Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менскі раён, дзе за газ плацяць мільёны


Шалман. У колішні крымінальны раён неўзабаве прыйдзе мэтро

Шалман. У колішні крымінальны раён неўзабаве прыйдзе мэтро

Адзін мой менскі таварыш пра гэты раён расказваў як пра сапраўднае крымінальнае пекла. Маўляў, за савецкім часам туды падлетку і ўдзень заходзіць было небясьпечна. А ўвечары можна было зусім не вярнуцца. Раён гэты называўся Шалманам. Гэтае расейскае слова азначае нізкапробны шынок, прытон. Шалман, велізарная паваенная фавэла, некалі цягнуўся ад вуліцы Валадзько на захад, да стадыёна «Лякаматыў» і далей. Цяпер ад той фавэлы засталося некалькі вуліц, але і тыя ўжо зносяць мэтрабудаўнікі. Пляцоўка пад будучую станцыю «Кавальская слабада» ўжо амаль гатовая.

Двухпавярховы дом, абшыты белым сайдынгам, сёньня мала нагадвае ўстанову культуры.

Але ж гэта быў некалі культурны цэнтар раёну. Кінатэатар «Ударнік». Толькі масіўныя драўляныя дзьверы напамінаюць пра часы былыя.

Недалёка ад кінатэатру амаль вясковая крама. Дзе, як за часамі таварыша Сталіна, усе тавары — з таго боку прылаўка. І без прадавачкі нічога ня возьмеш. Уся рэкляма беларускамоўная, з пачатку 90-х гадоў. Уздоўж вуліцы Жукоўскага, насупраць будучай будпляцоўкі, цягнуцца двухпавярховыя, з шэрай цэглы, капітальныя дамы. Ужо адселеныя, з чорнымі вачніцамі закалочаных вокнаў.

Выдатная дэкарацыя для здымак кінатрылера. Маладзён, што выходзіў з крамы, аказаўся карэнным жыхаром раёну. Ён кіроўца аўтобуса. Пасьля абвалу 2011-га году водзіць аўтобусы ў Пецярбургу. Жыве паміж дзьвюма краінамі.

— Раён у нас, дзе двухпавярховікі зносяць, лічыўся крымінальны. Цяпер пазносілі, кватэры панадавалі, крыху разьехаліся.

— А чаму крымінальны? Тут сяліліся людзі з зон?

— Так. У двухпавярховіках — так. Я ведаю сядзельцаў чалавек 8. Раён быў небясьпечны. Я тут вырас. Я не баюся тут і ноччу хадзіць. Раней тут і ўчастковыя баяліся хадзіць. У 90-я і міліцыя не заяжджала.

— А назва «Шалман» — пра гэты раён?

— Так. Ён быў яшчэ больш крымінальны ў свае гады.

— Якія хадзілі гісторыі? Забілі каго?

— Так. Шмат забойстваў было. І зь сякерай у сьпіне знаходзілі. У Шалмане. Пасьля зрабілі аўтарынак на «Лякаматыве», у 90-я. Садралі ўсё цалкам. Усё вытаптана было. Спакою раёну гэта не дадало.

Мы стаялі надвячоркам на вуліцы, дзе машын было болей, чым людзей. Цікава было паслухаць сацыяльны аналіз шалманаўскага кіроўцы.
Сядзельцы і цяпер ёсьць, але яны ўжо старыя. Маладыя — гэта гапата з навушнікамі. Цяпер такіх няма.

— Сядзельцы і цяпер ёсьць, але яны ўжо старыя. Маладыя — гэта гапата з навушнікамі. Цяпер такіх няма.

— Такіх калярытных хуліганаў?

— Няма. Няма. Па Шалмане ноччу ходзіш спакойна. Самы спакойны раён стаў.

— А чаму такія хуліганы былі раней страшныя, а цяпер, каб нарвацца на гісторыю, трэба самому папрацаваць?

— Кампутараў не было раней.

— Народ культурна расьце?

— Справа не ў культурнасьці. Народ на вуліцу выходзіць радзей. Раней прыйшоў дахаты, кінуў торбы і пайшоў на вуліцу. А там дзьвіжуха. Недзе крымінальная, недзе не крымінальная, проста балаўство. А цяпер людзі дома проста зашываюцца. З вуліц народ сыходзіць.

Тую частку дамоў, што прымыкае да вуліцы Аэрадромнай, трушчобамі ніяк не абзавеш. Гэта, хутчэй, цагляныя катэджы. Будавалі іх нямецкія палонныя. А жылі ў іх работнікі аэрапорту. Лётчыкі, інжынэры, тэхнікі. Уладзімер Ліхадзед, падцягнуты спадар гадоў 50, з акуратнай бародкай і вусамі, быў штурманам цывільнай авіяцыі. Сёньня ў гэта цяжка паверыць, але ў 60-я і 70-я гады са сталіцы можна было паляцець ледзь не ў любы райцэнтар Беларусі. Самалёты былі нечым накшталт сёньняшніх аўтобусаў. Зрэшты, была тады і паветраная хуткая дапамога.

— Практычна ўсе лёталі ў санітарнай авіяцыі. Тады ж людзей ратавалі як? Трактарыст недзе ў Любані загібаўся. Мы ляталі ў любое надвор’е, забіралі яго і ратавалі. І няважна, хто ён быў. Ці сакратар райкаму, ці яшчэ хто. Няважна. Яго забіралі сюды. І як зручна разьмешчаны аэрадром! Побач з бальніцай хуткай дапамогі.

А вось ці былі ў Савецкім Саюзе тэракты, накшталт таго, што здарыўся ў Нью-Ёрку ў 2001-м? Уладзімер апавёў пра адзін выпадак, які здарыўся ў Новасыбірску.

— Пілёт «АН-2». Яму настолькі абрыдла цешча, што ён зь ёю вырашыў разабрацца цаной свайго жыцьця. Там шосты ці восьмы паверх дома быў. І ён доўга разьлічваў, гэты пілёт, каб трапіць у вакно. І ён месяцы два толькі плянаваў. На «АН-2» хуткасьць можна трымаць 140 кілямэтраў. Але ж гэта самалёт. І вось прафэсіянал умалаціў у гэты дом. Узьляцеў, разьлічыў. І калі быў ужо каля дома і быў упэўнены, што пацэліць, у апошні момант, напэўна, нэрвы здалі. Калі павялічыць працу рухавіка, ты не пасьпееш зрэагаваць рулём, каб пацэліць дакладна ў вакно. Цешча засталася жывая. Ён трапіў на іншы паверх. Але Бог мілаваў. Ніхто не загінуў. Акрамя яго. Гэты выпадак быў засакрэчаны. Але ўсе нашы хлопцы, калі сядзелі за сталом, у коле сям’і, зь цешчамі, усе расказвалі гэты выпадак. Каб крыху павагі выклікаць да свайго зяця.

Міжволі ўзьнікае пытаньне — калі прафэсіянал ня змог дакладна пацэліць на «АН-2», куды хацеў, дык што за «аматары» сядзелі за штурваламі тых «Боінгаў»?

У сьветлую будучыню беларускай авіяцыі Ўладзімер ня верыць.

— Ніколі. У нас няма разьвіцьця прыватнай авіяцыі. У той жа Ўкраіне ёсьць усе законы, якія дазваляюць разьвівацца малой авіяцыі. А безь яе авіяцыі ня будзе. Цяпер хто лятае — ужо палова не беларусы за штурвалам. Базы няма. Усё страчана.

Але сюжэт, падобны да трылера, я ўсё ж знайшоў. Інтэлігентная пэнсіянэрка Ірына, што гуляла з унучкай, падзялілася са мной навіной, якая павінна даўно ўжо стаяць на ўсіх галоўных навінавых рэсурсах. Але чамусьці не стаіць.

— Газавае ацяпленьне ў нас падаражэла на 900 працэнтаў. У дзесяць разоў.

— Як такое можа быць?

— Была пастанова, што тыя, хто ня мае газавых лічыльнікаў, будуць плаціць у трохкротным памеры. Гэта значыць: плацілі 2000 за мэтар — будзем плаціць 6000. А калі прыйшлі жыроўкі і ў дзесяць разоў гэта паднялі… У нас сума жыроўкі — 2 мільёны 800. Адно ацяпленьне ў нас каштуе мільён 200.

— Як у Нарвэгіі.

— Так. Толькі заробкі ў нас не як у Нарвэгіі. І асабліва пэнсіі.

— Вы аплацілі гэты рахунак?

— А куды мне падзецца? Тыя, хто не аплаціў, ім будуць налічаць пені. Калі гэта не перагледзяць, мы будзем плаціць па 17 тысяч за квадратны мэтар. Зараз пан прэзыдэнт абвясьціў, што не дазволіць абіраць народ. Аж на сорак працэнтаў паднялі камуналку! А калі на 900 працэнтаў? Можа, ён пра гэта ня ведае?

Аказваецца, гэтыя дамы ацяпляюцца і зімой, і летам. Інакш разваляцца ад сырасьці. Газавыя лічыльнікі ўлады рэкамэндавалі жыхарам ня ставіць, бо згодна з плянамі будынкі ідуць пад знос. Цану газу вылічвалі паводле сярэдняга кошту. І вось гэты сярэдні кошт у адзін момант ператварыўся ў астранамічную суму. Паслухаем іншую жыхарку раёну, спадарыню Галіну. Якая не зьбіраецца здавацца проста так.

— Я прапаную зьвярнуцца ў гаспадарчы суд. Хай нам прадставяць — адкуль такія тарыфы? Адкуль ногі растуць? Дзе абгрунтаваньні, што адным у 20 разоў падаражэла, а другім крыху? Мы разумеем, што крэдыты трэба выплачваць. Кагосьці трэба абадраць. А як? Кватэрная плата, хлеб, соль, малако. Вось і зьбяром.

Галіне ўяўляецца, што ўсё гэта робіцца паводле пэўнага сцэнару.
Такую паперку паслаць Пуціну. Паказаць, што ў маёй кватэры за ліпень было 50 тысяч за газ, а за жнівень — ужо мільён дзьвесьце… Спытаць, а за колькі вы, прабачце, Луку прадаяце?

— Што мне здаецца… Прэзыдэнта вы слухалі? Ён сказаў — як гэта можна так падымаць? Зараз апусьціць, каб усе выдыхнулі — які цудоўны Лукашэнка!

— Напалохаць такім працэнтам.

— Так. Пасьля зрабіць меней. І мы будзем шчасьлівыя ад і да.

— Што паднялася не ў 10, а ў 5 разоў.

— Не ў 20, а ў 10. Такую паперку паслаць Пуціну. Паказаць, што ў маёй кватэры за ліпень было 50 тысяч за газ, а за жнівень — ужо мільён дзьвесьце. За жнівень. Дзе цёплыя дні, дзе кацёл не на поўную магутнасьць грэецца. Спытаць, а за колькі вы, прабачце, Луку прадаяце? Я зрабіла ксэракопі гэтых квітанцыяў. Так цікава глядзіцца…

Калі казаць проста, улады з такімі квітанцыямі палезьлі да людзей у халадзільнік. Бо пасьля аплаты такіх рахункаў на ежу можа нічога і не застацца. Сёньня чыноўнікі адпісваюцца, што, цытую — «зь Мінгазам дасягнута вусная дамоўленасьць, што ўсталяваньне газавых лічыльнікаў будзе адбывацца без пастаноўкі ў чаргу». У перакладзе на нармальную мову гэта азначае, што людзям прыйдзецца плаціць мільёны рублёў. Альбо да тае пары, пакуль ім паставяць лічыльнікі — ад чаго сума крыху зьменшыцца. Альбо да тае пары, пакуль іх зьнясуць — што можа расьцягнуцца на гады.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG