Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ажубаліс: На саміце месца Беларусі будзе вельмі сьціплае


Андрус Кубілюс, Анатоль Лябедзька, Аўдронюс Ажубаліс

Незалежна ад таго, хто будзе прадстаўляць Беларусь на саміце краінаў «Усходняга партнэрства», які пройдзе напрыканцы лістапада ў Вільні, да беларускіх спраў будзе няшмат увагі.

Такое меркаваньне выказаў сёньня былы міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс. Разам з экс-прэм’ерам Андрусам Кубілюсам і дэпутатам парлямэнту Мантасам Адаменасам былы кіраўнік МЗС прыехаў у Менск, каб ад імя партыі літоўскіх кансэрватараў падпісаць дамову аб супрацы з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй.

Пасьля падпісаньня дамовы ў офісе АГП літоўскія дэпутаты падкрэсьлілі: вяртаньне Беларусі ў агульную эўрапейскую сям’ю найперш залежыць ад саміх беларусаў. Але справа яе эўрапейскіх суседзяў — не пакінуць Беларусь адну, дапамагчы ёй.

Бліжэйшая падстава для гэтага — саміт краін «Усходняга партнэрства» ў Вільні. Аднак гэтым разам Беларусі нельга разьлічваць на асаблівую ўвагу да сваіх спраў. Менавіта такі погляд выказаў былы кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Літвы Аўдронюс Ажубаліс, адказваючы на маё пытаньне:

«Няважна, хто будзе прадстаўляць цяперашнюю ўладу Беларусі, але, на маю думку, месца Беларусь зойме вельмі сьціплае. І зь вельмі простай прычыны. Беларусь з году ў год ідзе да ўсё большай самаізаляцыі ад Эўропы. Калі я не памыляюся, яшчэ ў 2009 годзе Эўразьвяз упершыню прапанаваў уладам Беларусі пачаць дыялёг пра спрашчэньне візавага рэжыму — ніякага адказу. Праз год зноў прапанова. І зноў ніякага адказу. Трэці раз — і зноў ніякага адказу».

Андрус Кубілюс таксама сказаў, што ў цэнтры саміту будуць Украіна, Малдова і Грузія. Маўляў, гэтыя краіны найбольш набліжаныя да Эўропы. А прыклад Украіны можа стаць, на думку экс-прэм'ера, урокам для Беларусі:

“Як казаў славуты амэрыканец Зьбігнеў Бжэзінскі, Расея з Украінай – гэта зноў жа імпэрыя, Расея без Украіны – гэта магчымасьць для Расеі стаць нармальнай эўрапейскай дэмакратыяй. Вось у гэтым я бачу стратэгію Эўропы – як памагчы Расеі стаць нармальнай эўрапейскай дэмакратыяй”.



Літоўскія парлямэнтары прыбылі ў Менск зь вялікім спазьненьнем. Яны атрымалі візы ў беларускай амбасадзе толькі сёньня раніцай. З-за гэтага ўвесь графік іхніх сустрэчаў быў перакроены. Пасьля падпісаньня дамовы літоўскія парлямэнтары сустракаюцца з роднымі беларускіх палітвязьняў і лідэрамі беларускай апазыцыі. Абедзьве гэтыя сустрэчы пройдуць без журналістаў у амбасадзе Літвы.

На разьвітаньне літоўскія палітыкі зьбіраюцца наведаць Курапаты.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG