Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мабільная бібліятэка»: Быкаў і Гарэцкі апярэджваюць Ўэлса і Уайльда

абноўлена

Мабільны апэратар МТС падвёў вынікі першага тыдня працы «Мабільнай бібліятэкі». На мабільныя тэлефоны і пляншэты загружана больш за 36 тысяч кніг, усяго віртуальнай бібліятэкай скарысталася больш за 4700 чалавек.

Па выніках чытацкай актыўнасьці сфармаваная «топ-дзясятка», у якую ўвайшлі і беларускія літаратары — клясыкі Васіль Быкаў, Максім Гарэцкі, Якуб Колас, сучасная пісьменьніца Людміла Рублеўская.

Першымі вынікамі працы «Мабільнай бібліятэкі», якая адкрылася 3 лістапада на плошчы Якуба Коласа ў Менску, ініцыятар праекту — кампанія МТС — задаволены. Цешыць тое, што беларусы ня страцілі цікавасьці да чытва, да добрай літаратуры, кажа прэс-сакратар Тацяна Курбат:

«Мы, калі загружалі статыстыку, глядзелі на колькасьць часу, праведзенага адным чалавекам у сярэднім. Сярэдні час — каля 15 хвілін. То бок гэта сьведчыць пра тое, што хтосьці змог хуценька прачытаць нейкі верш, а хтосьці рэальна сядзеў даволі доўга і чытаў. І гэта здорава!»

На першым месцы па колькасьці запамповак сярод твораў, прадстаўленых на віртуальных стэляжах, — ангельская паэтка і раманістка Шарлота Бронтэ з раманам «Джэн Эйр». Прыцягнулі ўвагу амэрыканскі фантаст Рэй Брэдбэры —"Віно зь дзьмухаўцоў«, і Гётэ — «Фаўст». За імі ідзе «Альпійская баляда» Васіля Быкава, «Дзьве душы» Максіма Гарэцкага. У топ-10 найбольш папулярных аўтараў увайшлі Людміла Рублеўская, Якуб Колас.

Старшыня беларускага ПЭН-цэнтру, літаратар Андрэй Хадановіч кажа:

Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч
«Мяне вельмі цешыць посьпех некалькіх беларускіх пісьменьнікаў па спампоўваньні побач з праверанай часам клясыкай. Вельмі прыемна, што Максім Гарэцкі аказваецца такой самай праверанай часам клясыкай і „Дзьве душы“ цікавяць чытачоў. Радуе, што Людмілу Рублеўскую спампоўваюць».

Андрэй Хадановіч апавёў, што сярод сучасных беларускіх літаратараў ёсьць тыя, каго можна спампаваць на тумбах, што на плошчы Якуба Коласа; ёсьць аўтары, якіх немагчыма знайсьці на тумбах, але магчыма знайсьці на сайце МТС; і ёсьць тыя, каго не знайсьці ні на тумбах, ні на сайце. Хоць з усімі трыма катэгорыямі дамовы на куплю аўтарскіх правоў літаратурныя агенты заключалі:

«У гэтым сэнсе мяне вельмі цешыць, што Валянціна Акудовіча ці Артура Клінава, Марыю Мартысевіч альбо Паўла Касьцюкевіча можна спампаваць, і гэта здорава, незалежна ад таго, ёсьць яны на тумбах ці няма (хоць і хацелася, каб усё было). Але мне сумна, што дзесьці на Клінаву і Акудовічу праходзіць гэтая мяжа дазволенасьці. А Ўладзімера Арлова, альбо Альгерда Бахарэвіча, альбо Андрэя Хадановіча знайсьці там ужо нельга».

Андрэй Хадановіч выказаў меркаваньне, што калі гаварыць пра цэнзуру і самацэнзуру, то ў Беларусі яна ёсьць на ўзроўні самацэнзуры:

«Той выпадак, калі дзяржаўны супрацоўнік, нават не атрымліваючы забароны, сам чамусьці вырашае перапільнавацца, перастрахавацца, і неяк ён інтуітыўна разумее, што ёсьць імёны, якія пажадана, каб былі далёкія ад нас».

«Мабільная бібліятэка» будзе працаваць у Менску да 17 лістапада, а потым паедзе па гарадах Беларусі. У плянах — пашырэньне праекту, мяркуе прэс-сакратар кампаніі МТС Тацяна Курбат:

«Адпачатку была ідэя пакінуць гэты праект яшчэ ў Менску на нейкі час, але такая колькасьць просьбаў з абласных гарадоў, з райцэнтраў, каб мы прывезьлі „Мабільную бібліятэку“ да іх, што зараз будзем думаць, як задаволіць попыт. Больш за тое, у нас ёсьць ідэі, як гэты праект пашыраць далей. Хочацца верыць, што ўсё атрымаецца».

Застаецца спадзявацца, што праект пашырыцца і за кошт тых сучасных беларускіх літаратараў, зь якімі былі заключаныя дамовы на куплю аўтарскіх правоў, але якіх пакуль яшчэ няма на тумбах «Мабільнай бібліятэкі».

Як паведамляе прэсавая служба МТС, па выніках чытацкай актыўнасьці сфармаваўся топ-10 папулярных кніг «Мабільнай бібліятэкі» МТС:
  1. Шарлота Бронтэ «Джэн Эйр»
  2. Рэй Дуглас Брэдбэры «Віно зь дзьмухаўцоў»
  3. Ёган Вольфганг фон Гётэ «Фаўст»
  4. Васіль Быкаў «Альпійская баляда»
  5. Максім Гарэцкі «Дзьве душы»
  6. Гербэрт Уэлс «Вайна сьветаў»
  7. Оскар Уайльд «Партрэт Дарыяна Грэя»
  8. Гамэр «Адысэя»
  9. Людміла Рублеўская «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега»
  10. Якуб Колас «Выбраныя творы»
Віртуальная чытальная заля з творамі беларускай, расейскай і замежнай літаратуры працягне працу ў Менску да 17 лістапада. Тумбы з QR-кодамі кніжак стаяць на плошчы Якуба Коласа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG