Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзень прыезду Аляксандра Лукашэнкі на «Барысаўдрэў» рабочым зрабілі прымусовы выходны.

Аляксандар Лукашэнка з працоўнай паездкай знаходзіцца ў Барысаве. Галоўная мэта візыту — адкрыць футбольны стадыён і наведаць прадпрыемства «Барысаўдрэў». Згодна зь леташнім распараджэньнем кіраўніка краіны, у лістападзе 2013 году прадпрыемства мусіла завяршыць мадэрнізацыю вытворчасьці.

Як паведаміў Свабодзе барысаўскі актывіст Міхаіл Васільеў, у сувязі з прыездам Лукашэнкі напярэдадні, у дзень дзяржаўнага сьвята 7 лістапада, у працоўных «Барысаўдрэва» быў працоўны дзень — яны прыбіралі тэрыторыю і завяршалі працы на вытворчасьці.

Сёньня ж 90% працаўнікоў атрымалі выходны, які мусяць адпрацаваць 16 лістапада. На прадпрыемства прыйшлі толькі тыя працаўнікі, якія былі задзейнічаныя ў дэманстраваньні працы цэху па вытворчасьці новых драўнянавалакністых плітаў.

Працоўныя гэтага цэху заяўляюць, што новая вытворчасьць мае шмат недапрацовак і вельмі шкодная для здароўя: яны мусяць дыхаць драўнінным пылам, фармальдэгідам і працаваць ва ўмовах падвышанага шуму. З гэтай прычыны некаторыя працоўныя гэтага цэху звальняюцца з прадпрыемства, не зважаючы на высокі, як на Барысаў, заробак — 5 мільёнаў рублёў.

Міхаіл Васільеў таксама паведаміў, што ад ранку ў Барысаве — процьма міліцыі на ўсіх вуліцах, асабліва бліжэй да цэнтру. Таму мясцовыя актывісты стараюцца не падыходзіць блізка да цэнтру гораду, каб «ня бавіць час у кампаніі супрацоўнікаў спэцслужбаў».
XS
SM
MD
LG