Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці сувымерныя лёс чалавека і лёс краіны? Ці карціць Ярмошынай прайсьціся па Елісейскіх палях?

У суботу ў перадачы «Зона Свабоды» на незалежным тэлеканале Белсат глядзіце дыскусію вакол прапановы Людмілы Гразновай адмовіцца ад, на яе думку, неэфэктыўных сьпісаў неўязных у Эўразьвяз. У дыскусіі ўдзельнічаюць праваабаронца Людміла Гразнова, былы палітвязень Аляксей Шыдлоўскі, аглядальнік «Свабоды» Юры Дракахруст. Вядучая – Ганна Соўсь.

Прапануем вам фрагмэнты артыкулу Людмілы Гразновай, які яна апублікавала на сайце АГП:

Пакуты маці жонак палітвязьняў зразумелыя, іх маральная ацэнка дадзенай сытуацыі не падлягае сумневу. Беларуская апазыцыя як можа падтрымлівае іх, бо нашым «мадоннам» сёньня прыходзіцца цяжэй за ўсіх, перад імі таксама расчыненыя дзьверы эўрапейскіх пасольстваў і брусэльскіх кабінэтаў.

Але ці дастаткова толькі такіх маральных ацэнак, нават з вуснаў пакутніц-маці і жонак, каб на іх аснове фармаваць эўрапейскую палітыку ў адносінах да Беларусі на працягу апошніх амаль двух дзесяцігодзьдзяў? Бо менавіта голас маці і жонак зьніклых палітыкаў і палітвязьняў, пачынаючы з 1998 году, апынуўся перш за ўсё пачутым ў ЗША і Эўропе. Там падзялілі іх боль і пайшлі ў пэўнай ступені насустрач, ня ўводзячы эканамічныя санкцыі супраць краіны, абмежаваліся «чорнымі сьпісамі» неўязных чыноўнікаў, вінаватых у рэпрэсіях. І вось ужо ў чацьвёрты раз гэты цыкль падзей паўтараецца – пасьля выбараў рэпрэсіі, пасьля рэпрэсій эўрапейскія санкцыі ў выглядзе «чорных сьпісаў», пасьля санкцый мінімальны эўрапейскі ўплыў, пасьля мінімальнага эўрапейскага ўплыву кансэрвацыя рэжыму і ўсё большая залежнасьць краіны ад Расеі.

Каб разабрацца з пытаньнем эфэктыўнасьці «чорных сьпісаў» варта прыслухацца ня толькі да голасу Валянціны Аліневіч, але і паглядзець на тое, што ўяўляе зь сябе краіна Беларусь...

Каб у Беларусі стала больш дэмакратыі і эўрапейскіх каштоўнасьцяў аднаго «чорнага сьпісу» ніяк не дастаткова. Напрыклад, унясеньне ў сьпіс дырэктара прадпрыемства, які звальняў рабочых за сяброўства ў незалежных прафсаюзах, ня будзе спрыяць мадэрнізацыі эканомікі. Дырэктар як звальняў, так і будзе звальняць такіх рабочых... Ці спрыяе «чорны сьпіс» незалежнасьці ўнівэрсытэтаў і іх інтэграцыі ў эўрапейскую сыстэму, у Балёнскі працэс? Рэктар унівэрсытэту, які выключыў студэнта за ўдзел у масавай апазыцыйнай акцыі і які трапіў за гэта ў славуты сьпіс, ці перастане выключаць студэнтаў і, самае галоўнае, ці будзе далучацца да эўрапейскіх праграм?

Цалкам артыкул чытайце на сайце АГП .
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG