Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У супрацоўнікаў Беларускай чыгункі скарачаюць заробкі на 10%, прапануюць пераходзіць на «чатырохдзёнку» і сыходзіць у адпачынкі за свой кошт.

Такі загад падпісаў галоўны эканаміст Беларускай чыгункі Мікалай Бекіш. З чым гэта зьвязана і як да такой ініцыятывы ставяцца самі чыгуначнікі.

Кіраўніцтва Беларускай чыгункі загад аб зьніжэньні заробкаў не камэнтуе. Сам галоўны эканаміст Мікалай Бекіш у адпачынку, паведаміла ягоная сакратарка. А вось дасьведчаная крыніца, якая папрасіла не называць яе, патлумачыла, што на Беларускай чыгунцы працягваецца электрыфікацыя, ідзе мадэрнізацыя — закупляюцца нятанныя імпартныя гарадзкія электрычкі, а інвэстыцыяў няма:

«Сёньня ў чыгункі прыбытку, каб падтрымліваць усе гэтыя пачатыя мадэрнізацыі, проста няма. Таму пачалі не людзей скарачаць — людзі, калі будуць істотна зьніжацца заробкі, самі будуць звальняцца. Заработная плата ў выдатках — даволі сур’ёзная частка, вось і вырашылі крыху сабекошт зэканоміць і атрымаць хоць нейкі прыбытак, каб завяршыць усе тыя праекты, якія пачалі.

Да таго ж зьніжаюцца аб’ёмы грузавых перавозак. Агульная прамысловая вытворчасьць у Беларусі пачала падаць, адпаведна, і перавозіць няма чаго. З гэтым і зьвязаныя новыя захады — скарачэньне заробкаў на 10% ды іншыя».

Істотна скараціліся грузавыя перавозкі за мяжу, асабліва гэта тычыцца нафтапрадуктаў. Таму сытуацыя на чыгунцы даволі складаная.

У рэгіёнах у чыгуначнікаў пастаянна затрымліваюць заробкі, людзей адпраўляюць у адпачынкі, кажа машыніст баранавіцкага лякаматыўнага дэпо:

усе грошы ідуць на падрыхтоўку Чэмпіянату сьвету па хакеі
«У нас пастаянна затрымліваюцца заробкі і адпускныя. Вось я зараз у адпачынку, але адпускных мне ня выплацілі. Я зьвяртаўся да кіраўніцтва Баранавіцкага аддзяленьня чыгункі, яны тлумачаць тым, што ўсе грошы ідуць на падрыхтоўку Чэмпіянату сьвету па хакеі».

А вось у Менску — дэфіцыт кадраў лякаматыўных брыгад, асабліва машыністаў. Пасьля дэвальвацыі 2011 году, калі заробкі машыністаў упалі ўдвая, пачаўся масавы адток іх у Расею, распавёў памочнік машыніста:

«У асноўным зьяжджаюць у Расею. З Воршы зьяжджаюць у Смаленск (тут можна вахтамі працаваць). Зь Менску зьяжджаюць у Сыбір, Маскву, Піцер. Цяпер стараюцца нават не даваць правы кіраваньня машыністу на рукі, яны застаюцца ў аддзеле кадраў, каб у Расеі машыністаў ня бралі на працу. Але ўсё адно прыдумляюць усялякія абходныя шляхі».

Паколькі кваліфікаваныя кадры зьяжджаюць працаваць у Расею, у лякаматыўных брыгад — вялікая нагрузка, кажа памочнік машыніста:

«Многія проста ня хочуць працаваць за гэтыя грошы. Проста кіраўніцтву выгадна, каб людзі перапрацоўвалі на 20–25 гадзін штомесяц. Бо аплачваецца перапрацоўка менш, чым праца ў норме чалавека-гадзінаў. Пры перапрацоўцы людзі не атрымліваюць за кляснасьць, за стаж, за выслугу».

Кваліфікаваны машыніст лякаматыву са стажам у Беларусі максымум можа атрымаць у эквіваленце 1 тысячу даляраў, у Расеі за тую ж працу заробкі ў сярэднім ад 2 да 3 тысяч даляраў. Калі заробкі ў Беларусі зьнізяць нават на абяцаныя 10%, людзі пачнуць масава звальняцца, мяркуюць чыгуначнікі.
XS
SM
MD
LG