Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністратарка друкарскага цэнтру «Карандаш» Алена Рыбак адхіленая ад працы


Алена Рыбак

Алена Рыбак

Пра гэта паведаміў А. М. Крывальцэвіч, дырэктар акцыянэрнага таварыства «Інфаэкспэрт», якому падпарадкаваны «Карандаш».

Гэтак спадар Крывальцэвіч адрэагаваў на звароты барысаўскіх праваабаронцаў Ігара Ледніка і Алега Мацкевіча, якія публічна выказалі абурэньне дзеяньнямі Алены Рыбак у гісторыі з мапай Усходніх могілак «Беларускі нэкропаль».

У прыватнасьці Алег Мацкевіч папярэдзіў пра свой намер зьвярнуцца ў пракуратуру, бо палічыў, што супрацоўнікі цэнтру «Карандаш» злоўжывалі сваімі службовымі паўнамоцтвамі, з-за чаго былі парушаныя ягоныя правы на інфармацыю.

Нагадаем, напярэдадні Дзядоў Радыё Свабода падрыхтавала мапу Ўсходніх могілак «Беларускі нэкропаль» з пазначэньнем магілаў 50 выбітных беларусаў, якія прысьвяцілі жыцьцё беларускай справе, культуры ці мове. Аднак менская друкарня палічыла яе антыдзяржаўнай агітацыяй і адмовілася браць замову.

Наклад мапы меў вырабіць друкавальны цэнтар «Карандаш», які знаходзіцца на плошчы Незалежнасьці ў Менску. На этапе падрыхтоўкі да друку пытаньняў ня ўзьнікла: напярэдадні былі вырабленыя пробныя асобнікі і складзеная замова. У дзень, калі меліся друкаваць мапу, адміністратарка друкарні Алена Рыбак заявіла, што лічыць матэрыялы агітацыйнымі, а Радыё Свабода, сайт якога пазначаны на мапе, — антыдзяржаўным, а таму цэнтар адмаўляецца іх друкаваць. «З улікам сур’ёзнасьці і важнасьці Вашага звароту для нашай кампаніі на час пэрыяд праверкі Алена Рыбак будзе адхіленая ад выкананьня абавязкаў мэнэджэра», — паведаміў у сваім адказе 6 лістапада дырэктар «Інфаэкспэрта» А.М. Крывальцэвіч .

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG