Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністратыўныя справы за зьяўленьне ў нецьвярозым выглядзе ў грамадзкіх месцах і на месцы працы, а таксама за дробнае хуліганства больш ня будуць разглядацца ў беларускіх судах.

Такая мера закладзеная ў зьмяненьнях і дапаўненьнях у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэньнях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэньнях, якія сёньня ў першым чытаньні прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Старшыня Вярхоўнага суду Беларусі Валянцін Сукала патлумачыў зьмяненьне так:

«Зараз беларускія суды разглядаюць у год каля 400 тысяч адміністратыўных спраў. 70 працэнтаў ад гэтай колькасьці складаюць справы па трох пунктах — зьяўленьне ў нецьвярозым выглядзе ў грамадзкіх месцах і на месцы працы, а таксама дробнае хуліганства. І пераважнае пакараньне за гэтыя парушэньні адно — грашовы штраф».

Таму прапануецца перадаць гэтыя справы з судоў на супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў. Яны будуць мець права накладаць за гэтыя тры віды парушэньняў выключна грашовы штраф. Калі чалавек палічыць сябе неапраўдана пакараным, ён будзе мець права зьвярнуцца ў суд. У суд можа зьвярнуцца таксама і супрацоўнік Міністэрства ўнутраных спраў, калі ён палічыць, што грашовы штраф — недастатковае пакараньне.

Валянцін Сукала
, адказваючы на пытаньні дэпутатаў, сказаў, што зараз у краіне знаходзяцца 920 тысяч нядобрасумленных даўжнікоў, якія не выконваюць судовае рашэньне пра выплату штрафу.

Зьмяненьні ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэньнях прадугледжваюць таксама больш жорсткія захады да тых, хто не выконвае судовае рашэньне, у тым ліку адміністрацыйны арышт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG