Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Леанід Смоўж — пасьлядоўнік «чалавека-майкі»


 Леанід Смоўж

Леанід Смоўж

Ленінскі суд Менску асудзіў жыхара Стаўпецкага раёну Леаніда Смаўжа на 5 сутак арышту за непадпарадкаваньне міліцыі.

Затрымалі Леаніда Смаўжа 10 лістапада пасьля дазволенага мітынгу ў Лошыцкім яры. Падчас акцыі ён быў у майцы з надпісамі «За Беларусь без Лукашэнкі» і «За Беларусь без дыктатуры».

Жыхар пасёлку Наваколасава Стаўпецкага раёну Леанід Смоўж — чыгуначнік, працуе машыністам. На мітынг у Менск паехаў, як кажа, адмыслова, каб паўдзельнічаць у шэсьці да Лошыцкага Яру. У пратаколе, які быў складзены міліцыянтамі Ленінскага РАУС Менску на Леаніда Смаўжа, няма ані слова пра тое, што падчас дазволенага шэсьця і мітынгу актывіст быў у майцы з надпісамі «За Беларусь без Лукашэнкі» і «За Беларусь без дыктатуры». У судзе падчас кароткага перапынку Леанід Смоўж выказаў меркаваньне, што затрымалі яго менавіта за гэтую майку. Ён насіў яе на знак пратэсту. Супроць чаго пратэставаў Леанід Смоўж? Першае, ня выплацили грошы за адпачынак, а вось, што другое:

«Я надзеў майку таму, што ў будучым годзе мне прыйдзецца стаць беспрацоўным, бо сёлета я ледзь прайшоў мэдычную камісію з-за пагаршэньняў здароўя, якія зьвязаныя з працай. А паводле закону аб дармаедзтве, які ўжо падпісаны, мяне змогуць залічыць у дармаеды. А які ж я дармаед, калі працую з 1977 году, адразу як скончыў школу? Таму я надзеў тую майку і пайшоў на мітынг».

Між тым фармальна Леаніда Смаўжа асудзілі за непадпарадкаваньне міліцыі. Супроць яго далі паказаньні амапаўцы Віктар Мазалеўскі і Юры Ермакоў. Паводле міліцыянтаў, Леанід Смоўж на вуліцы нібыта «размахваў рукамі» і выкрыкваў «нешта незразумелае», а калі яму зрабілі заўвагу, не супакоіўся. «Давялося закруціць яму рукі за сьпіну ды суправадзіць у службовы аўтамабіль», — даводзіў суду Юры Ермакоў.

Леанід Смоўж гэтыя паказаньні абверг. Паводле ўдзельніка мітынгу, затрыманьне адбылося ўжо пасьля акцыі, на прыпынку каля камвольнага камбінату, калі ён зьбіраўся сесьці ў аўтобус № 5, каб ехаць на вакзал. «На майцы ўжо была скураная куртка», — паведаміў суду Леанід Смоўж.

«Я ня ведаю, чаму яны мяне затрымалі. Я нічога не крычаў, нават не стаяў на прыпынку, а падбягаў да аўтобуса».

Сьведкам на судзе выступіў таксама ўдзельнік шэсьця Ільля Дабратвор, які, паводле ягоных словаў, бачыў затрыманьне Леаніда Смаўжа на адлегласьці ўсяго некалькі мэтраў. Ільля Дабратвор сказаў, што затрыманьне праводзілі ня два міліцыянты ў цывільным, а 4–5 чалавек. «Леанід Смоўж не пасьпеў і паварушыцца, як яго скруцілі і павялі», — згадаў сьведка.



Адвакат зьвярнуў увагу судзьдзі на тое, што самі сьведкі-міліцыянты пацьвердзілі ў сваіх паказаньнях: затрыманы супраціву не аказваў. Абаронца палічыў, што віна Леаніда Смаўжа ў непадпарадкаваньні не была даказаная.

Судзьдзя Надзея Навіцкая, аднак, гэтак ня вырашыла і прысудзіла затрыманаму 5 дзён арышту. Сваё рашэньне судзьдзя абвясьціла адразу, нават не выходзячы ў пакой для нарадаў. Адбываць пакараньне Леанід Смоўж будзе ў ізалятары на Акрэсьціна, дзе ўжо правёў ноч. Як паведаміў Леанід Смоўж, у ізалятары яго да суду нават не кармілі і не аддалі «ссабойку» з харчамі, якая была ў ягоных рэчах. Майку зь лёзунгамі «За Беларусь без Лукашэнкі» і «За Беларусь без дыктатуры», паводле Леаніда Смаўжа, у яго забралі ў Ленінскім РАУС. Акту аб выманьні ягонай уласнасьці ён ня бачыў.

Другі пасьля Рубцова


Учынак Леаніда Смаўжа параўноўваюць зь нядаўнімі дзеяньнямі Юрыя Рубцова.

Жыхара Гомеля Рубцова затрымалі 3 лістапада пасьля шэсьця ў Курапаты.

Усю акцыю Рубцоў прайшоў у майцы, на адным баку якой было напісана «Лукашэнка, сыходзь!», а на другім — «Чатыры разы прэзыдэнт — не! Гэта не прэзыдэнт, а цар-самазванец».

Рубцова арыштавалі на трое сутак.

Аднак з «сутак» ён выйшаў у той самай майцы. Элемэнт гардэробу міліцыянты не адабралі.
Юры Рубцоў

Тады супрацоўнікі МУС затрымалі яго яшчэ раз, адразу ля турмы, і ўрэшце забралі майку.

Рубцоў у сувязі з гэтым заявіў Свабодзе, што міліцыянты скралі ягоную маёмасьць.

7 лістапада Рубцова затрымалі чарговым разам. На ім была майка з новым тэкстам: «За Беларусь без кантрактаў».
XS
SM
MD
LG