Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бард Свабоды з Магілёва выдаў кнігу пра сваё інтымнае жыцьцё


Васіль Аўраменка
Васіль Аўраменка

Магілёўскі публіцыст, музыка, удзельнік праекту «Радыё Свабода» «Барды Свабоды», Васіль Аўраменка выдаў кнігу пра сваё інтымнае жыцьцё. Аўтар невялікай кніжыцы «Нябачнае і Ява» называе яе фрагмэнтамі інтымнай аўтабіяграфіі.

Васіль Аўраменка зазначае, што ён наважыўся публічна сказаць пра тое, пра што ня часта гаворыцца ў беларускай літаратуры. На старонках кнігі аўтар, які працуе мэдыкам, разьбіраецца ў самім сабе:

«Гаварыць пра інтымны бок уласнага жыцьця ў беларускай літаратуры, ня ведаю чаму, неяк не прынята. Гэтую тэму літаратары абыходзяць. Нехта паспрабаваў надрукаваць інтымны дзёньнік Максіма Багдановіча і з гэтага такі вэрхал зрабілі. І я вырашыў, што пара гэтую нішу неяк запаўняць — нармальнай літаратурай, не парнаграфічнай вядома ж. Інтымнай! Атрымалася такая кніжка «Нябачнае і ява» з падзагалоўкам — фрагмэнты інтымнай аўтабіяграфіі. Яна пра сэкс, каханьне і любоў у аўтарскім жыцьці»,— кажа пра кнігу Васіль Аўраменка.

Паводле аўтара першапачаткова ён зьбіраўся напісаць сцэнар для вечарыны, прысьвечанай яму асабіста, але атрымалася кніга. Калі пісаў тэксты да яе, згадваліся фрагмэнты, якія, здавалася, даўно забытыя. Васіль Аўраменка кажа, што ягонае інтымнае жыцьцё ў кніжцы асьветлена даволі глыбока — настолькі, наколькі яму дазваляе ягоная шчырасьць.



Ці адбілася ў афармленьні думак тое, што аўтар мэдык?

«Мая жонка кажа, што адбітак лекарскай прафэсіі ў кніжцы ёсьць. У асобных словах, нават думках. Я стараўся гэтага пазьбягаць, каб не атрымалася мэдычная кніжка, але, відаць, ня ўсё вычысьціў. Жонка наагул казала, што гэта не патрэбна нікому і нікому гэта нават ня трэба паказваць. Ну, а калі зьявілася кніжка, то сказала, што няхай чытаюць. Там дарэчы жонка прысутнічае толькі ў адным невялікім эпізодзе. Але яна была як той Мэфістофэль. Правакавала да выказваньне думак. Яна не забараняла — была суаўтаркай».

Васіль Аўраменка — лекар-нэўроляг. У шлюбе ён больш за трыццаць гадоў. У яго дарослы сын і два ўнукі. Пра сябе ён кажа што паходжаньнем ён паляшук, нацыянальнасьцю аптыміст, а веравызнаньнем — беларус.

Кніга напісана па-беларуску клясычным правапісам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG