Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалаю Статкевічу перадалі мэдычную бандэроль


Міколай Статкевіч

Міколай Статкевіч

Былому кандыдату на прэзыдэнта, палітвязьню Мікалаю Статкевічу дазволілі перадаць мэдычную бандэроль і перасталі «грукаць» ў калідоры.

Пра гэта паведаміла жонка палітвязьня Марына Адамовіч са спасылкай на мужа.

«Паведаміў, што атрымаў мэдычную бандэроль і што стала спакайней, той грукат начны, які не даваў адпачываць, спыніўся.»

Раней Мікалаю Статкевічу не дазвалялі атрымаць мэдычную бандэроль. Таксама палітвязень паведамляў, што па начах канваіры адмыслова грымяць ў калідоры, каб перашкаджаць адпачынку вязьняў.

Паводле Марыны Адамовіч, Мікалай Статкевіч пачуваецца добра, на здароўе не скардзіцца.

Мікалай Стактевіч мае магчымасьць траціць ў турэмнай краме 2 мінімальных заробку штомесяц — гэта каля 260 тысяч. «Звычайна купляе сабе нешта салодкае, печыва, сланечнікавы алей. Працяглы час змагаецца за тое, каб ў краме заўсёды была ў продажы цыбуля, бо яна рэгулярна зьнікае з асартымэнту», — распавяла Марына Адамовіч. Як адбываецца працэс набыцьця у турэмнай краме, якую вязьні называюць «атаваркай»?

«Два разы на месяц да іх у камэру прыносяць сьпіс, што ёсьць ў краме. Яны выбіраюць і пакідаюць свае заяўкі. Нікуды яго не выводзяць. Адзінае месцы, куды яго выводзяць, гэта прагулачны дворык. Усё».

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня за арганізацыю вулічных забурэньняў 19 сьнежня 2010 году. Сваёй віны Статкевіч не прызнаў і казаў ў судзе, што заклікаў на мітынг пратэсту супроць фальшаваньня выбараў. Статкевіча трымаюць ў магілёўскай крытай турме.
XS
SM
MD
LG