Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС не прымае прэтэнзіі заўзятараў


Андрэй Савіных

Андрэй Савіных

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі атрымалі ліст ад заўзятараў, якія паскардзіліся міністру Ўладзімеру Макею на працу беларускіх дыпляматаў за мяжой.

Начальнік управы інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных пракамэнтаваў Свабодзе сытуацыю вакол беларускага заўзятара, які трапіў у шпіталь у Пальма-дэ-Маёрцы:

«Аналіз дзеяньняў беларускага консула паказвае, што ён зрабіў усё, што ад яго залежала ў гэтай сытуацыі. Адразу, як было атрымана паведамленьне пра здарэньне, консул знайшоў шпіталь, у які трапіў беларускі турыст. Далей ён высьветліў асобу і грамадзянства гэтага чалавека і перадаў кантактную інфармацыю маці і жонцы. Па просьбе жонкі ён таксама дамовіўся са шпіталем пра накіраваньне хадайніцтва для атрыманьня візы для жонкі, каб яна магла прыехаць і забраць мужа. Ён падтрымліваў кантакт з адміністрацыяй шпіталя да дня ад’езду беларуса дадому. У цэлым гэтая гісторыя — яркі напамін пра наступствы, у якіх можа апынуцца чалавек у выніку сваіх неабдуманых дзеяньняў. Нам усім трэба памятаць, што свабода падарожжаў неадрыўна зьвязаная з адказнасьцю за свае ўчынкі за мяжой, якая кладзецца на самога чалавека і яго блізкіх. Да гэтага магу толькі дадаць, што, пры ўважлівай ацэнцы ўсіх акалічнасьцяў справы, прэтэнзіі спадара Мандрыеўскага прымушаюць усумніцца ў яго добрым стаўленьні да чалавека, якому ён нібыта сёньня спрыяе».

11 і 12 кастрычніка гэтага году ў складзе турыстычнай групы фанаты зборнай Беларусі па футболе знаходзіліся на востраве Маёрка (Гішпанія). Там з грамадзянінам Беларусі Юр’ем Усьціненкам здарыўся няшчасны выпадак, і спадар Усьціненка трапіў у лякарню ў горадзе Пальма-дэ-Маёрка. Тым часам астатнія заўзятары, якія павінны былі кіравацца ў Беларусь, зьвярнуліся па дапамогу ў амбасаду Беларусі ў Францыі.

Але, як адзначалася ў лісьце, адпраўленым па электроннай пошце заўзятарам Віталём Мандрыеўскім, ніякай дапамогі з боку амбасады аказана не было, дзеяньні супрацоўнікаў былі ў асобных выпадках нетактоўныя і некарэктныя. Каб нашаму суайчыньніку вярнуцца на радзіму, прыйшлося прасіць дапамогі ў эмігрантаў у Гішпаніі, знаёмых у Польшчы (за што ім вялікі дзякуй) і потым вяртацца на Маёрку, каб забраць заўзятара са шпіталя.

Віталь сказаў, што адказ на свой ліст з МЗС ён яшчэ не атрымаў. Ён так пракамэнтаваў заяву прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных:

«Я практычна не чакаў ад іх іншых адказаў. Я жыву ў гэтай дзяржаве і цудоўна разумею, што тут адбываецца і якая ў нас сацыяльна скіраваная дзяржава. У нашай краіне вельмі часта афіцыйны пункт гледжаньня разыходзіцца з меркаваньнем простых людзей».
XS
SM
MD
LG