Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Беларусь у агляднай гістарычнай рэтраспэктыве ніколі не была аднамоўнай. Шматкультурнасьць і шматмоўнасьць заўсёды былі падставай для дыялёгу, адкрытасьці і талерантнасьці. Плённы дыялёг, узаемадзеяньне і ўзаемная падтрымка маглі б стаць падмуркам неканфліктнага дынамічнага разьвіцьця беларускага грамадзтва і яго культуры і ў будучым.

Аднак за апошняе стагодзьдзе Беларусь зазнала істотныя зьмены ў сваім моўным і культурным абліччы. З чатырох некалі афіцыйных моваў колішняй БССР вялізныя страты панесла польская, амаль незваротна зьнік ідыш, падышла да крытычнай мяжы беларуская. У сёньняшняй сытуацыі выказваньне Валянціна Акудовіча, што Беларусь ніколі ня будзе аднамоўнай, успрымаецца як шчырая наіўнасьць або самападман.

Калі сёньняшні трэнд радыкальна ня зьменіцца — аднамоўнай Беларусь стане на працягу аднаго-двух пакаленьняў. Упершыню за сваю пісаную і непісаную гісторыю. Што гэта можа азначаць для беларускай будучыні — гадаць ня буду. Магчыма, яна стане значна менш беларускай, або й зусім небеларускай, з адпаведнымі геапалітычнымі наступствамі.

Я падазраю, што знойдзецца нямала людзей, якіх гэта асабліва й не хвалюе — якая розьніца: Беларусь ці Расея, можа там будзе яшчэ й лепш. Шукаць аргумэнты і пераконваць прыхільнікаў такой пазыцыі я ня стану, бо ня бачу сэнсу — такія людзі ўжо й сёньня жывуць у Беларусі як у Расеі, хай сабе й віртуальнай. Я ўскладаю спадзяваньні на тых, каму ня ўсё роўна.

Make Love Not War!

Сярод тых, хто спрабуе ўратаваць беларускамоўнасьць Беларусі найбольш заўважная, хоць і недастаткова ўплывовая, каб зьмяніць сытуацыю, група — тыя, хто стаіць на апошнім рубяжы абароны і гатовы змагацца з апанэнтамі да апошняй кроплі крыві. Яны гатовыя стаць апошнімі магіканамі, патануць у апошняй лодцы, хто ня зь імі — той супраць іх. Нясьмеламу асьцярожна-абыякаваму натоўпу яны кідаюць жорсткія папрокі: вы — у войску акупантаў, сваёй беспрынцыпнасьцю вы страляеце ў нас. Прысаромлены натоўп адступае далей, некага тыя папрокі можа й зачэпяць, але ж не да такой ступені, каб шукаць для сябе нязручнасьцяў...

Такая прыгожая, ахвярная, бескампрамісная пазыцыя, на маю думку — бясплённая і безнадзейная.

Вялізная маса людзей Беларусі — закладнікі і ахвяры моўнага канфармізму сваіх дзядоў і прадзедаў, і самі яны ў сваёй расейскамоўнасьці ніяк не вінаватыя. Так, той канфармізм меў свае прычыны — гэта і палітычны тэрор, і сацыяльны ліфт ды зьвязаныя зь ім эканамічныя выгоды — але сёньня мы ўжо ня знойдзем таго палітыка і чыноўніка, які піхнуў першую костку гэтага гістарычнага даміно, каб выставіць яму рахунак. Нават калі гэтыя ніткі вядуць у царскую Маскву або панскую Польшчу, пошукі рашэньня ні ад Усходу, ні ад Захаду не залежаць.

Магчымую ролю дзяржавы ў галіне моўнага будаўніцтва я тут не разглядаю. Вырашэньне праблемы «згары» можа быць надзвычай эфэктыўнае, але гэта ўжо пытаньне ўлады — ці хутчэй яе зьмены.

Інтэгральная Беларусь

Стрымаць надыход аднамоўнасьці і аднакультурнасьці (якая пад уплывам папулярных тэлеканалаў не ўзьнімаецца вышэй за паўкультурнасьць) могуць толькі салідарныя дзеяньні ўсіх неабыякавых людзей Беларусі — незалежна ад паходжаньня, мовы, сацыяльнага статусу. Ідэалам мусіла б стаць Інтэгральная Беларусь, якая б захавала сваю цывілізацыйную, культурную і моўную адметнасьць.

Вядома, немагчыма вярнуць незваротна страчаны моўна-культурны ляндшафт беларускіх земляў, але сёньняшнія людзі Беларусі мусяць дбайна захоўваць памяць пра іншыя традыцыйныя этнічныя супольнасьці нашых земляў — габрэяў, палякаў, татараў, літоўцаў, расейцаў-старавераў.

У сёньняшняй сытуацыі хто ня супраць нас — той з намі. Каму ўтульна і прыемна жыць у параўнальна невялікай і спакойнай ўсходнеэўрапейскай краіне з сваім тварам, стылем і адметным гістарычным лёсам — проста ня мае падставаў не падтрымаць такую агульную плятформу Інтэгральнай Беларусі.

Збліжэньне пазыцыяў цяперашніх рэальных або ўяўных моўна-культурных супольнасьцяў патрабавала б ад іх пэўных кампрамісаў і пагадненьняў.

Што рабіць?

Беларускамоўным варта мець на ўвазе, што абсалютная бальшыня тых, хто сёньня (яшчэ) не гаворыць па-беларуску — іх патэнцыйныя саюзьнікі, а ня здраднікі, акупанты, манкурты і рэнэгаты. Неканфліктнасьць, цярплівасьць, добразычлівасьць у дачыненьні да іншамоўных — падстава для патрабаваньня такога самага стаўленьня да саміх сябе. Варта заахвочваць і падтрымліваць любыя спробы расейскамоўных гаварыць або пісаць па-беларуску — а не высьмейваць памылкі або заядацца з тымі, хто нечага не разумее.

Важна не раззлаваць, не пакрыўдзіць, ня страціць «на моўнай глебе» ніводнага чалавека. Пра тое, як лёгка пашыраецца любы, нават высмактаны з пальца, нэгатыў пра «беларусізацыю» мы добра ведаем з «успамінаў», як «усе расейцы сядзелі на чамаданах».

Расейскамоўным варта ўсьведамляць, што будучыня беларускай мовы ў большай ступені залежыць менавіта ад іх, а не ад беларускамоўных, і адказнасьць за яе патэнцыйную страту — таксама большым цяжарам ляжа на іх. Бо яны ў краіне — пераважная бальшыня. Да таго ж, расейская і беларуская мовы сёньня ў непараўнальна розных умовах, таму рэальная дапамога патрэбная беларускай мове — расейскай нічога не пагражае.

Абсалютная бальшыня расейскамоўных бязь цяжкасьці разумее беларускую, а пры большым ці меншым намаганьні магла б і гаварыць. Расейскамоўным варта спрабаваць свае моўныя навыкі ў звычайных сытуацыях, зь сябрамі, калегамі, роднымі — кожнае вашае «дзякуй» і «калі ласка», кожны беларускамоўны камэнт у сацыяльных сетках — гэта дробны, але важны крок у захаваньне мовы.

Ад расейскамоўных бацькоў у большай ступені залежыць лёс беларускамоўнай адукацыі — калі дзеці з маленства чытаюць побач з расейскімі і беларускія кніжкі, глядзяць беларускія мульцікі, ідуць у беларускія школы, яны вырастаюць больш адкрытыя для сьвету. Расейская (і ангельская) мова ад іх нікуды ня дзенуцца. Пры гэтым, бясспрэчна, любы прымус што да мовы прыватных зносінаў паміж людзьмі недапушчальны.

На праявы агрэсіі і нецярпімасьці ў моўным пытаньні мусілі б рэагаваць прадстаўнікі сваёй моўнай супольнасьці — выхоўваць сваіх могуць «свае», рэакцыя «чужых» толькі яшчэ болей распаліць антаганізмы. Або такія рэчы варта было б наагул ігнараваць.

У прынцыпе на аднамоўную Беларусь можна згадзіцца, калі гэтай адзінай мовай будзе мова павагі, еднасьці і талеранцыі.

...Кажуць, што імпэратар Сьвятой Рымскай Імпэрыі Карл V гаварыў з богам па-гішпанску, з жанчынамі па-італьянску, з мужчынамі па-француску, а з сваім канём па-нямецку. Як бы ён спрасьціў сабе жыцьцё, калі б ведаў беларускую :-)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG