Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мазыр: прафсаюзьнік Ключнікаў застаецца бяз працы


Уладзімер Ключнікаў

Уладзімер Ключнікаў

8 лістапада судзьдзя Мазырскага раённага суду Валянціна Загароўская не задаволіла пазоў сябра Незалежнага прафсаюзу, трубаўкладчыка Ўладзімера Ключнікава да дырэкцыі нафтаперапрацоўчага заводу аб аднаўленьні на працы.

«Вядома, я такім рашэньнем расчараваны. Але мы часткова рыхтаваліся да такога выраку. Духам я ня падаю. Зьбіраюся далей аспрэчваць загад на маё звальненьне», — заявіў Радыё Свабода Ўладзімер Ключнікаў.

Загад на звальненьне трубаўкладчыка 12-га цэху, старшыні цэхавага камітэту незалежнай прафсаюзнай арганізацыі генэральны дырэктар НПЗ Анатоль Купрыянаў падпісаў 20 верасьня. Звольнілі яго на падставе дакладной запіскі начальніка цэху № 12 парапаветразабесьпячэньня Дзьмітрыя Корбута, паводле якой Уладзімер і ягоны напарнік Антон Карлашоў нібыта адмовіліся выгрузіць з трактарнага вазка мэталалом і кавалкі рубэройду, а пасьля нібыта адмовіліся даць на гэты конт тлумачэньні.

Карлашова пакаралі дысцыплінарна, а Ўладзімера Ключнікава звольнілі, бо раней у яго былі дысцыплінарныя спагнаньні — за адмову паказаць ахоўніку на тэрыторыі цэху свой пропуск, а таксама за прагул, якога, як кажа Ключнікаў, не было. Спагнаньні гэтыя Ключнікаў яшчэ аспрэчвае ў судах.

«У ніводным выпадку, за што мяне пакаралі, я не лічу сябе вінаватым. І не лічу, што там сапраўды ёсьць падстава, каб мяне караць. Лічу, што кіраўніцтва цэху ды, у прынцыпе, і кіраўніцтва заводу хочуць, каб людзі не супраціўляліся таму, што ім прыпісваюць. Не супраціўляліся іхнім няправільным дзеяньням. Тыя, хто не супраціўляецца, лічацца ляяльнымі да адміністрацыі, — кажа Ключнікаў. — А хто супраціўляецца, спрабуе аспрэчыць няправільныя дзеяньні альбо парушэньні, — тыя ўваходзяць у катэгорыю дрэнных людзей, кепскіх працаўнікоў. Адпаведна, ад іх спрабуюць пазбавіцца».

Уладзімер Ключнікаў як грамадзкі інспэктар незалежнага прафсаюзу ня раз пісаў заўвагі на парадкі ў цэху.
Паглядзіце, за што чалавека пазбавілі працы — за пабочную працу, якая да ягонай спэцыяльнасьці дачыненьня ня мае

Старшыня пярвічнай арганізацыі Незалежнага прафсаюзу на НПЗ Юры Швец, які выступаў на судзе сьведкам і зьвяртаў увагу судзьдзі Загароўскай на тое, што Ўладзімер Ключнікаў як кіраўнік цэхавай прафсаюзнай суполкі звольнены насуперак пагадненьню паміж Незалежным прафсаюзам і канцэрнам «Белнафтахім», кажа:

«Паглядзіце, за што чалавека пазбавілі працы — за пабочную працу, якая да ягонай спэцыяльнасьці дачыненьня ня мае. І ўсе папярэднія прэтэнзіі, якія выстаўлялі тут прадстаўнікі адміністрацыі — і ня толькі да Ўладзімера, але й іншых, — зьвязаныя з гаспадарчай працай: то з травою, то з жалезам, то са сьмецьцем. Гэта дэманстрацыя адміністрацыйнага рэсурсу, выбачаюся, публічнае сьцёбаньне, каб было непанадна іншым. І каб усе іншыя, хто ў незалежным прафсаюзе трымаецца, задумаліся, а ці варта быць у ім, ці варта чакаць нечага падобнага. У суды мы пачалі зьвяртацца з 2008 году. І вымушае нас сюды ісьці адміністрацыя. Заўсёды адна ўмова: ідзіце ў суд».

Раённы суд, як лічыць прафсаюзны лідэр, — гэта ступень, якую нельга абмінуць у справе аднаўленьня справядлівасьці.

Дарэчы, пазовы да дырэкцыі НПЗ накіравалі ў суд і яшчэ чацьвёра сяброў Незалежнага прафсаюзу, звольненых цягам кастрычніка.
XS
SM
MD
LG