Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ жывая


Сёньня ў нашай хаце сьвята... 14 лістапада 1926 кожны жыхар Менску, гораду, які — увага, новая языкаломка! — беларусіфікаваўся, беларусіфікаваўся, ды так і не выбеларусіфікаваўся, мог з поўным правам прасьпяваць гэтыя словы і закусіць мачоным гурком у форме лёсікавай «J». У гэты дзень у сталіцы распачалася міжнародная акадэмічная канфэрэнцыя па рэформе беларускага правапісу і альфабэту, скліканая Інбелкультам. Першая ў гісторыі навуковая канфэрэнцыя такога маштабу, прысьвечаная нашай і больш нічыей мове.

Тады мову ўдалося адстаяць — ды на яе ніхто асабліва не і замахваўся. Усе ўдзельнікі шчыра зычылі ёй посьпехаў, рыхтык як маладому чалавеку, які пачынае свой жыцьцёвы шлях. У 1933 годзе гэтага чалавека спаймаюць, скалечаць, загрыміруюць пад іншага і шляхам нескладанай апэрацыі прымусяць увесь час баязьліва ўсьміхацца: так яна і дажыве да васьмідзясятых, сьмеючыся сама зь сябе і забаўляючы сваіх і чужынцаў. І толькі потым пачнецца вяртаньне. Нешта вяртаць будзе позна, нешта ўсё ж вернецца: і ўсе моўныя спрэчкі найноўшага часу будуць свайго кшталту рэхам тых лістападаўскіх дзён 1926-га і таго дзіўнага навуковага сходу.

Магчыма, прычынай таго, што канфэрэнцыя сапраўды адбылася, быў аўтарытэт запрошаных гасьцей. Каго-каго, а іх, сапраўдных вучоных, цяжка было зьбіць з тропу. Прыехаў не абы-хто: фактычна, спэцыялісты першага шэрагу. Ну, па-першае, Макс Фасмэр, знаны нямецка-расейскі славіст. Па-другое, Ян Райніс, які ў 1926 зрабіўся міністрам адукацыі Латвіі. Потым яшчэ Міколас Біржышка, рэктар Літоўскага ўнівэрсытэту, чалавек, чый подпіс стаіць трэцім у Дэклярацыі аб незалежнасьці Літвы. Біржышка падараваў менчукам факсыміле адной зь першых кніг па-літоўску 1599 году выданьня. Прыехалі Пётр Растаргуеў з Маскоўскага ўнівэрсытэту, які выкладаў беларускую ў Маскве ў 1918-м, Юзэф Галомбэк з Варшавы, аўтар манаграфіі пра Дуніна-Марцінкевіча, і іншыя не апошнія ў мовазнаўстве людзі. Тарашкевіча Польшча ня выпусьціла, але былі Сьцяпан Некрашэвіч, што выступаў за аканьне ў чужаземных словах і цьвёрда стаяў за мяккі знак, Язэп Лёсік, які прапанаваў скасаваць перадачу на пісьме асыміляцыі па мяккасьці, затое ўвесьці тое самае «j»... Удзельнічалі Ластоўскі, Жылка, Езавітаў, Бузук. Апошні, дарэчы, быў прыхільнік лацінкі: «Безумоўна, да гэтага дойдзе справа, мы эўрапеізуемся, мы прынялі новы стыль, мы прынялі дзясяткавую сыстэму мер, нам застаецца зрабіць апошні крок: перайсьці да лацінкі...»

Амаль восемдзесят гадоў мінула. Апошні крок так і ня зроблены. Што ўжо казаць пра астатнія...

Купала і Колас не выступалі, але за канфэрэнцыяй сачылі. Вядома, што Колас быў за тое, каб пісаць «німа» і «ніхай». Таму яго так і называлі: Якуб Ніхай. А агульны настрой беларускіх удзельнікаў, калі такі насамрэч быў, можна было б перадаць словамі з прамовы Некрашэвіча: «Наша мова вырасла ўжо ў сталы арганізм, які не патрабуе над сабой грунтоўных апэрацый». Вось такая была пэўнасьць у сваіх сілах. У 1926-м гаварылі пра тое, якой быць мове. Праз паўстагодзьдзя — ці быць ёй наагул.

У вольны час госьці шпацыравалі, выпівалі і ўвесь час нешта запісвалі. І гэта былі ня толькі навуковыя нататкі. Рыскі прафэсар Блесэ, напрыклад, зафіксаваў свае ўражаньні ад Беларусі: «Звонку Беларусь робіць даволі сумнае ўражаньне. Людзі апранутыя і абутыя бедна. У паўсядзённым жыцьці — адвечная руская неахайнасьць і бруд. Беларусь перажывае бурлівае нацыянальнае адраджэньне — пад уплывам камуністаў і ў камуністычным духу, але нацыяналістычныя элемэнты мацнейшыя за камуністычныя; ня выключана, што нацыяналізм перарасьце ў камунізм і неяк падладзіць яго пад сябе». Амаль на ваду глядзеў. Але ваду скаламуцілі, усё выйшла ня так. Зусім як з апошнім крокам, які краіна зрабіла зусім не туды, куды паказваў указальнік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG