Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь займае 17 пазыцыю ва ўсясьветным рэйтынгу ваенізаванасьці. Рэйтынг складзены Міжнародным інстытутам канвэрсіі ў Боне і мае назву Global Militarisation Index. З постсавецкіх краін у першую дваццатку сёлета трапілі 5: на трэцім месцы Расея; Азэрбайджан і Армэнія таксама ўваходзяць у дзясятку. А вось Украіна апынулася на 20-м месцы. Пра што насамрэч сьведчыць рэйтынг?

Навіна пра тое, што Беларусь увайшла ў топ-20 самых ваенізаваных краінаў у сьвеце паводле вэрсіі Міжнароднага інстытуту канвэрсіі ў Боне, насамрэч далёка не навіна. Свой статус у рэйтынгу Global Militarisation Index Беларусь толькі пацьвердзіла. У дваццатку яна ўваходзіць стабільна ад моманту здабыцьця незалежнасьці і звычайна займае там пазыцыі ў канцы другога дзясятку. А вось «рэкорду» дасягнула ў 2009-м, калі заняла 10 месца.

Экспэрты таго ж Міжнароднага інстытуту канвэрсіі зьвязвалі ўсплёск мілітарызацыі Беларусі з тым, што войска выкарыстоўваецца аўтарытарным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі як стабілізацыйны фактар.

І сапраўды, крытэр «ваенізаванасьці», на падставе якога і ствараецца індэкс, хутчэй характарызуе палітычную ўладу, чым сьведчыць пра сапраўдную баяздольнасьць войска той ці іншай краіны.

Можа, якраз таму беларускія вайсковыя экспэрты падобным рэйтынгам не давяраюць. Ствараюцца яны тэхнічным парадкам: выдаткі на абарону параўноўваюцца з ВУП і выдаткамі на ахову здароўя, колькасьць вайскоўцаў — з колькасьцю дактароў у адносінах да ўсяго насельніцтва краіны, падлічваецца колькасьць цяжкага ўзбраеньня, вайсковых пунктаў і, натуральна, саміх вайскоўцаў. Паводле ўсіх гэтых паказчыкаў Беларусь застаецца амаль на ўзроўні 1992 году, калі займала ў рэйтынгу 15 месца.

Былы міністар абароны Павал Казлоўскі кажа, што рэйтынг рэальнага стану рэчаў не паказвае:

«Рэсурс ужо ў вялікай колькасьці ўзбраеньняў даўно выпрацаваны. Калі браць паводле стану тэхнікі і ўзбраеньняў, мы далёка ад гэтага месца».

«Добра, калі мы на якім 60-м месцы, — пагаджаецца з Паўлам Казлоўскім вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін. — Усё, што я ведаю тут знутры, толькі пацьвярджае, што адбываецца дэградацыя вайсковай сфэры».

Алесін падкрэсьлівае, што нават калі зыходзіць зь лёгікі аўтараў рэйтынгу, то ў Беларусі рэзка скарацілася доля вайсковых выдаткаў у параўнаньні з ВУП. Паводле дадзеных экспэрта, яна ледзьве перавышае адзін працэнт, а гэта адзін з самых нізкіх паказьнікаў.

Тым больш абгрунтаваны недавер экспертаў, калі ацэньваць беларускую вайсковую тэхніку.

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«За апошні час мы страцілі значную частку баявой авіяцыі — парадку 40 франтавых бамбавікоў і 14 цяжкіх франтавых перахватчыкаў зьнятыя з эксплюатацыі, — распавядае Алесін. — Калі нешта і адбываецца, дык гэта старэньне вайсковага патэнцыялу. Тэхніка нашая ўся — вытворчасьці другой паловы 70-х — 80-х гадоў. Ці можна яе сапраўды выкарыстоўваць, ніхто нават з вайскоўцаў пэўна ня можа сказаць. За гэты час тэхнічны прагрэс настолькі прасунуўся наперад — цяпер гэта крылатыя ракеты, кіраваныя бомбы, бесьпілётныя авіяцыйныя прылады. Нічога гэтага ў вялікіх колькасьцях у нас няма».

«Вазьміце танкі, — ужо як на пальцах тлумачыць Аляксандар Алесін. — Супрацьтанкавыя тэхналёгіі ўжо даўно пайшлі наперад, а нашыя танкі дагэтуль стаяць на ўзбраеньні, лічацца рэзэрвам. Іх і ўтылізаваць няма грошай, і новыя набыць няма магчымасьці. Гэтаксама артылерыйскія сыстэмы вельмі старыя. Рэальная баяздольнасьць перад выклікам сучаснай вайны вельмі зьнізілася».

«Так, вайскоўцаў у нас сапраўды нямала, і яны добра падрыхтаваныя, — пацьвярджае Алесін. — Але калі наш праціўнік — краіны НАТО — будзе страляць высокадакладнай зброяй, выпускаючы па некалькі сотняў, а то і тысячаў крылатых ракет, то мы нават не дацягнемся да таго праціўніка, каб зь ім схапіцца ўручную».

Паводле словаў экспэрта, параўноўваць сваю баяздольнасьць Беларусь можа хіба з Малдовай ці Ўкраінай. Магчыма, што тут беларусы нават мацнейшыя.

«Але калі браць флягманаў — тыя ж краіны НАТО, — то мы вельмі слабыя. І нашая баяздольнасьць працягвае скарачацца», — заключае Алесін.

Што да краін з найбольш эфэктыўнымі войскамі, то яны ў рэйтынгу займаюць розныя пазыцыі. Ізраіль — на першым месцы, ЗША — на 27-м, Вялікая Брытанія — на 63-м, а Японія — на 111-м.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG