Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хочаце свайму хуткага вызваленьня — бярыце крэдыт»


Зьняволеныя працуюць ў 14-й папраўчай калёніі ў Навасадах
Зьняволеныя працуюць ў 14-й папраўчай калёніі ў Навасадах
Размова ідзе як пра тых, хто згодна з вэрдыктам суду мусіць кампэнсаваць пацярпеламу боку фінансавую або маральную шкоду, так і пра тых, хто ніякага пазову ня мае. Ува што абыходзяцца сем’ям гады, праведзеныя за кратамі галоўным яшчэ нядаўна кармільцам?


Зь ліста жонкі ЗК: «Колькі дзясяткаў гадоў трэба працаваць за кратамі, каб пагасіць пазоў?»


Пачнём з допісу Галіны. Яе муж Сяргей — асуджаны адной з папраўчых калёніяў на поўдні краіны. «Тэрмін пакараньня, — піша жанчына, — немалы, і да яго дадаецца даволі адчувальны пазоў. Каб выплачваць яго і адпаведна мець шанец на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, муж не адвільвае ні ад якай працы, наадварот — бярэцца за самую цяжкую, часам траўманебясьпечную, бо такая найбольш высока аплачваецца. Сама болей з таго, што ўдалося зарабіць за час адседкі, — гэта, у пераліку на зялёныя, прыкладна даляраў 100 у месяц. Але такое бывала рэдка. Найчасьцей плацілі даляраў па 5–10. Калі раней на рукі зэку за мінусам усіх вылічэньняў — пражываньне, сьвятло, вада, адзеньне, харчаваньне — трапляла ня меней за 25% ад заробку, то цяпер, згодна з апошняй пастановай Мін’юсту аб спагнаньні да 90%, у месяц не заўсёды атрымаеш і 10 тысяч беларускіх рублёў. Некаторым асуджаным выплачваюць нават менш за тысячу».

«А цяпер, — працягвае Галіна, — палічыце, колькі дзясяткаў гадоў трэба працаваць зьняволенаму за кратамі, каб пагасіць пазоў у дзясяткі, сотні мільёнаў, нарэшце — мільярды беларускіх рублёў. Правільна, на гэта і ўсяго астатняга жыцьця ў вязьніцы ня хопіць. Дарэчы, высокія даўгі, якія вісяць сёньня на беларускіх зэках, зусім ня рэдкасьць. (Я нават чытала, што той жа палітвязень Ігар Аліневіч абавязаны выплаціць пазоў на суму амаль у 100 мільёнаў рублёў за падпал пасольскай машыны, якога ён не рабіў...)

Лягічна выказаць здагадку: дзяржава ўсё ж зацікаўленая, каб пагашэньне пазову не расьцягнулася на 30—80—100 гадоў. На нармальны розум, зэку трэба прапанаваць лепш аплатную працу ці ўвогуле хутчэй вызваліць яго, каб ён ужо на волі пачаў працаваць на пагашэньне пазову, ня кажучы ўжо пра ўтрыманьне сям’і... На справе, аднак, усё інакш. Хоць дзяржава даволі часта рапартуе пра тое, колькі мільярдаў паступіла за год ад пагашаных пазоваў. Удаецца такое з дапамогай самага сапраўднага рэкету, які існуе ў зонах».


«Дайце мужыку працу, каб змог за ўсё разьлічыцца сам»


Галіна тлумачыць, што ў адпаведнасьці з Крымінальна-выканаўчым кодэксам РБ і Правіламі ўнутранага распарадку папраўчых устаноў (ПУР) кожны асуджаны, залежна ад рэжыму ўтрыманьня, мае законнае права на канкрэтную колькасьць ды пэрыядычнасьць атрыманьня такіх выгодаў, як штомесячная, строга на пэўную суму, атаварка ў турэмнай крамцы, кароткія і працяглыя спатканьні з сваякамі, пасылкі, бандэролі...

«Аднак, — чытаем далей у лісьце, — усё, што належыцца чалавеку паводле закону, ператвараецца ў сапраўдны гандаль. Возьмем тыя ж спатканьні.

Залежна ад рэжыму, працяглае спатканьне тэрмінам да трох сутак можна атрымліваць адзін, два, тры ці чатыры разы на год. Колькі менавіта сутак — адны, двое, трое — даць канкрэтнаму асуджанаму, у кожным выпадку вырашае выключна адміністрацыя калёніі. Потым яна ж чакае рэакцыі сваякоў, для якіх колькасьць адведзеных на сустрэчу дзён вельмі важная. Родныя пачынаюць тэлефанаваць і высьвятляць, у чым праблема. Ім у адказ салодкім голасам прапануюць — прывозьце пару-троечку мільёнаў на пагашэньне пазову, і мы дамо вам яшчэ дадатковыя суткі, а мо і двое. У выніку харчовая падтрымка вязьня, пагашэньне пазову, папаўненьне яго асабістага рахунку цалкам кладзеца на плечы сваякоў. Не папоўніў рахунак асуджанаму — ні пра якае ўмоўна-датэрміновае і думаць ня варта... »
Не папоўніў рахунак асуджанаму — ні пра якае ўмоўна-датэрміновае і думаць ня варта

«Маё пытаньне: чаму я, у якой яшчэ на плячах ляжыць адказнасьць за ўтрыманьне дзяцей і падтрымку бацькоў-пэнсіянэраў, мушу рабіць як ламавы конь, каб гасіць пазоў па крымінальнай справе мужа? А калі я не магу зарабіць патрэбнай сумы, ну вось не магу і ўсё тут? Чаму я павінна садзіцца ў даўгавую турму разам са сваімі дзецьмі? Дайце мужыку любую, але аплатную працу, каб змог за ўсё разьлічыцца сам. Немагчыма такое ў турме — вызваліце яго, хай знойдзе такую працу на волі!» — заканчвае свой допіс жонка асуджанага Галіна.


З апытаньня: «Утрымліваць 90% — ненармальна»


Як вы ставіцеся да таго, што ў асуджаных хочуць забіраць да 90% іх турэмнага даходу, ці варта падвышаць заробкі зэкам, якія працуюць, ці выплачваюць яны даўгі па прысудах — такія пытаньні наш карэспандэнт задаў мінакам на вуліцах Магілёва.

Наўпроставы лінк


Як паказала апытаньне, большасьць рэспандэнтаў ня маюць аніякага ўяўленьня, колькі грошай налічваюць асуджаным за працу. Шмат хто лічыць, што плаціць трэба столькі, каб яны былі ў стане пагасіць свой доўг перад дзяржавай. Ёсьць меркаваньні, што працоўным асуджаным няма з чаго налічваць заробкі, бо ў турмах зашмат лішніх людзей і няма працы. У любым выпадку, утрымліваць зь мізэрных заробкаў зэкаў 90% — ненармальна, лічаць апытаныя.


«Ім трэба, каб родныя зэкаў пераводзілі грошы ў калёнію»


«Нават той, хто па жыцьці прывык паводзіць сябе па-мужчынску і не сядзець на шыі ў жонкі, на зоне мусіць існаваць за кошт сям’і, — піша наш сталы чытач ды слухач Зьміцер Вольны. — На зоне рэальна няма працы, тым больш аплатнай. Сярод галоўных кандыдатаў на тое, каб атрымаць яе, — алімэнтшчыкі. Мянты строга выконваюць прэзыдэнцкі ўказ адносна спагнаньняў з тых, хто павінен плаціць за дзіця, хай гэтыя людзі нават і пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. Што да астатніх зэкаў, якія дагэтуль былі ледзь не адзінымі кармільцамі ў сем’ях, дык тут як атрымаецца. Мой пазоў пры канцы нулявых быў параўнальна невялікі. Аднак каб не грашовыя пераводы сям’і на мой асабовы рахунак, то я, пры тых налічаных мне заробках у 10 тысяч рублёў, яго і дагэтуль ня выплаціў бы».

Мянчук Віталь нядаўна вызваліўся з Магілёўскай калёніі. За краты трапіў паводле артыкула 206 (рабунак) і паводле пастановы суду мусіў выплачваць дзяржаве вялікую суму.

Віталь: «Згодна з артыкулам мне далі 9 гадоў. Выйшаў паводле амністыі праз 8. Пазоў выплачваў, хоць і не працаваў. Бо працы проста не было. За працу, якую прапаноўвалі, пасьля ўсіх вылічэньняў можна было мець у месяц 10–20 тысяч. Паводле цяперашніх цэнаў — пачак цыгарэтаў. Нармальная па мерках зоны заработная плата налічваецца выключна алімэнтшчыкам. Толькі гэтай катэгорыі выпісваюць адносна вялікія сумы, незалежна ад таго, чым яны займаюцца. Працуючы прыбіральшчыкамі, дворнікамі — у прынцыпе, няважна кім — яны сапраўды зарабляюць, а іхнія грошы пералічаюцца на дзяцей. Вось такая сытуацыя з заробкамі».

Пытаюся ў Віталя: якім чынам ён гасіў доўг?

Наўпроставы лінк


«Дзесьці з 2009 году існуе такое палажэньне, калі кожны асуджаны прымусова-добраахвотна піша заяву, згодна зь якой ён просіць вылічваць зь ягонага асабовага рахунку пэўную суму на пагашэньне пазову. І, вядома ж, адміністрацыі было вельмі зручна, што ў зэка ёсьць такія мама, тата, жонка, якія пераводзяць тыя грошы ў калёнію. Усе, хто меў пазовы, такія заявы пісалі. Навошта чалавеку дадатковыя праблемы?»


Праца на загад зьверху. У якасьці пакараньня


Тое, што папраўчыя ўстановы не зьбіраюцца прапаноўваць зэкам сапраўднай працы, каб тыя не паразытавалі за кошт сям’і, пацьвярджае і былы палітвязень з Горадні, у мінулым прадпрымальнік Аляксандар Васільеў. Ён мяркуе, што намер турэмных уладаў вылічваць 90% з заробкаў вязьняў ня мае пад сабой глебы. Чаму? Таму што на зоне, а ён сядзеў у колішняй 1-й калёніі ў Менску, а таксама ў 8-й у Воршы, рэальна няма працы. Гэтак, у ягоным былым атрадзе са ста трыццаці чалавек толькі чалавек пяць-шэсьць працавалі. Гэтыя людзі самі выказвалі такое жаданьне. Што да Васільева, то ён апынуўся ў своеасаблівай сытуацыі: яго працаваць прымушалі, як ён успамінае, «у якасьці пакараньня».

«Калі мая жонка прыехала ў папраўчую калёнію нумар восем, я там — па прымусу, можна сказаць, — чысьціў кабэлі, медзь здабываў. І яна пытаецца: колькі зарабіў? А яны там круцілі-круцілі, так і не змаглі толкам адказаць. Нейкія сымбалічныя грашы выдавалі, якіх на самыя танныя цыгарэты хапала. Таму тыя іхнія апошнія пастановы, каб спаганяць 90%, — гэта, хутчэй за ўсё, проста блеф. Яны або робяць выгляд, што ня ведаюць, што там чыніцца, або проста падманваюць людзей — што вось будуць вылічваць зь іх. Што там вылічыш? Там нічога ня вылічыш! Гэта, хутчэй за ўсё, проста фармальнасьць».
Тыя іхнія апошнія пастановы, каб спаганяць 90%, — гэта, хутчэй за ўсё, проста блеф

А чаму няма працы ў калёніях? Немагчыма наладзіць вытворчасьць ці прадукцыю ня хочуць браць — напрыклад, дзеля кепскай якасьці? Або турэмнае начальства ня можа ці ня хоча забясьпечыць зьняволеных рэальнай працай?

Васільеў: «У Воршы займаліся выпускам мэталічных каністраў для бэнзіну, для нафтапрадуктаў. Яны, можа, некалі карысталіся попытам, у савецкія часы, напрыклад, у войску, але цяпер нікому не патрэбныя. А хто будзе нешта новае там прыдумляць? Гэта трэба сродкі ўкласьці, нешта арганізаваць. А відаць, ва ўмовах Беларусі гэта зрабіць немагчыма. Бо калі прадпрымальнікі ўкладаюць, яны павінны прыбытак атрымаць, а тут нічога не атрымаеш».
Вытворчасьць вёдраў у ПК-14
Вытворчасьць вёдраў у ПК-14

Паводле Аляксандра Васільева, людзі ў калёніі трапляюцца розныя:

«Хто пастаянна па турмах — яны прывыклі бяз працы. А рабацягі, яны ў зоне просяцца, каб занятак быў. А я не прасіўся, але начальнік мне: сказалі, каб цябе на месца паставіць, каб ты чысьціў. Калі адмоўлюся, яны ў ШЫЗА пасадзяць. І я кажу: рэальна з атраду ў сто трыццаць чалавек пяць працуюць. Большасьць не працуе. 90% і больш — увогуле нічога ня робяць, таму што няма там працы».


«Выдойваньне зь сямейнага бюджэту вязьня будзе адбывацца паводле цяперашняй схемы»


Для таго каб вязень мог працаваць і не заганяць сваіх родных у даўгавую яму, трэба мяняць саму турэмную сыстэму, лічыць былы палітвязень, лідэр праваабарончай «Плятформы» Андрэй Бандарэнка.

Пры сытуацыі, калі за краты ў нашай краіне можа трапіць кожны, турмы і папраўчыя ўстановы вельмі затратныя для нашага бюджэту. Але ж кіраўніцтва пэнітэнцыярнай сыстэмы мусіць адрапартаваць прэзыдэнту, што галіна гэтая зусім ня стратная і для папаўненьня казны пастаянна робіцца ўсё магчымае. Пастанова Мін’юсту Беларусі № 159 ад 15.10.2013 аб спагнаньні да 90% — якраз з гэтай сэрыі, — камэнтуе дакумэнт праваабаронца.

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
Бандарэнка: «Ані тэарэтычнага, ані практычнага значэньня новыя захады мець ня будуць. Як для дзяржавы, так і для саміх зэкаў. Ну, будуць зэкі замест 10 тысяч атрымліваць 5, замест 500 рублёў — 200. Ну і што? Мяркую, што пастанова закране пэнсіянэраў за кратамі. Напрыклад, прадстаўнікоў розных сілавых структураў, немалыя пэнсіі якіх скароцяць на 90%. Калі казаць пра сем’і, дык тут таксама нічога новага. Далейшае выдойваньне зь сямейнага бюджэту вязьня будзе адбывацца ўжо паводле цяперашняй схемы, а менавіта — грошы ў абмен на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. „Хочаце хутчэй убачыць сына-мужа-брата — вазьміце крэдыт у банку і пагасіце пазоўныя патрабаваньні“, — так кажуць у некаторых калёніях».


Альтэрнатыўныя пакараньні за эканамічныя злачынствы ў абмен на пагашэньне пазыкаў


«Калі падлічыць усе пазоўныя патрабаваньні да ЗК, то дзяржава столькі грошай нават ніколі і не друкавала», — лічыць праваабаронца. Пры гэтым колькасьць прызначаных судом нерэальных пазоваў расьце, аднак дзяржава багацейшай не становіцца.
Калі падлічыць усе пазоўныя патрабаваньні да ЗК, то дзяржава столькі грошай нават ніколі і не друкавала

«Ужо даўным-даўно трэба было перагледзець прысуды паводле эканамічных артыкулаў, выпрацаваць розныя альтэрнатыўныя пакараньні ў абмен на пагашэньне пазыкаў. Таксама патрэбны новы падыход судоў да вынясеньня тых жа пазоваў, бо ёсьць артыкулы, якія супярэчаць міжнароднаму праву, напрыклад, адносна таго ж незаконнага прадпрымальніцтва», — лічыць былы вязень.

Як паказвае досьвед цывілізаваных краінаў, турмы павінны існаваць выключна для той катэгорыі злачынцаў, якую сапраўды трэба ізаляваць. Для так званых «эканамістаў» існуе той жа хатні арышт або вызваленьне пад заклад. Што выйграе дзяржава ад утрыманьня ў турэмнай камэры СІЗА зь яе катавальнымі ўмовамі таго ж абвінавачанага ў нявыплаце падаткаў? Паводле экспэртаў у галіне права, сам гэты арышт клясыфікуецца як ня меншае злачынства. Або такі момант: якая выгада дзяржаве ды грамадзтву ад таго, што за забойства могуць прызначыць меншае пакараньне, чым за «надзьмуты» эканамічны склад злачынства? Большасьць краінаў сьвету на ўласным досьведзе пераканалася: каб пэнітэнцыярная сыстэма была эфэктыўнаю, трэба рухацца ў бок зьмякчэньня пакараньня, хоць бы за тыя ж эканамічныя злачынствы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG