Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міністэрства замежных спраў Беларусі плянуе ствараць станоўчы імідж дзяржавы за мяжой пры дапамозе інтэрнэту.

«Інтэрнэт становіцца асноўнай і незалежнай крыніцай інфармацыі пра Беларусь. Але ён дыктуе і адпаведныя патрабаваньні да інфармацыі, якая там павінна быць разьмешчана. Мы трансфармавалі свае намаганьні для стварэньня інфармацыйнага партала «Беларусь. Факты», — заявіў Андрэй Савіных, начальнік управы інфармацыі, прэсавы сакратар МЗС.

Андрэй Савіных

Андрэй Савіных

Сайт «Беларусь. Факты» мае 8 моўных вэрсіяў. Беларускай вэрсіі няма.

«Наш партал злучаны з вэбсайтамі ўсіх беларускіх замежных устаноў. Любы грамадзянін, які заходзіць на сайт амбасады, каб спампаваць візавую анкету, даведацца інфармацыю пра тое, як дабрацца да нашай краіны, атрымлівае адразу ўсе рэсурсы ў рэжыме 2–3 клікаў. Важна, каб інфармацыя, якая публікуецца на гэтых рэсурсах, яго прыцягвала, прымушала яго яшчэ і яшчэ раз заходзіць туды для таго, каб прачытаць нешта цікавае пра нашую краіну», — цытуе Андрэя Савіных Інтэрфакс.

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што МЗС гатовы выдзеліць месца на новай інтэрнэт-пляцоўцы ўсім, хто можа забясьпечыць годнае напаўненьне партала.

«Мы разглядаем свой партал як пляцоўку, на якую гатовыя запрасіць любую дзяржаўную, грамадзкую, прыватную арганізацыю, якая ў стане ствараць цікавы, пазытыўны кантэнт пра нашую краіну як мінімум на расейскай і ангельскай мовах», — кажа прадстаўнік МЗС.

Акрамя парталу «Беларусь. Факты», МЗС адкрыў свой уласны Інстаграм.


Анціпенка: Сумнеўнае пачынаньне


Алесь Анціпенка

Алесь Анціпенка

Мэдыя-экспэрт Алесь Анціпенка называе некалькі магчымых прычынаў, каб пачаць новую PR-кампанію Беларусі:

• Наперадзе чэмпіянат сьвету па хакеі. Беларусь павінна быць прывабнай, каб прыцягнуць як мага больш турыстаў

• Неабходна палепшыць інвэстыцыйны імідж краіны

«Што тычыцца пасьпяховасьці такіх пачынаньняў, то яны вельмі сумнеўныя. Усё зьвязана ня з тым, што Беларусь вельмі кепска прэзэнтаваная на сайтах дзяржаўных установаў, а з рэальнай палітычнай сытуацыяй унутры краіны», — кажа Анціпенка.

«Імідж Беларусі можна палепшыць не праз прыгожыя інтэрнэт-старонкі, а праз рэальную палітыку. І перадусім у галіне правоў чалавека, мэдыяў, прыватызацыі і структурных эканамічных рэформаў», — дадае экспэрт.


Па сьлядах лорда Бэла


У сьнежні 2012-га ў інтэрнэце зьявілася справаздача кампаніі лорда Бэла Chime Communications зь Вялікай Брытаніі аб працы па паляпшэньні іміджу Беларусі на міжнароднай арэне ў 2008–2009 гадах. Зь беларускага бюджэту за гэты піяр мелася быць заплачана 10 мільёнаў эўра.

Кантракт беларускага ўраду з лордам Бэлам дзейнічаў адзін год. Ён быў падпісаны ў ліпені 2008 году, а 16 жніўня з турмы быў вызвалены экс-кандыдат на выбарах прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Вызваленьне палітвязьняў лорд Бэл назваў адной з прычын тагачаснага паляпшэньня іміджу Беларусі і зьняцьця некаторых міжнародных санкцыяў.

Раней лорд Бэл прызнаў, што PR-кампанія Bell Pottinger Group, якая ў 2008–2009 гг. працавала для паляпшэньня іміджу Беларусі і Аляксандра Лукашэнкі на Захадзе, атрымлівала ганарары выключна ад беларускага ўраду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG