Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У арабскім сьвеце найгорш жанчынам Эгіпту


Паводле апытаньня сярод экспэртаў у гендэрных праблемах, правы жанчын у арабскім сьвеце часьцей за ўсё парушаюцца ў Эгіпце.

Апытаньне выявіла, што ў гэтай краіне рост ісламскага фундамэнталізму, сэксуальны гвалт і высокі ўзровень абразаньня сярод жанчын садзейнічалі таму, што Эгіпет заняў самае нізкае месца ў адпаведнай табліцы.

Апытаньне праводзілася фондам Рэйтэр-Томсан. Каморскія выспы занялі першае месца ў справе датрыманьня правоў жанчын.

У апытаньні ўдзельнічалі больш за 330 экспэртаў у гендэрных праблемах з 21 краіны Лігі арабскіх дзяржаў, а таксама Сырыі.

Гэта ўжо трэцяе па ліку штогадовае апытаньне Фонду ў праблеме правоў жанчын з пачатку «арабскай вясны» у 2011 годзе.

Паводле нізкай ступені гарантаваньня правоў жанчын за Эгіптам ідуць Савудаўская Арабія, Сырыя і Емен.

На процілеглым канцы спэктру за Каморскімі выспамі, дзе жанчыны займаюць 20% урадавых пасадаў, ідуць Аман, Кувэйт, Ярданія і Катар.

У рамках апытаньня экспэрты павінны былі ацаніць такія фактары, як гвалт у адносінах да жанчын, права на мацярынства, стаўленьне да жанчын у сем'ях і роля жанчын у палітыцы і эканоміцы.

Дыскрымінацыйныя законы і рэзкае павелічэньне колькасьці выпадкаў гандлю жанчынамі спрыялі таму, што Эгіпет заняў самую ніжнюю пазыцыю па рэйтынгу правоў жанчын сярод 22 арабскіх дзяржаваў.

«На ўскраінах Каіра і ў іншых рэгіёнах ёсьць вёскі, дзе асноўная эканамічная актыўнасьць заснаваная на гандлі жанчынамі і шлюбах пад прымусам», – заявіла Зара Радван, супрацоўніца праваабарончага Глябальнага фонду жанчын, разьмешчанага ў ЗША.

Аднак асноўным фактарам, якія вызначылі нізкі рэйтынг Эгіпту, стала распаўсюджанасьць сэксуальнага гвалту.

Апублікаваны ў красавіку гэтага году даклад ААН зьмяшчае дадзеныя аб тым, што 99,3 % жанчын і дзяўчат Эгіпта падвяргаюцца той ці іншай форме сэксуальнага гвалту.

«Сацыяльная цярпімасьць да сэксуальнага гвалту ўплывае на жыцьцё кожнай жанчыны ў Эгіпце, нягледзячы на ўзрост, прафэсійны ці грамадзкі статус, сямейнае становішча, манеру апранацца і паводзіць сябе», – адзначае Нура Флінкман з эгіпецкай грамадзкай арганізацыі HarassMap.

Паводле зьвестак таго ж апытаньня, Ірак цяпер зьяўляецца больш небясьпечнай для жанчын краінай, чым пры рэжыме Садама Хусэйна.

Савудаўская Арабія мае нізкі рэйтынг з-за нізкай ўцягнутасьці жанчын у палітычнае жыцьцё, дыскрымінацыі на працоўных месцах, уціску іх маёмасных правоў і свабоды перамяшчэньня.
XS
SM
MD
LG