардзіўся. Сёньня ў судзе сябры Вадзіма Цярлецкага з розных грамадзкіх арганізацыяў змаглі перадаць яму ваду, харчы і некаторыя рэчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG