Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пішуцца падручнікі па гісторыі ў краінах колішняга СССР — Украіна


Ва ўкраінскіх падручніках гісторыі ёсьць шэраг спрэчных момантаў, пра якія вядуцца дэбаты паміж навукоўцамі, выкладчыкамі і палітыкамі. Акцэнты пры асьвятленьні гэтых тэмаў часта зьмяняюцца ў залежнасьці ад палітычнай сілы, якая пераважае ва ўрадзе.

Гаворка ідзе пра Галадамор, дзейнасьць Украінскай паўстанцкай арміі, а таксама шэраг нюансаў гістарычных стасункаў паміж Украінай і Расеяй.

Да 2010 году ў падручніках вялікае значэньне надавалася тэме Галадамору. Голад 1932–1933 гадоў асьвятляўся як асэнсаваны плян кіраўніцтва СССР па зьнішчэньні ўкраінскага сялянства і цэлага народу.

З прыходам на пасаду прэзыдэнта Віктара Януковіча ў 2010-м канцэпцыя часткова зьмянілася: Галадамор у падручніках падаюць як агульную трагедыю народаў СССР, а не як асобны акт генацыду ўкраінцаў.

Адна з самых вострых гістарычных тэмаў ва Ўкраіне — дзейнасьць Украінскай паўстанцкай арміі ў 40–50-х гадах XX стагодзьдзя. Да 2010 году ў падручніках барацьбе УПА зь нямецкімі захопнікамі надавалася вялікае значэньне, цяпер жа лічыцца, што ня менш адважна змагаліся зь немцамі і савецкія партызаны.

Дыскусіі пра падручнікі часьцей за ўсё маюць характар супрацьстаяньня паміж прыхільнікамі савецкай гістарычнай школы і адэптамі канцэпцыі гісторыі як барацьбы народу за незалежнасьць ад розных акупантаў, перш за ўсё — Расеі, Польшчы, Вугоршчыны і Нямеччыны.

Пытаньне русыфікацыі Ўкраіны таксама выклікае некаторыя спрэчкі. Да прыкладу, раней расповеду пра стратэгію савецкай улады ў справе русыфікацыі Ўкраіны ў падручніках адводзілася тры старонкі, а цяпер — некалькі абзацаў. Да таго ж сам тэрмін «русыфікацыя » заменены на фармулёўку — «узмацненьне расейскай мовы савецкай уладай».
XS
SM
MD
LG