Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрысьціянскія дэмакраты спрабуюць зарэгістраваць грамадзкія аб’яднаньні


Павал Севярынец

Павал Севярынец

У Горадні адбылася ўстаноўчая канфэрэнцыя ў справе стварэньня абласнога грамадзкага аб’яднаньня «Гарадзенская хрысьціянская дэмакратыя»

Паводле сустаршыні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, Паўла Севярынца, які прысутнічаў на канфэрэнцыі, падобныя грамадзкія аб’яднаньні ствараюцца ва ўсіх абласьцях краіны.

Такую тактыку хрысьціянскія дэмакраты абралі пасьля таго, як улады ўжо пяць разоў адмовілі ў рэгістрацыі Беларускай хрысьціянска-дэмакратычнай партыі.

«Такім чынам, рэгіструючы рэгіянальныя аб’яднаньні, мы імкнёмся абараніць нашых сябраў ад абвінавачваньняў у дзейнасьці незарэгістраваных арганізацый, бо пакуль адбываецца працэс рэгістрацыі людзей нельга абвінаваціць у дзейнасьці ад незарэгістраванай арганізацыі», — заявіў Севярынец.

Паводле Севярынца, нягледзячы нават на тое, калі ўлады ня будуць рэгістраваць іх аб’яднаньні, сябры хрысьціянскіх дэмакратаў надалей не адмовяцца ад актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцьці краіны, а таксама працягнуць спрыяць адзінству ўсіх дэмакратычных сілаў Беларусі.

Падобныя канфэрэнцыі хрысьціянскія дэмакраты ўжо правялі ў Магілеўскай, Гомельскай абласьцях, на чарзе Віцебская і Берасьцейская. Дагэтуль рэгістрацыі не атрымала ніводнае грамадзкае аб’яднаньне.
XS
SM
MD
LG