Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктарка «Белсату»: Міністэрства сувязі заблыталася


Агнешка Рамашэўска-Гузы

Агнешка Рамашэўска-Гузы

Высьвятляюцца новыя падрабязнасьці ў гучным працэсе пра гандлёвы знак «Белсат».

Беларускі бізнэсмэн Андрэй Белякоў падаў у суд на тэлекампанію «Белсат», патрабуючы пазбавіць яе магчымасьці вяшчаць на тэрыторыі Беларусі. Белякоў валодае гандлёвым знакам «Белсат» і сьцьвярджае, што дзейнасьць незалежнага тэлебачаньня наносіць яму шкоду. Аднак стала вядома, што Белякоў атрымаў гандлёвы знак бясплатна ад іншай фірмы якраз у той момант, калі пачаў стварацца тэлеканал «Белсат», і ўжо некалькі гадоў не пагаджаецца з прапановамі адмовіцца ад гандлёвага знаку.

Андрэй Белякоў, дырэктар фірмы «Белсатплюс», якая займаецца продажам і ўсталяваньнем спадарожнікавых антэн, заяўляе, што ягоны пазоў да «Белсата» — усяго толькі крок у адказ, і сам называе гэты працэс «дзіўным і зацяжным». Маўляў, Польскае тэлебачаньне, да якога афіцыйна адносіцца беларускамоўны тэлеканал, ужо судзілася зь ім, спрабуючы адабраць у яго гандлёвы знак. І цяпер ён проста абараняе сябе.

Аднак пазыцыя Андрэя Белякова можа выглядаць не настолькі празрыстай. Так, прэс-сакратар Польскага тэлебачаньня заявіў, што кампанія не падавала ў беларускі суд пазоў да спадара Белякова, а толькі зьвярталася з прэтэнзіяй. Больш дэталёва пра гісторыю стасункаў тэлеканалу «Белсат» з Андрэем Беляковым расказвае Агнешка Рамашэўска-Гузы, дырэктарка тэлеканалу «Белсат»:

Агнешка Рамашэўска-Гузы

Агнешка Рамашэўска-Гузы

«У гэтым працэсе мы будзем даводзіць, што мы не парушаем ягоных правоў. Па-першае, таму, што тэлеканал зарэгістраваны ў Польшчы і беларускі суд ня можа прысудзіць яму памяняць гандлёвы знак.

Але ёсьць і другі момант: спадар Белякоў зарэгістраваў свой гандлёвы знак у катэгорыі „тэлевізійная прадукцыя і вяшчаньне“, але ён не вырабляе праграмаў і не ажыцьцяўляе вяшчаньня. Мы яшчэ раней гэта даводзілі, але, на жаль, беларускі суд згадзіўся з пазыцыяй спадара Белякова ў тым, што мы ня можам быць упаўнаважаным бокам у судзе, бо ня маем бізнэсовай зацікаўленасьці ў Беларусі.

Такім чынам, спадар Белякоў абсалютна без патрэбы блякуе ўжываньне гандлёвага знаку ў сфэры вытворчасьці тэлепраграмаў і вяшчаньня. Але мы яму на гэта ня можам указаць, бо папярэдні суд не дазваляў нам гэта зрабіць.

На гэты раз суд нас дапусьціў, і аказваецца, што мы ўжо маем інтарэс і дзейнічаем у Беларусі».

Дырэктарка «Белсата» заўважае, што справа супраць тэлеканалу поўніцца дзіўнымі акалічнасьцямі:

«Фактам ёсьць тое, што спадар Белякоў папросту бязвыплатна атрымаў гэты гандлёвы знак у 2006 годзе. Дакладна ў той час, калі мы ўжо стваралі тэлеканал „Белсат“ і ўжо была размова пра тое, як ён будзе называцца. Белякоў зарэгістраваў свой гандлёвы знак у судзе якраз у 2006 годзе, а да таго гандлёвы знак належаў іншай фірме. Спадар Белякоў цяпер гэта аспрэчвае, але я гэта бачыла ў судовых паперах.
Фактам ёсьць тое, што спадар Белякоў папросту бязвыплатна атрымаў гэты гандлёвы знак у 2006 годзе. Дакладна ў той час, калі мы ўжо стваралі тэлеканал „Белсат“ і ўжо была размова пра тое, як ён будзе называцца.

Спадар Белякоў надзвычай лёгка атрымлівае неабходныя яму дакумэнты ад Міністэрства сувязі і інфарматызацыі РБ. Ранейшы суд не дапусьціў нас да разгляду справы як упаўнаважаны бок, бо спадар Белякоў атрымаў ад міністэрства паперу, у якой паведамлялася, што ў тэлеканалу „Белсат“ няма аніякіх камэрцыйных інтарэсаў у Беларусі і ён не ажыцьцяўляе тут дзейнасьці, і таму мы ня мусім забясьпечваць тут ахову нашага гандлёвага знаку.

А зараз на падставе іншага дакумэнту ад таго ж Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Белякоў даводзіць, што тэлеканал „Белсат“ усё ж вяшчае на Беларусі, то бок ажыцьцяўляе дзейнасьць, і таму парушае ягоныя правы.

Такім чынам, два лісты ад аднаго і таго ж Міністэрства: у адным яны сьцьвярджаюць, што мы ня дзейнічаем на тэрыторыі Беларусі, а ў другім — што дзейнічаем».

Дырэктарка «Белсату» кажа, што яшчэ ў 2011 годзе, калі тэлеканал распачаў працэс прызнаньня свайго міжнароднага знаку на тэрыторыі Беларусі, яны зьвярталіся да Андрэя Белякова. «Мы зьвярнуліся да яго, каб ягоныя правы ў тых сфэрах, якія нас цікавяць, былі датэрмінова спыненыя. І ў 2011-м адбыліся слуханьні па замірэньні, дзе яму было прапанавана перадаць гэты гандлёвы знак выплатна ці бязвыплатна на нашую карысьць у тых канкрэтных галінах, якія нас цікавяць. І ён адмовіўся. Справа пайшла далей.

У 2012 годзе суд адхіліў наш пазоў на той падставе, што мы не зьяўляемся ўпаўнаважаным бокам, бо ня маем камэрцыйных інтарэсаў у Беларусі. І вось цяпер маем пазоў ад спадара Белякова».

«А цяпер да таго ж аказваецца, што мы яго страшна прыціскаем і праз нас ён нясе нейкую вялізную шкоду. Для мяне гэта неверагодна, — кажа Агнэшка Рамашэўская-Гузы.

На пытаньне, ці пагадзіўся б тэлеканал выплаціць Андрэю Белякову грошы за гандлёвы знак, дырэктарка Белсата пакуль адказваць адмаўляецца. «Нават не ўяўляю сабе. Магчымасьці нашай фірмы не такія, каб мы маглі любую цану заплаціць. На сёньня ня маю адказу на гэтае пытаньне».

Што да цяперашняга працэсу, то да яго ў дырэктаркі Белсата таксама ёсьць пытаньні:

«Па-першае, таму, што адразу разглядаецца ў Вярхоўным судзе, а не ў судзе ніжэйшай інстанцыі. [У Беларусі паводле закону справы аб аўтарскім праве разглядаюцца ў Вярхоўным судзе - рэд.]

Па-другое, у беларускага суда яшчэ ёсьць дзіўная звычка прызначаць усе паседжаньні па нашай справе на дзень дзяржаўных сьвятаў у Польшчы. У папярэднім працэсе ў 2012 годзе прызначылі разгляд на Сьвята божага цела. І зразумела, што ў адміністрацыі нікога няма. А сёлета гэта ўжо Дзень незалежнасьці. Ізноў дзяржаўнае сьвята і выходны. Магчыма, гэта выпадкова. У любым выпадку будзем даказваць, што прэтэнзіі спадара Белякова неабгрунтаваныя і спадзяемся, што суд прыме нашыя аргумэнты і адхіліць ягоны пазоў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG