Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьніца старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў Зінаіда Мандроўская патлумачыла, якія катэгорыі грамадзян могуць падпасьці пад катэгорыю дармаедаў, вымушаных плаціць адмысловы падатак.

«Гэта вельмі складанае пытаньне. І таму сёньня казаць дакладна, хто трапіць у катэгорыю асобаў, якіх будзе тычыцца гэты ўказ, рана. Глядзіце самі: у нас ёсьць людзі, якія ператварыліся ў алькаголікаў, нідзе не працуюць і ня плацяць дзяржаве ніякіх падаткаў; ёсьць тыя, хто працуе ў Беларусі і хавае ад улады тое, што яны працуюць; урэшце, ёсьць тыя, хто працуе за мяжой і таксама хавае гэта. Ніхто з гэтых людзей ня плаціць ніякіх падаткаў дзяржаве. Таму гэтае пытаньне вельмі складанае. Трэба вывучыць ня толькі наступствы, але і прычыны, якія вядуць да так званага дармаедзтва. І сёньня падчас сэсіі мы пачулі яшчэ пра адну праблему: ёсьць амаль 1,5 мільёна судовых рашэньняў, якія не выконваюцца. Таму пры вызначэньні асобаў, якія падпадуць пад дзеяньне магчымага прэзыдэнцкага ўказу, да гэтага пытаньня трэба ставіцца вельмі карпатліва і зь вялікай увагай».

Учора пры абмеркаваньні ў камісіях Палаты прадстаўнікоў матэрыялаў, зьвязаных зь бюджэтам краіны на 2014 год, прадстаўніца Міністэрства фінансаў Сьвятлана Крэтава заявіла, што рыхтуецца праект прэзыдэнцкага ўказу, згодна зь якім людзі, якія лічацца непрацуючымі ў Беларусі, павінны будуць сплачваць адмысловы падатак.

«Ва ўрадзе разглядаецца пытаньне пра ўвядзеньне падатку для грамадзянаў, якія ня ўдзельнічаюць у фармаваньні даходнай часткі бюджэту шляхам сплаты падаткаў, паколькі нідзе фармальна не працуюць, але тым ня менш карыстаюцца сацыяльнымі выгодамі, якія фінансуюцца зь бюджэту», — заявіла Крэтава.

Паводле падлікаў прэм’ера Міхаіла Мясьніковіча, у Беларусі налічваецца каля 500 тысяч чалавек, якія нідзе не працуюць, але не становяцца на ўлік па беспрацоўі.

Калі сабраць грошы з кожнага зь іх, бюджэт атрымае дадатковыя 140 мільёнаў даляраў.

Аляксандар Сасноў: «Не магу камэнтаваць розныя маразмы»


Аляксандар Сасноў

Аляксандар Сасноў

«Не магу камэнтаваць розныя маразмы. Паралелі з савецкімі часамі ёсьць, бо беларускі рэжым мала чым адрозьніваецца ад савецкага. Толькі час ужо іншы, і таму яны шукаюць іншых захадаў. Людзі знойдуць выхад у такой сытуацыі. Дзяржава ад такіх захадаў нічога добрага не атрымае», — кажа Аляксандар Сасноў, былы міністар працы.

«Самае галоўнае, што чалавек можа працаваць на сябе, а не на дзяржаву. Гэта дзяржава яго лічыць гультаём. На самой справе ён не гультай. Ён працавіты чалавек. Толькі ён ня хоча працаваць на дзяржаву, бо дзяржава не адпавядае ягоным патрабаваньням».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG