Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цімашэнка: Януковіч забівае эўрапейскую надзею Ўкраіны


Зьняволеная былая прэм’ер міністар Украіны Юлія Цімашэнка абвінаваціла прэзыдэнта Віктара Януковіча ў нанясеньні сьмяротнага ўдару па надзеі краіны падпісаць дамову аб асацыяцыі з Эўразьвязам.

Юлія Цімашэнка зрабіла гэтую праз сваю дачку, Яўгенію, пасьля таго, як сьледчыя дапыталі яе адваката, Сяргея Ўласенку, у сувязі з падазрэньнем, што ён рэгулярна зьбіваў сваю былую жонку.

Уласенка назваў гэтыя абвінавачваньні абсурднымі, дадаючы, што яны накіраваныя на пазбаўленьне Цімашэнкі кампэтэнтнай абароны.

У заяве, адчытанай сёньня яе дачкою, Юлія Цімашэнка адзначыла:

«Віктар Януковіч апошнімі тыднямі ўжо насьмерць нагамі забівае дамову аб асацыяцыі. Узбуджэньне абсурдных крымінальных справаў супраць майго абаронцы Сяргея Ўласенкі было зроблена наўмысна і з халоднай крывёю, як апошні ўдар ў сэрца ўкраінскіх спадзяваньняў на падпісаньне дамовы. Януковіч хоча пераканаць эўрапейскіх лідэраў, што іх намаганьні, каб абараніць Украіну ад дыктатуры — марныя, і што яны мусяць паддацца і адступіць».

Украіна спадзяецца падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам на саміце ў Вільні 28-29 лістапада. Але Эўразьвяз хоча, каб Януковіч вырашыў пытаньне вызваленьня Юліі Цімашэнкі з турмы, перш чым пагадненьне будзе падпісанае.

Цімашэнка ў сваёй заяве таксама заклікала супрацьставіцца таму, каб «закулісныя змовы» зьнішчылі эўрапейскія памкненьні Ўкраіны:

«Я заклікаю ўсіх лідэраў Эўразьвязу, украінскую грамадзянскую супольнасьць і апазыцыю неадкладна дзейнічаць і дабівацца падпісаньня пагадненьня пры любых абставінах. Нельга дапусьціць, каб закулісныя змовы і асабістыя фобіі Януковіча канчаткова зьнішчылі эўрапейскі шлях Украіны. Я зьвяртаюся да ўсіх, хто мае ўплыў на хаду гэтых гістарычных падзей, з просьбай абараніць 46 мільёнаў украінцаў ад спаўзаньня ў ценявую зону беззаконьня і беспакаранасьці дыктатуры».

Парлямэнт Украіны, як чакаецца, заўтра мае абмеркаваць праект закону, які дазволіў бы Цімашэнцы паехаць у Нямеччыну на лячэньне.

Партыя рэгіёнаў Януковіча і апазіцыя, аднак, ня здолелі ўзгодніць канчатковай вэрсіі закону.

Два спэцыяльныя пасланьнікі Эўрапарлямэнту, былы прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі і былы прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Пэт Кокс павінны прадставіць у Брусэлі даклад аб тым, ці Украіна дабілася прагрэсу ў вырашэньні пытаньня Цімашэнкі на гэтым тыдні. А 18 лістапада міністры замежных спраў Эўразьвязу маюць вырашыць, ці Украіна гатовая падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі на саміце Эўразьвязу ў Вільні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG