Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці ахвяры міліцэйскага гвалту: Міліцыі далі шмат улады, таму яна і зьбівае людзей


Крычаўскага міліцыянта, які зьбіваў на допыце мясцовага жыхара Ўладзімера Лісонова, Бабруйскі суд прызнаў вінаватым у перавышэньні ўлады і наўмысным прычыненьні цяжкога цялеснага пашкоджаньня.

Далі міліцыянту шэсьць гадоў калёніі строгага рэжыму. Сваёй віны ён не прызнаў.

Пасьля допыту са збіцьцём Уладзімер Лісуноў напісаў скаргу ў Крычаўскі міжраённы аддзел Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Сьледзтва цягнулася ад леташняга сьнежня.

На агучваньне выраку Ўладзімер Лісоўскі ў Бабруйск ня езьдзіў. Судовага рашэньня пацярпеламу пакуль не даслалі. Маці зьбітага ў міліцыі Антаніна Васільеўна кажа, што сын пакуль не гатовы гаварыць з журналістамі пра тое, што зь ім адбылося. Дужа доўгім было сьледзтва, зазначае яна. Уладзімер хоча як найхутчэй забыць тое, што зь ім адбылося.

Прысудам міліцыянту маці зьбітага задаволеная. Паводле яе, дзяржаўны абвінаваўца патрабаваў даць міліцыянту шэсьць гадоў. Суд столькі ж і даў. Жанчына цьвердзіць, што зьбіваў сына не адзін міліцыянт, і цяпер будзе дамагацца справядлівасьці, каб пакаралі ўсіх вінаватых.

«Далі яму шэсьць гадоў строгага рэжыму, але ж яго біў і яшчэ адзін. Дык віны другога ня выявіла сьледзтва. Я буду пісаць ліст у Генэральную пракуратуру альбо прэзыдэнту. Такога ня можа быць, каб зь дзесяці чалавек са зьмены і не маглі знайсьці таго, хто яшчэ біў сына — гэта абсурд. Міліцыянт, якога пакаралі турмой, сказаў, што ён ня біў. Ён не прызнаўся, але ўсе доказы былі супраць яго. Сына калі пачалі біць, то ён затуліў галаву і ня бачыў таго, хто біў яго яшчэ. Ён не апазнаў другога. А таго, хто пачаў біць, ён апазнаў. Яму не было куды дзявацца. Яго завуць Віктар Сініцын».

Антаніна Васільеўна кажа, што сына зьвінавацілі ў тым, што ён у напарніка па кацельні нібыта скраў банкаўскую картку і тэлефон. Напарнік напісаў такую заяву ў міліцыю. Затрымалі траіх з кацельні. Пасьля допыту, кажа Антаніна, у сына было зафіксаваныя багата цяжкіх цялесных пашкоджаньняў.

Было паламана шэсьць рабрын. Закранутыя лёгкія. Нырка левая. Канцавіны ніжнія былі ўсе сінія
«Сын у 2006 годзе перанёс трэпанацыю чэрапа. У яго была анэўрызма галаўнога мозгу. Яго ніяк ня трэба было біць. Было паламана шэсьць рабрын. Закранутыя лёгкія. Нырка левая. Канцавіны ніжнія былі ўсе сінія. Білі ні за што. Ён жа ня браў. Потым нібыта на другі дзень затрымалі таго, хто скраў. Ён грошы здымаў з карткі. Яго ўжо судзілі. Што яму далі, невядома. А сына білі. Мо яны там нападпітку былі. Мо ў іх паляваньне такое».

Спадарыня Лісунова кажа, што сын ня першы, каго зьбівалі ў міліцыі, і не апошні.

«Яны там, відаць, б’юць усіх, бо ім дужа шмат улады далі. Што хочуць, тое і робяць. Яны часта практыкуюць такое. Ага, не прызнаесься — будзем далей біць. Хто можа вытрымаць доўгае зьбіцьцё?» — кажа Антаніна Лісунова.

Вядома, што міліцыянт, якога прызналі вінаватым у зьбіцьці Лісунова, быў малодшым опэрупаўнаважаным крымінальнага вышуку Крычаўскага райаддзелу міліцыі.

Паводле зьвестак журналістаў незалежнай газэты «Вольны горад», пасьля інцыдэнту са зьбіцьцём Лісунова быў звольнены начальнік райаддзелу міліцыі палкоўнік Вадзім Кавалёў. Ягонае месца застаецца вакантным. Год таму супрацоўніка крычаўскага РАУС таксама Бабруйскі суд пакараў штрафам за крадзеж 20 тон зерня. Маёра Рамана Бясьпятага звольнілі зь міліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG