Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы мэтад дыягностыкі пагрозы інфаркту


Брытанскія мэдыкі правялі першыя ўдалыя выпрабаваньні новага мэтаду сканаваньня сэрца, якое дапаможа своечасова выявіць рызыку інфаркту.

Новы скан можа вызначыць знаходжаньне ў артэрыях, што сілкуюць сэрца, небясьпечных бляшак. Калі тлушчавыя бляшкі разрываюцца, гэта можа ўтварыць тромб, які заблякуе цыркуляцыю крыві.

Навукоўцы з унівэрсытэту Эдынбургу кажуць, што эфэктыўны мэтад дыягностыкі сардэчнага прыступу можа мець «велізарныя наступствы» для пацыентаў.

Толькі ў Брытаніі больш за 100 тысяч чалавек штогод перажываюць сардэчныя прыступы, а сардэчна-сасудзістыя захворваньні зьяўляюцца асноўнай прычынай сьмяротнасьці ў сучасным сьвеце.

Дасьледнікі выкарысталі радыяактыўны маркер, які знаходзіць актыўныя і небясьпечныя сасудзістыя бляшкі. У выніку можна бачыць вельмі дэталёвую карціну сэрца з выразна пазначанымі зонамі небясьпекі.

Такую тэхналёгію ўжо цяпер выкарыстоўваюць для выяўленьня пухлін у анкапацыэнтаў.

Першыя выпрабаваньні новага мэтаду правялі на 40 пацыентах, якія нядаўна перанесьлі інфаркт.

Скан вельмі дакладна паказаў зону тлушчавых бляшак, якія выклікалі сардэчныя прыступы ў 37 зь іх. Вынікі гэтых тэстаў апублікаваныя ў спэцыялізаваным мэдычным выданьні Lancet.

Гэта першы выпадак, калі скан апынуўся здольны вызначыць небясьпечныя зоны сардэчна-сасудзістай сыстэмы, аднак для таго, каб выяўляць іх да інфаркту, а не пасьля яго, трэба правесьці дадатковыя тэставаньні.

«Падазраю што ня ўсе выяўленыя ў сасудах бляшкі выклічуць інфаркт, але гэта можа спатрэбіцца для вызначэньня пацыентаў групы высокай рызыкі, якім патрэбна агрэсіўная тэрапія», — сказаў кардыёляг Марк Двэк.

Такая тэрапія прадугледжвае прыём лекаў для разрэджваньня крыві, зьмены ў стылі жыцьця або нават ўстаўкі ў артэрыі прыладаў, якія б не дапускалі іх закаркаваньня.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG