Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад рыхтуе падатак на машыны. Кіроўцы гатовыя пратэставаць


Улады прапануюць увесьці ў 2014 годзе дзяржаўную пошліну за допуск аўтамабіля да дарожнага руху.

Яна будзе складаць ад 3 да 5 базавых велічынь у год, гэта ад 390 да 650 тысяч рублёў. Апанэнты гэтых плянаў раяць ураду ўвесьці яшчэ падатак на соль, на паветра, на дым.

Сфармаваныя ўрадам прапановы па падатковай палітыцы на 2014 год прадугледжваюць магчымасьць увядзеньня ў Беларусі дзяржаўнай пошліны за допуск аўтамабіля да ўдзелу ў дарожным руху, заявіў намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня бюджэтнай палітыкі Міністэрства фінансаў Беларусі Алег Селіверстаў.

«Прапануецца ўвесьці дзяржпошліну за выдачу дазволу на ўдзел аўтамабіля ў дарожным руху. Гэта разавы плацёж, ён будзе залежаць ад вагі аўтамабіля і выплачвацца незалежна ад таго, ці ідзе гаворка пра легкавыя або грузавыя аўтамабілі»,— сказаў Алег Селіверстаў, прадстаўляючы ў парлямэнце прапановы ўраду.

Ён растлумачыў, што памер дзяржпошліны будзе ўдакладняцца, аднак пакуль урад мяркуе, што яна можа скласьці ад 3 да 5 базавых велічынь у год. Гэта ад 390 да 650 тысяч рублёў. У Беларусі каля 3 мільёнаў аўтамабіляў. Такім чынам урад спадзяецца атрымаць за кошт новага падатку 1 трыльён 950 мільярдаў рублёў, што складае каля 210 мільёнаў даляраў ЗША.

Кіраўнік асацыяцыі ўладальнікаў і кіроўцаў аўтамабіляў Алег Маркевіч абураны плянамі ўраду, называе іх паборамі і не выключае народных пратэстаў:

«Допускам машыны да руху ёсьць сэртыфікат тэхагляду, ніякай іншай княскай міласьці ня трэба. Гэтага ў законе няма. Я разумею, што бюджэт трашчыць па швах і ім патрэбныя грошы. Хай тады ўвядуць падатак на соль, на паветра, падымны падатак, як было калісьці ў гісторыі. Але яны павінны памятаць, што пасьля ўвядзеньня падатку на соль быў саляны бунт».

Алег Маркевіч кажа, што ўладальнікаў аўтамабіляў — каля 3 мільёнаў чалавек, разам зь сем’ямі гэта абсалютная большасьць электарату.

«Вы разумееце, колькі будзе незадаволеных? У перадвыбарчы год кожная сям’я павінна будзе на вецер выкінуць такія грошы. Гэта пабор, дзяржава хоча дзейнічаць, як Салавей-разбойнік. Аўтамабілісты — народ вельмі цярплівы, але мяркую, што знойдуцца людзі, якія самаарганізуюцца, хай урад чакае пратэстаў і актаў непаслушэнства! Мы паставілі на ўлік машыны, заплацілі ўсе паборы, растаможкі, за пастаноўку за ўлік, за картку тэхагляду... Мы будзем пратэставаць, рыхтаваць пазовы ў суд, выкарыстоўваць усе сродкі. Ня трэба выпрабоўваць цярпеньне беларусаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG