Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жыхар Магілёва, сябар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў патрабуе ад кіраўніцтва аб’яднаньня «Магілёўаблаўтатранс», каб кіроўцы аўтобусаў прыбралі з кабінаў машын расейскія сьцяжкі.

У скарзе ён падае нумары аўтобусаў, кіроўцы якіх павывешвалі сымболіку суседняй дзяржавы. Акрамя кіраўніцтва «Магілёўаблаўтатранса», зварот актывіст адрасаваў і ва ўпраўленьне ідэалягічнай працы Магілёўскага гарвыканкаму.

У сваім звароце да аўтобуснікаў актывіст зазначае, што Беларусь — незалежная краіна, і каб дасягнуць незалежнасьці, яна прайшла доўгі шлях праз пакуты і трагедыі. Вывешваньне расейскіх сьцягоў у грамадзкіх аўтобусах, даводзіць Барысаў, — выклік як беларускай дзяржаўнасьці, гэтак і грамадзянам краіны. Сваю прыхільнасьць да той ці іншай дзяржавы кіроўцы аўтобусаў могуць дэманстраваць у сваіх прыватных аўтамабілях, кажа ў звароце сацыял-дэмакрат Ігар Барысаў.

Ігар Барысаў

Ігар Барысаў

«Яны проста выхаваныя ў савецкай і расейскай культуры і нават не задумваюцца пра тое, што робяць. Тым болей шмат хто з кіроўцаў працаваў у Расеі. Начальнікам жа нават і ў галовы ня можа прыйсьці, што тут нешта ня так, бо ўвечары яны глядзяць тыя ж самыя расейскія сэрыялы, фільмы пра Вялікую Айчынную вайну, расейскія навіны, дзе ўсё расейскае і рускамоўнае», — камэнтуе сытуацыю Ігар Барысаў.

Актывіст патрабуе, каб з кіроўцамі аўтобусаў правялі прафіляктычныя гутаркі, а тым, хто мае расейскія сьцяжкі, зрабілі заўвагу пра недапушчальнасьць выкарыстаньня ў грамадзкім транспарце замежнай сымболікі.

Ігар Барысаў кажа, што працяглы час у Магілёве невядомыя бясплатна раздаюць расейскія сьцяжкі кіроўцам аўто. На кантакт яны не ідуць. Пры спробе пагутарыць — уцякаюць. Раздаюць маладзёны расейскую сымболіку, калі машыны стаяць на сьвятлафорах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG