Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым прычына сёньняшніх гучных адставак высокіх чыноўнікаў у сувязі з сытуацыяй на прадпрыемстве «Барысаўдрэў»?

Чаму не выконваюцца распараджэньні кіраўніка дзяржавы – можа іх проста немагчыма выканаць? Ці зьмянілася стаўленьне Лукашэнкі да намэнклятуры, чаму ён усё часьцей публічна ганіць чыноўнікаў перад тэлекамэрамі? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч і шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна.

Цыганкоў: У чым вы бачыце прычыны гэтых звальненьняў? Ці сапраўды гэта выклікана тымі непарадкамі на прадпрыемстве, невыкананьнем распараджэньняў Лукашэнкі – ці тут хутчэй матывы папулісцкія, то бок здабыцьцё электаральнага рэйтынгу?

«Збой дае сама сыстэма кіраваньня»


Сьвятлана Калінкіна

Сьвятлана Калінкіна

Калінкіна: Я думаю, што ў першую чаргу гэта выклікана менавіта невыкананьнем распараджэньняў Лукашэнкі. Год таму ён папярэдзіў, што прыедзе на гэтае прадпрыемства. Мадэрнізацыя ў «Барысаўдрэве» павінна была скончыцца яшчэ ў 2009 годзе, туды былі кінутыя грошы, людзі, ёй займаліся самыя першыя асобы – але ўсё роўна нічога не атрымалася.

І я думаю, адстаўкі – гэта ягоны жэст бездапаможнасьці. Бо тыя мэтады, якімі ён кіруе, яны не працуюць. Эканоміка не падпарадкоўваецца крыку і загадам – але па-іншаму Лукашэнка ня можа. Ён менавіта так прымае рашэньні – таму гэта можа падацца працай на электарат. Але на самой справе гэта проста жэст адчаю.

Цыганкоў: Натуральна, узьнікае пытаньне: калі чыноўнікі ведалі, што іх чакае ў выпадку невыкананьня распараджэньняў прэзыдэнта – можа, гэта такія распараджэньні, якія немагчыма выканаць?

Калінкіна: Я мяркую, яны намагаліся зрабіць усё, але яны не маглі ведаць, што ўсё скончыцца адстаўкамі. Шмат што не выконваецца, пераносіцца – і далёка не заўсёды Лукашэнка паводзіць сябе так, як сёньня. Так што чыноўнікі не былі ўпэўненыя, што сёньня яны пазбавяцца сваіх пасадаў. Аднак галоўнае ў тым, што гэта ня дасьць выніку. Безумоўна, мадэрнізацыя на «Барысаўдрэве» адбудзецца (столькі грошай і сілаў на гэта патрачана), але гэта не зьяўляецца гарантыяй таго, што заўтра такая ж сытуацыя не паўторыцца на нейкім іншым прадпрыемстве. Бо збой дае сама сыстэма кіраваньня, калі на адказныя пасады людзі прызначаюцца не паводле прафэсіяналізму, а паводле прынцыпу знаёмства, асабістай адданасьці, то так у выніку і атрымоўваецца.

«Сытуацыя сьведчыць пра параліч сыстэмы, якую будуе Лукашэнка»


Аляксандар Старыкевіч

Аляксандар Старыкевіч

Старыкевіч: На маю думку, уся гэтая сытуацыя сьведчыць пра параліч той сыстэмы, якую 20 гадоў адбудоўвае Аляксандар Лукашэнка. І тут я б зьвярнуў увагу ня толькі на тое, што казаў кіраўнік Беларусі, але на тое, што адказваў Барыс Батура на прэтэнзіі ў свой бок. Ён сказаў рэч такую ціхенькую, але вельмі дзіўную – «у мяне проста рукі не дайшлі». Уяўляеце – год таму гэта было вызначана як адзін з асноўных накірункаў працы, падпісалі адмысловы дэкрэт, якім забаранілі працаўнікам галіны звальняцца. Усё для фронту, усё да перамогі! І раптам – да гэтага ў кіраўніка вобласьці рукі не даходзяць.

Пры тым, што Батура – ня самы горшы з кіраўнікоў беларускіх абласьцей. Таму я згодны са Сьвятланай, што гэта жэст адчаю. Канечне, сытуацыя на «Барысаўдрэве» – гэта проста нагода, якая была скарыстаная, альбо проста была такая нэрвовая рэакцыя на тле агульнай сытуацыі ў эканоміцы, што зьяўляецца вынікам той «унікальнай мадэлі», архітэктарам якой лічыць сябе Аляксандар Лукашэнка.

Цыганкоў: Лукашэнка сапраўды звольніў ня самага горшага кіраўніка воласьці. Можна заўважыць, што і Батура і Тур мелі рэпутацыю адносна лібэральных і рынкавых кіраўнікоў. Ці можна тут паспрабаваць разглядаць гэта як аслабленьні умоўных «рыначнікаў» у атачэньні Лукашэнкі?

Калінкіна: Я ня ведаю, мне здаецца, адносіць Батуру і Тура да рыначнікаў можна вельмі ўмоўна – ад гэтых людзей сыходзілі апошнім часам зусім ня рынкавыя ініцыятывы. Яны шмат гадоў працуюць у гэтай сыстэме, яны ў яе ўбудаваліся і верна служылі.

Але ў мяне выклікае зьдзіўленьне, чаму ўдар прыйшоўся па ўсіх, акрамя куратараў гэтай мадэрнізацыі – віцэ-прэм’ера Сямашкі і памочніка прэзыдэнта Пракаповіча. Што гэта значыць, я пакуль не магу адказаць. Ці гэта асобы, якія настолькі даўно ва ўладзе, што сталі недатыкальнымі, ці тут нейкі іншы кантэкст – я ня ведаю, але тут ёсьць пра што паразважаць.

«Людзі ў намэнклятуры адасобленыя адзін ад аднаго і напалоханыя»


Цыганкоў: Гэтыя падзеі даюць падставы паразважаць, як Лукашэнка ставіцца да намэнклятуры. Нейкі час было адчуваньне, што ён не жадае злаваць чыноўнікаў, павозіць сябе зь імі дастаткова асьцярожна. Але апошнія месяцы ўсё ня так, яму зноў важней папулізм, трэба ганіць чыноўнікаў перад тэлекамэрамі. Ці ён гэтым самым заваёўвае папулярнасьць электарату?

Старыкевіч: У Беларусі нават фармальныя дамовы не заўсёды выконваюцца, што ж казаць пра нефармальныя. Зусім бязь нейкага ўмоўнага пагадненьня з намэнклятурай кіраваць краінай 20 гадоў немагчыма. Існавалі пэўныя погляды на гэта, але выглядае, што яны ў кожнага боку свае. Бо не было сакрэту, што зь сябе ўяўляе Лукашэнка, які ў яго стыль кіраваньня.

Можна сказаць, што для Батуры і Тура ўсё яшчэ добра скончылася. Я нагадаю, што ў 1997 годзе Васіль Лявонаў, які ў той час быў міністрам, проста адразу трапіў за краты. Яму не пагражалі надзець кайданкі, а проста надзелі. У Беларусі першая асоба сама вырашае, ці трымацца яму тых ці іншых нефармальных пагадненьняў.

Цыганкоў: Дык ці зьяўляецца намэнклятура ў Беларусі хаця б нейкай сілай? Ці яна зусім ня ёсьць нават чыньнікам гульні?

Старыкевіч: Чыньнікам яна, безумоўна, зьяўляецца. Іншая справа, я не ўяўляю сабе, што намэнклятура нейкім адзіным фронтам паспрабавала б ня тое, што Лукашэнку нешта дыктаваць («ты нас не чапай, а мы цябе чапаць ня будзем»), а нават зьвярнуцца да яго – маўляў, Аляксандар Рыгоравіч, мы будзем працаваць яшчэ лепш, але ж вы не чапайце паважаных людзей, калі ласка. Людзі настолькі адасобленыя адзін ад аднаго і напалоханыя, што няздольныя нават на гэта. Намэнклятура ня ў стане ня тое што кіраваць краінай, а нават неяк абараніць нейкіх канкрэтных сваіх аўтарытэтных прадстаўнікоў.

«За правалы, дэвальвацыю Лукашэнка вінаваты ня будзе, на сябе ён адказнасьць ня возьме».


Цыганкоў: Ці ня кажуць публічныя разгоны чыноўнікаў перад тэлекамэрамі, якія пачасьціліся апошнім часам, пра тое, што Лукашэнка думае пра прэзыдэнцкія выбары?

Калінкіна: Мне падаецца, што пра прэзыдэнцкія выбары Лукашэнка думае круглы год. У яго заўсёды – як толькі нешта не атрымліваецца, дык гэта іншыя вінаватыя, а як што добрае – дык гэта ці ня ён сам мэдаль здабыў. Гэта тыя правілы, на якія наша намэнклятура пагадзілася, і таму кожны, хто там працуе, ведае, што ў выпадку чаго адказваць будзе ён, а не Лукашэнка. Нават калі ён выконваў прамы загад Лукашэнкі.

Але цяпер сытуацыя зьмянілася, цяпер яна нэрвовая, эканамічна цяжкая. Яны ня бачаць выйсьця. Мне, напрыклад, распавядалі, што Барыс Батура апошнім часам быў вельмі нэрвовы, крычаў на ўсіх. У любым выпадку за правалы, дэвальвацыю Лукашэнка вінаваты ня будзе, на сябе ён адказнасьці ня возьме. І вось зараз мы і назіраем пошук вінаватых, але ён, на жаль, безвыніковы.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG