Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Астраўцоў пра мост Вітаўта, муміі лётчыкаў і імпічмэнт


Аўтар на фоне вежы, у якой цяпер рэстарацыя

Аўтар на фоне вежы, у якой цяпер рэстарацыя

Недаравальна жыць побач з краінай і не бываць у ёй. Пагатоў калі новыя ўражаньні – твой хлеб.

І вось я ў ковенскім гатэліку ў Старым горадзе. Направа скрозь браму відаць Ратушную плошчу, наперад па прыступках – набярэжная Нямунаса з мостам Вітаўтаса Вялікага. (Мост пабудаваны ў 1948-м, на год раней, чым гарадзенскі цераз Нёман). Побач зь ім на беразе гатычны цагляны касьцёл, у Коўне яго захілілі мостам, у Горадні – «пасадзілі» б на яго, каб зруйнаваць. У гэтым мы і адрозьніваемся ад іх да сёньняшняга дня. Дарэчы, наш мост быў прысьвечаны «10-годзьдзю ўзьяднаньня беларускага народу», але назву і даты пасьля нядаўняга рамонту зьнішчылі. Цяпер ён ніяк не называецца.

У гатэліка ангельская назва і памяркоўныя кошты. Напэўна таму не сьпяшаюцца дахаты два пажылыя ангельцы з сабакам: плямістым, з доўгімі вушамі. «You are welcome» з рэцыдывамі закрытасьці: вас папярэджваюць, што ў музэях збольшага ўсе зьвесткі толькі па-літоўску. Іншамоўных шыльдаў у горадзе няма. Праўда, мноства буклетаў на літоўскай і ангельскай. Хоць гэта. Уяўляю, як іншым цяжкавата. Мне што, я аднаўляю пакрысе ў памяці недавучаную ў школе літоўскую.
Шыльда кнігарні

Шыльда кнігарні


У школе нас вазілі ў Коўна «за царом Гарохам», дакладней першым сакратаром ЦК быў тады драўгас Сьнечкус. У савецкіх аўтобусах сьмярдзела бэнзынам, мне рабілася моташна, я іх ненавідзеў. Дрэнны ўспамін: мяне званітавала. Файны ўспамін: «рыцары» ў музэі, якіх бачыў упершыню, мячы, арбалеты, шчыты з гербамі. Праўда, на чаравікі давялося надзяваць пантофлі з тканіны, якія дрэнна трымаліся. І на ўсё жыцьцё запомніліся бронзавыя львы. Аднак мне здавалася, што ляжалі на музэйным ганку, цяпер гляджу – на доле.
Музэйныя львы, якіх я бачыў яшчэ школьнікам

Музэйныя львы, якіх я бачыў яшчэ школьнікам


Не, ясна, што Сталін не даваў адмашкі мосту даваць імя Вітаўта, але ці доўга назваць, калі з правадырамі пакончана? Замест вялікага князя ў горадзе Ленін стаяў, здаецца. А хто б яшчэ?! Помнік Вітаўту паставілі ў 1930-м. Давялося саступіць месца Ільлічу. Потым літоўцы вярнулі нашага князя гарадзенскага на п’едэстал. А ўсіх Ленінаў адправілі на пэнсію. Між іншым, за сьпінай Вітаўта іхняга адрас: вуліца Льва Сапегі, 1. (Гарадзенскі Вітаўт, драўляны, падораны Літоўскім фондам культуры, стаіць ля моста ў Вітаўтавы Стары замак).
Помнік Вітаўту Вялікаму

Помнік Вітаўту Вялікаму


Тут жа і самалёцік – зьменшаны двух лётчыкаў-герояў, амэрыканскіх літоўцаў. Яны ляцелі зь Нью-Ёрку ў Коўна, гучная слава іх чакала. Калі ўжо можна было разьлічваць на аркестар і кветкі, яны раптам загінулі. Нас вучылі, што немцы зьбілі. Самалёт называўся прыгожа – «Літуаніка». Абодва лётчыкі – Дарус і Гірэнас трапілі на купюру дзесяць літаў. Цяпер кажуць: ноч, дрэннае надвор’е, памылка пілётаў. Нечувана, але абодвух забальзамавалі, зрабілі ў Коўне авіямаўзалей. Калі Чырвоная армія вярнулася ў 1944-м, патрыёты схавалі муміі на мэдычным факультэце альма матэр, маўляў: экспанаты. (Але ўрэшце лётчыкаў пахавалі на могілках). Сёлета, у васьмідзесятыя ўгодкі здарэньня, літоўскім Соймам быў абвешчаны «год пералёту цераз Атлянтычны акіян» двума героямі.
Вулічная мадэль «Літуанікі»

Вулічная мадэль «Літуанікі»


Як жа шкадаваў, напэўна, іхні «нашчадак» Раландас Паксас, прэзыдэнт на год, лётчык-спартовец. Нагадваючы землякам пра Даруса і Гірэнаса, дзесь напярэдадні выбараў сьмела праляцеў пад мостам у Вільні. Адзіны ў Эўропе, Паксас сышоў па імпічмэнту (сувязі з бізнэсоўцам расейскага паходжаньня!). Грыбаўскайтэ, той не перашкодзіў нават бацька Палікарп, які служыў у НКВД, хоць літоўская прэса часам любіць аб гэтым успомніць.

Але вернемся да нашых бараноў, дакладней – да буйнакапытных. Калі сутыкаесься з ковенскім чырвоным сьцягам, першая думка: ці не такі кожны дзень у вакне бачу? Над абласной уладай нашай чырвоны сьцяг з зубрам, які ў залатой кароне. Зубр быў і ў Коўне, але цяпер – буйны тур зь вялікімі рогамі, паміж імі – залаты крыж. Даволі грувастка выглядае. Дый потым: тур – зьвер даволі магутны, але мёртвы.
Гатычны касьцёлік у падворку

Гатычны касьцёлік у падворку


А народу ў Горадні, скажу я вам, амаль столькі ж, як ковенскага. Але там толькі 4–хзоркавых гатэляў адзінаццаць, а Горадня ў гэтым сэнсе – аблог. Не кажу пра 89 кавярняў і рэстаранаў у літоўскім горадзе, шыльды на кожным кроку. Кажуць, Літва стогне: процьма народу ўцякла на заробкі. Ня ведаю-ня ведаю, на вуліцах людзей хапае, кавярні поўныя, асабліва ўвечары. Ну, а заводы, а заводы выглядаюць часта занядбана. Штосьці пры СССР скручвалі, штось выраблялі, але ляснулі за кампанію з плянавай эканомікай. Раз трапіліся на вочы за плотам заводзкім (праяжджалі міма) бочкі для квасу – новыя, жоўтыя з надпісам па-літоўску – «Гіра».

А якія кавярні ў Коўне з кніжкамі! Цэлыя кнігазборы часам. У гэтым падабенства зь Беластокам і Варшавай. У Горадні такой ніводнай. Праўда, у адной ковенскай кніжкі ў рукі ня возьмеш: бязьлітасна прыбітыя на вуліцы да сьцяны. У разгорнутым выглядзе.

Нечаканае ўражаньне: бляндынкі! Раней не было такога, дальбог, я памятаю… Па тэлевізары конкурс фальклёрных гуртоў, за сталамі гледачы – сямейныя пары. На жаль, кабеты «на троечку». Напраўду, быццам зямля літоўская так замаркоцілася ад «савецкай акупацыі», што зрабіла жанчын няпекнымі. Цяпер, наадварот, нібыта свабода нарадзіла прыгажосьць. Бляндынкі, зусім юныя, мініятурныя, як лялькі, часам здаецца, што на кожным кроку. Хачу тут рэабілітаваць беларусак: кароткі час пад знакам рыцара такіх жа мініятурных бляндынак даў і нам. Але яны ў вайсковай форме! Сяржанткі, прапаршчыцы. На мяжу ў Прывалцы прапускае зьмена, іх тры – як фотамадэлі. Далей сустракае наступная, яшчэ прыгажэйшая. Але яны на службе. А ковенскія бляндынкі – не.
Вуліца зусім як у Горадні

Вуліца зусім як у Горадні


Уражаньне ад літоўскіх абшараў: наўсьцяж зямля адпачывае. Але ад чаго? Ад «акупацыі калгасамі»? Ці добра гэта для яе ці не зусім? Ці трэба ёй нічога не рабіць? Рытарычныя бадай пытаньні. Але зямля лайдачыць. Або дрэмле, у снах савецкія людзі выціскаюць сокі зь яе, матлашаць, безупынна трактары з плугамі калясяць, хіміяй труцяць зямельку-небараку.

Пытаньне без адказу: адкуль хлеб тады жытні, па-ранейшаму выдатнай якасьці і смаку? Мы ўжо амаль ня памятаем: у беларускай вёсцы яго таксама пяклі, каб доўга захоўваўся. Хлебам сваім частуе Літва «блізкае і далёкае замежжа». У балгарскай крамцы мінулым летам натрапіў на «дуону» іхнюю, хлеб.

Ляжыць сабе зямелька, рукі заклаўшы за галаву. Запас бяды ня чыніць. Толькі раз трапілася ля дарогі шыльда: «Прадаецца». Але ніхто не купляе. Здаволіліся. Колькі яе трэба, зямлі? Паехалі ў Канаду і Аўстралію на заробкі. Гарадзенскай зямлі, беларускай, перакураў не дазваляюць.

Замест даведкі


Ад Горадні да Коўна 160 кілямэтраў. Месяц таму зь беларускага боку адкрыты новы, зьмяшчальны памежны пераезд «Прывалка». Цяпер галаўным болем для кіроўцаў і пасажыраў стаў літоўскі «Райгард» – на ўезд у Літву па-ранейшаму толькі два пасы. Для легкавікоў і аўтобусаў адзін, другі – для фураў. Таму – заторы. Зь Менску лепей ехаць праз «Каменны Лог»-«Мядзінінкай».

Коўна – даваенная сталіца Літвы, Стары горад ня меншы, чым у Вільні: сотні дамоў, беларускае сэрца ў захапленьні. Усьведамляеш міжволі: каб там гаспадарылі савецкія чыноўнікі з БССР, палова Коўна была б зруйнаваная. (Пакуль быў у выходныя ў суседняй Літве, у Горадні зруйнавалі чарговы дом – на вуліцы Віленскай: першы паверх з цэглы, другі – драўляны).

Калі пашукаць гатэль у Коўне празь інтэрнэт, можна пасяліцца ўдвох у «трох зорках» нават за 35-45 эўра за ноч. І мець пры гэтым сьняданак. Зразумела, што на Ратушнай плошчы рэстарацыі даражэйшыя і далей – на пешаходнай вуліцы Віленскай, але варта толькі збочыць і цэны падаюць. Адна страва можа каштаваць ня больш за чатыры-пяць эўра. Ёсьць папулярныя ў ковенцаў закусачныя, дзе яшчэ таньней. Існуюць «суп-хаўсы», дзе таксама зусім нядорага і наедна.

У Коўне захавалася Ратуша, адноўлена напаўразбураная вежа замка, ёсьць пабудовы ў стылю позьняй готыкі.
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

XS
SM
MD
LG