Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сачыць за правамі чалавека будзе «піраманьяк»


Незалежныя праваабарончыя арганізацыі засмучаныя пэрспэктывай абраньня прадстаўнікоў Кітая, Расеі, Савудаўскай Арабіі і Віетнаму ў Раду правоў чалавека ААН на безальтэрнатыўнай аснове.

На думку праваабаронцаў, Расея, Кітай і некаторыя іншыя кандыдаты самі дапускаюць рэгулярныя парушэньні правоў чалавека, паведамляе «Голас Амэрыкі». http://www.golos-ameriki.ru/content/un-russia-rights/1788379.html

У аўторак Генэральная Асамблея ААН абярэ 14 новых чальцоў Рады, якая праз свае рэзалюцыі можа даводзіць да агульнага ведама і крытыкаваць парушэньні правоў чалавека.

У склад Рады, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Жэнэве, уваходзяць 47 дзяржаваў. Пад яе кіраўніцтвам працуюць дзясяткі спэцыяльных груп, якія адсочваюць сытуацыю ў праблемных краінах, а таксама па цэлым спэктры тэматычных пытаньняў: ад сьмяротнага пакараньня да апэрацый з ужываньнем бесьпілётнікаў.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch указала, што пяць кандыдатаў у члены Рады – Кітай, Расея, Савудаўская Арабія, Віетнам і Алжыр – раней адмаўлялі незалежным назіральнікам ААН у правах чалавека ў доступе для расьсьледаваньня паведамленьняў аб парушэньнях.

«Краіны, якія адмаўлялі ў візыце экспэртам ААН, прызначаным Радай, павінны многае растлумачыць, – заявіла дырэктар Human Rights Watch у глябальных праблемах Пэгі Хікс. – Гэта як калі б вы ўзялі кагосьці на працу, а потым не пускалі б яго ў офіс».

Месцы ў Радзе разьмяркоўваюцца па рэгіёнах, і краіны гэтых рэгіёнаў выбіраюць кандыдатаў на гэтыя месцы. Часам выбары праводзяцца на альтэрнатыўнай аснове, а часам – не. У галасаваньні ў аўторак могуць прымаць удзел усе 193 чальцы Генэральнай Асамблеі ААН.

На думку арганізацыі UN Watch , якая рэгулярна крытыкуе практыку ААН у сфэры правоў чалавека, выбар кандыдатаў ніколі ня быў такім дрэнным.

«Кітай, Куба, Расея, Савудаўская Арабія сыстэматычна парушаюць правы чалавека ў дачыненьні да ўласных грамадзян, – заявіў выканаўчы дырэктар арганізацыі Гілель Нойер. – Акрамя таго, яны стала галасуюць супраць ініцыятыў ААН, накіраваных на абарону правоў чалавека ў іншых краінах. Выбраць Савудаўскую Арабію ў якасьці міжнароднага судзьдзі ў правах чалавека – гэта ўсё адно што прызначыць піраманьяка кіраўніком пажарнага дэпартамэнта».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG