Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму «Стары Ольса» не Макс Корж?


Зьміцер Сасноўскі
Зьміцер Сасноўскі

17 лістапада ў ДК «МАЗ» гурт «Стары Ольса» прэзэнтуе новы альбом, які называецца «Santa Maria». Лідэр гурта Зьміцер Сасноўкі ў інтэрвію Радыё Свабода распавёў пра хрысьціянства ў жыцьці і творчасьці ўдзельнікаў «Старога Ольсы», пра Макса Каржа і пра генэтычную памяць, якая прымушае чалавека любіць старадаўнюю музыку.

— Колькі часу рыхтаваўся альбом «Santa Maria» і чым ён адметны ў параўнаньні зь ранейшай творчасьцю «Старога Ольсы»?

— Мы не прысутнічалі ў студыі пяць гадоў. З гэтых пяці гадоў чатыры былі прысьвечаныя таму, што мы натуральным чынам назапашвалі матэрыял. У стылістычным пляне навізна рэпэртуару новага альбому ня вельмі вялікая, таму што мы працягваем працаваць над «Полацкім сшыткам», але наш навуковы падыход зьмяніўся, як музыкі мы сталі граць лепей на сваіх інструмэнтах, і стылістычна мы здолелі бліжэй наблізіцца да эстэтыкі барока. У рэшце рэшт, адметнасьць гэтага альбому ў тым, што ў ім сярод 13 кампазыцый — 2 рэлігійныя песьні, прысьвечаныя Дзеве Марыі — «Засьпявай адзінай пані» і «Маці-каралева». Гэта шмат, таму што раней за ўвесь рэпэртуар гурта «Стары Ольса» ў нас было ўсяго толькі дзьве кампазыцыі такога кшталту.

— Ці сьведчаць зьвяртаньне да рэлігійнай тэматыкі і як вынік уключэньне гэтых песень ды і сама назва альбому пра пераарыентацыю гурта «Стары Ольса», пра пераасэнсаваньне жыцьцёвых каштоўнасьцяў яго ўдзельнікаў?

— Справа ў тым, што і раней, выконваючы гімн «Багародзіца» і «Песнь Монаршэ Вечнэму», мы ганарыліся адраджэньнем гэтых рэлігійных кампазыцый, таму што беларуская вайсковая культура не магла быць без хрысьціянскай тэмы. Зварот да яшчэ дзьвюх каталіцкіх кампазыцый сьведчыць пра тое, што, паглыбляючыся ў дасьледаваньні беларускай музыкі, мы бачым, што жыцьцё чалавека 16-17 стагодзьдзя не магло адбывацца без малітваў Богу, без таго, што рыцар адназначна ўспрымаўся як абаронца хрысьціянскай веры і абаронца хрысьціянаў. Што тычыцца асабістай пераарыентацыі, то тут кожны з удзельнікаў гурта, зьяўляючыся асобай, выбірае сам. Але я магу сказаць, што хрысьціянства ў жыцьці «Старога Ольсы» паболела.

— Некаторыя крытыкі ўжо назвалі ваш новы альбом «сярэднявечным рок-н-ролам». Калі вы згодныя з гэтым вызначэньнем, то што гэта за жанр? Калі ня згодныя, то чым, на Вашую думку, выкліканыя такія меркаваньні?

— Сказаць, што выраз «сярэднявечны рок-н-рол» мне падабаецца, я не магу. Гэта нечая творчая хуліганская выхадка. Справа ў тым, што ў нас, на жаль, прынята, музыку барока граць на клясычных інструмэнтах, хаця большасьць зь іх ўзьніклі пазьней за эпоху барока, у эпоху клясыцызму. Таму мы зьяўляемся «белымі варонамі» сярод тых, хто выконвае музыку эпохі барока. Адрозьніваемся мы тым, што граем на інструмэнтах, якія гучалі ў нашай краіне і менавіта ў той час, калі ў нас было разьвіта мастацтва барока, у тым ліку і ў музычнай сфэры. Падчас фэстывалях мы часта выклікаем зьдзіўленьне знаўцаў і дасьледчыкаў, якія кажуць, што наша музыка гучыць па-сярэднявечнаму. Так адбываецца таму, што склаўся стэрэатып, што музыку барока трэба выконваць на клясычных інструмэнтах. Але ва ўсёй Эўропе ўжо стала папулярным выконваць музыку барока на такіх інструмэнтах як віола да гамба, лютня, а таксама на розных духавых інструмэнтах. Таму да гэтага часу мы зьяўляемся вольнадумцамі ў гэтай сфэры, мы не прымаем каноны, якія сфармаваліся дзякуючы акадэмічнаму музычнаму выхаваньню. Патлумачыць выраз «сярэднявечны рок-н-рол» можна ў тым сэнсе, што мы да гэтага часу зьяўляемся вольнадумцамі ці рэвалюцыянерамі ў сфэры вяртаньня ў канцэртную практыку аўтэнтычных інструмэнтаў, уласьцівых менавіта той эпосе.

— Хто ваш слухач? Ці можаце вы сабраць «Менск-Арэну», як гэта нядаўна зрабіў Макс Корж, які грае рэп?

— Я лічу, што наша музыка не зьяўляецца масавай. Хаця колькасьць слухачоў павялічваецца. Слухачы гэтыя вельмі розныя. Цікавасьць да нашай музыкі можна патлумачыць геннай памяцьцю. Чаму чалавеку падабаецца гучаньне
ня варта ў прынцыпе разьлічваць, што старадаўняя музыка будзе зьбіраць вялікія пляцоўкі
старадаўніх інструмэнтаў, зь якімі ён не сустракаўся ніколі раней, патлумачыць складана, акрамя як несьвядомымі успамінамі. Што датычыць збору вялікіх заляў, то колькасьць людзей, якія зьбіраюцца на нашыя канцэрты, павялічваецца, але казаць пра «Менск-Арэну» не выпадае. Ды і ня варта ў прынцыпе разьлічваць, што старадаўняя музыка будзе зьбіраць вялікія пляцоўкі, хаця яе эстэтыка, колькасьць драйву і эмоцыяў, закладзеных у ёй, дазваляюць сучаснаму чалавеку перажыць увесь комплекс эмоцыяў, якія ён зьвязвае з сучаснай музыкай. Гэта пацьвярджаецца тым, што аматары рок-музыкі зьяўляюцца шчырымі аматарамі гурта «Стары Ольса». Яшчэ адзін момант — гэта тое, што эстэтычна выконваць старадаўнюю музыку ў залях ня правільна. Лепей гэтая музыка гучыць у касьцёлах, старадаўніх палацах, замках і на вольным паветры.

— То бок казаць пра вялікія арэны недарэчна ў дадзеным выпадку?

— Дарэчна будзе тады, калі гэтая стылістыка стане зразумелай і масавай. Любая музыка патрабуе прывыканьня, выхаваньня. Напрыклад, рок-музыка існуе ўжо больш за 60 гадоў, і за гэты час яна выхавала масавага слухача. Клясычная музыка таксама існуе вельмі даўно, і адпаведна яна таксама выхавала свайго слухача. А сярэднявечная музыка ў канцэртнай практыцы прысутнічае толькі гадоў 15-20, таму яна, нягледзячы на свой узрост, будзе выхоўваць сабе аўдыторыю яшчэ не адно дзесяцігодзьдзе.

— Ці ня трэба ўсё ж гурту «Стары Ольса» быць больш сьмелым і амбітным у выбары пляцоўкі для выступаў? Перад выступам Макса Каржа шмат хто меў сумнеў, ці зьбярэ ён «Менск-Арэну»...

— Рэп таксама зьяўляецца вольнадумнай музыкай. І менавіта ў гэтым сэнсе ён прываблівае шмат людзей. Што тычыцца рэпа і іншых папулярных накірункаў, то ў тых сфэрах існуе прафэсійнае прадусаваньне, прафэсійны бізнэс, укладаньне і абарот фінансаў. Што тычыцца прадусаваньня ў сфэры сярэнявечнай музыкі, то яно ў некаторых краінах у пачатковым стане, а ў некаторых — увогуле адсутнічае. У нашай краіне прадусаваньне сярэднявечнай музыкі выпадковае. Адсутнічаюць людзі, якія займаюцца гэтым стала. Некаторыя прадусары і арганізатары канцэртаў займаюцца гэтым у выпадку нейкага канцэрту. Я лічу, што, маючы тую колькасьць укладзеных у рэкляму, раскрутку і апаратуру фінансаў, якія меў Макс Корж, мы б сабралі калі б і не 15 тысяч, то даволі вялікую колькасьць людзей.

— Чаго чакаеце ад канцэрту, які адбудзецца 17 лістапада ў ДК «МАЗ»?

— Мы прэзэнтуем на канцэрце новы дыск «Santa Maria» — той яго часткі, якая, ўжо запісана і той, што рыхтуецца да запісу, а таксама зайграем старыя кампазыцыі, якія ўжо шмат гадоў падабаюцца і нам і слухачам. Наступны альбом, зь якім мы таксама пазнаёмім слухачоў 17 лістапада, будзе прынцыпова адрозьнівацца ад усіх мінулых. Гэта будзе цалкам сьпеўны альбом. Яшчэ можна сказаць, што гэты канцэрт будзе адрозьнівацца тым, што альбом, які мы прэзэнтуем, гурт «Стары Ольса» запісаў на ўласныя фінансы і на ўласны густ. Гэтае становішча дазволіла нам самім быць крэтэрам прыгажосьці, аўтэнтычнасьці і якасьці гучаньня, а не прыслухоўвацца да меркаваньня спонсараў і прадусараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG