Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«БЕЛСАТплюс» супраць «Белсат ТВ»: чаго хоча Белякоў?


Дырэктар прадпрыемства ЧТУП «БЕЛСАТплюс», якое гандлюе спадарожнікавым абсталяваньнем, Андрэй Белякоў заявіў у размове з карэспандэнтам Свабоды, што толькі суд мае разьвязаць яго спрэчку з тэлеканалам «Белсат» адносна таварнага знаку.

Андрэй Белякоў заявіў, што ягоная кампанія мае выключныя правы на гэты таварны знак на тэрыторыі Беларусі:

«Нашмат раней, чым гэтымі правамі (яны і цяпер іх ня маюць) валодала „Тэлевізія Польска“. На тэрыторыі Беларусі яны такіх правоў ня маюць на гэты таварны знак. І ніколі ня мелі, хоць спрабавалі падаваць на рэгістрацыю на тэрыторыі Беларусі гэтага таварнага знаку. На сайце Мадрыдзкага пагадненьня выкладзена, як яны вялі перапіску зь беларускімі органамі, з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасьці. І зь якой прычыны ім было адмоўлена. Гэтая інфармацыя адкрытая. Першы суд, дзе пазоўнікам была „Тэлевізія Польска“, а я адказчыкам, яны прайгралі па гэтым жа пытаньні ў прынцыпе», — сказаў Белякоў карэспандэнту Свабоды.

Ад камэнтароў наконт таго, чаго ён дамагаецца ад тэлеканалу «Белсат», Белякоў адмовіўся:

Лягатып «БЕЛСАТплюс»
«Пазыцыя будзе выкладзена ў судзе, таму я камэнтаваць ня буду. Я паглядзеў на выступы Рымашэўскай на tut.by, і там вельмі шмат ёсьць няправільнага. Я ня буду камэнтаваць, гэта будзе выкладзена на судзе».

На пытаньне, чаму ён ня хоча ўзяць грашовую кампэнсацыю ад «Белсату», Белякоў сказаў, што кампэнсацыю яму ніхто не прапаноўваў.

«Спосабы абароны таварнага знаку выкладзеныя ў артыкулах Грамадзянскага кодэксу № 11 і 29».

На пытаньне, ці ня можа стаць антырэклямай для ягонага ўнітарнага прадпрыемства «БЕЛСАТплюс» пазоў у суд да тэлеканалу, бо справа ў выніку набывае палітычную афарбоўку, Белякоў сказаў:

«Мае патрабаваньні ўкладаюцца ў патэнтнае заканадаўства, Мадрыдзкае пагадненьне, пад якім падпісаліся Польшча і Беларусь. І да палітыкі ніякага дачыненьня ня маюць.

Справа ў тым, што гэта ўжо даўняя гісторыя. Першым быў пазоў ад кампаніі «Тэлевізія Польска». Канал «Белсат» уваходзіць у склад «Тэлевізіі Польскай». Канал «Белсат» не зьяўляецца самастойнай юрыдычнай асобай. А кампанія «Тэлевізія Польска» зьяўляецца. Цяпер прад’яўляюцца патрабаваньні да «Тэлевізіі Польскай».

ЧТУП «БЕЛСАТплюс» займаецца продажам спадарожнікавага абсталяваньня. Цяпер прадпрыемства патрабуе, каб спадарожнік «Astra» прыпыніў трансмісію сыгналу тэлебачаньня «Белсат». Судовы разбор мае пачацца 11 лістапада ў Вярхоўным судзе ў Менску.
Я мяркую, вырак у такой справе будуць выкарыстоўваць, каб чарговы раз адмовіць нам у акрэдытацыі

У рэдакцыі тэлеканала «Белсат» паведамілі, што будуць намагацца пераносу судовага паседжаньня, бо інфармацыю пра суд атрымалі толькі 5 лістапада і ня мелі часу падрыхтавацца.

Тэлеканал «Белсат» і адпаведны інтэрнэтны дамэн зарэгістраваныя ў Польшчы.

Дамэннае імя не зарэгістраванае ў Беларусі і не адмініструецца з тэрыторыі Беларусі, таксама і тэлебачаньне не трансьлюецца з тэрыторыі Беларусі. Адпаведна, і знак не падпадае пад юрысдыкцыю беларускага права. Да таго ж «Белсат» зарэгістраваны як «Белсат ТВ» («Belsat TV»).

«Я мяркую, вырак у такой справе будуць выкарыстоўваць, каб чарговы раз адмовіць нам у акрэдытацыі», — адзначае дырэктарка каналу Агнешка Рамашэўска-Гузы.

«Белсат» трансьлюецца са спадарожніка «Astra 4A» (ранейшая назва — «Sirius 4»), пазіцыя 4,8˚E [1], палярызацыя H [2], частата 12 380 МГц, штодзённа з 7:00.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG