Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкуль Мясьніковіч узяў лічбу пра 445 тысяч «дармаедаў»?


У той час як беларускія ўлады ганарацца самым нізкім у Эўропе беспрацоўем, пры падрыхтоўцы скандальнага ўказу «пра дармаедаў» яны выкарыстоўваюць зусім іншыя лічбы, на парадак большыя.

Сайт Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі дае зьвесткі пра тое, што ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя на канец верасьня 2013 году ў краіне склаў 0,5% ад эканамічна актыўнага насельніцтва — гэта прыкладна 25 тысяч чалавек.

У той жа час прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч, выказваючыся пра неабходнасьць падатку на тых, хто не працуе, сказаў:

«У Беларусі каля 445 тысяч чалавек працаздольнага насельніцтва нідзе не працуюць. Гэтыя людзі ня робяць ніякага ўнёску ў разьвіцьцё эканомікі і пры гэтым карыстаюцца сацыяльнымі выгодамі. Сытуацыю трэба выпраўляць. Адзін з спосабаў — увядзеньне падатку з тых, хто не працуе».

Прэм’ер-міністар заявіў пра гэта яшчэ ў чэрвені, а 12 лістапада начальнік галоўнага ўпраўленьня фінансаваньня сацыяльнай сфэры і навукі Міністэрства фінансаў Сьвятлана Крэтава на пашыраным пасяджэньні ў Палаце прадстаўнікоў заявіла, што ў адпаведным праекце, які ўжо распрацаваны, прапануецца ўсталяваць штогадовую плату для тых, хто не працуе афіцыйна, у памеры 2,6 мільёна беларускіх рублёў.

Свабода высьвятляла, што значаць лічбы 0,5 працэнта беспрацоўных і 445 тысяч беспрацоўных, якія, меркавана, будуць сплачваць падатак на «дармаедзтва».

Прэс-сакратар Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі Вольга Краўсуць кажа, што гэтыя лічбы адлюстроўваюць розныя велічыні, але адкуль Міхаіл Мясьніковіч мае зьвесткі пра тых, хто афіцыйна не працуе, яна ня ведае.

«Лічба 0,5 працэнта дадзеная нам Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. Яна адлюстроўвае афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных, якія стаяць на ўліку. А лічба, якую агучыў Мясьніковіч, — гэта лічба паводле балянсу працоўных рэсурсаў. Мы складаем балянс працоўных рэсурсаў, і ўжо ў тую лічбу ўваходзяць розныя пласты насельніцтва — напрыклад, хатнія гаспадыні ці тыя, хто працуе за мяжой».

Былы міністар працы Аляксандар Сасноў лічыць схему, паводле якой вылічваецца беспрацоўе ў Беларусі, няслушнай. Ён кажа, што, паводле сакрэтнага дасьледаваньня Белстату, беспрацоўных у Беларусі нашмат больш — прыкладна 8 працэнтаў:

Аляксандар Сасноў
Аляксандар Сасноў
«Улік беспрацоўных у Беларусі вядзецца зусім ня тымі мэтадамі, якія прынятыя ва ўсім сьвеце. Гэта беларускае know how — што беспрацоўнымі лічаць толькі тых, хто прыйшоў у службу занятасьці і стаў на ўлік. А астатнія, хто туды ня ходзіць, але ня мае працы і ня хоча працаваць, беспрацоўнымі ня лічацца. Калі вызначаць беспрацоўных згодна з мэтадамі Міжнароднай арганізацыі працы, дык тады афіцыйная лічба, якую дае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, будзе разоў у 10–15 большай. Справа ў тым, што частка нашых людзей працуе, але нідзе не зарэгістраваная як працуючая. Такія людзі могуць працаваць, напрыклад, у той жа Расеі, прыяжджаць сюды і зьяжджаць зь Беларусі. Іх ніхто нідзе ня ўлічвае. Мясьніковіч, калі казаў пра 445 тысяч, менавіта такіх і меў на ўвазе. Было дасьледаваньне хатніх гаспадарак, якое праводзіў Белстат, у ім, сярод іншага, высьвятляўся ўзровень беспрацоўных у краіне. Вынікі дасьледаваньня засакрэчаныя, але яны ёсьць. Там дзесьці калі 7–8 працэнтаў беспрацоўных ад колькасьці працаздольнага насельніцтва. А Мясьніковіч назваў не беспрацоўных, а тых, хто не працуе афіцыйна ў беларускіх арганізацыях, не зарэгістраваны як працуючы. Таму маем дзьве абсалютна розныя лічбы, якія нельга параўноўваць паміж сабой: 0,5 працэнта — тыя, хто ня мае працы і стаў на ўлік, і 455 тысяч чалавек — якія не працуюць афіцыйна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG