Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялізныя чэргі на перасячэньне літоўскай і польскай межаў утварыліся 6 і 7 лістапада.

Грамадзяне Беларусі, якія ўяжджалі ў Беларусь і якія пакідалі краіну, лічаць, што праблема — у беларускім боку, што на пунктах пропуску не хапае супрацоўнікаў.

Так, Мікалай Уласевіч з Астраўца вяртаўся з Польшчы ноччу на 6 лістапада. У пункце пропуску «Брузгі-Кузьніца» ён мусіў прастаяць 7 гадзінаў. З улікам адносна невялікай колькасьці машынаў Мікола Уласевіч мяркуе, што памежнікі наўмысна тармазілі працэс афармленьня грамадзянаў і іхняга асабістага транспарту:

«Адбываўся натуральны зьдзек. Тыя, хто ехаў праз чырвоны канал, практычна стаялі на месцы. Зялёны калідор рухаўся без асаблівых праблемаў. Я быў у чырвоным. Нас трымалі там амаль 7 гадзін, гэта пры тым, што калі я прыехаў, то перада мной было толькі 20 машын. Калі засталося 2 машыны, памежнік сышоў, таму што набліжаўся канец зьмены. І толькі праз 30 хвілін прыйшлі супрацоўнікі іншай зьмены. Але, па сутнасьці, на два каналы працаваў адзін чалавек.

Вельмі шмат людзей едуць праз чырвоны калідор, таму што вязуць розныя тавары, якія падлягаюць дэкляраваньню. Амаль што ў кожнай машыне я бачыў тэлевізары. А ў некаторых — дык і па два. Таксама вязуць „гуму“, усё ж там у 2 разы гэтыя тавары таньнейшыя».

Мікалай Уласевіч кажа, што дакладна высьветліць, які бок вінаваты ў затрымцы, цяжка, бо калі тармозіць адзін, то адпаведна запавольваецца і другі.

Мікалай Уласевіч

Мікалай Уласевіч

«Але ў мяне склалася ўражаньне, што менавіта беларускі бок больш тармазіў, і адпаведна палякі ўжо падстройваліся», — выказаў меркаваньне Мікалай Уласевіч.

А вось гарадзенец Уладзімер, які часта езьдзіць у Польшчу, паведаміў Радыё Свабода, што 7 лістапада на пераходзе «Брузгі-Кузьніца» стаялі ў чарзе 400 машын.

«Чэргі часам утвараюцца зь невядомых прычынаў. Бывае, паедзеш у будзённы дзень, а там пад 200 машын стаіць. Бывае, заедзеш на зялёны калідор і чакаеш
Мы іх, дарэчы, „царамі“ называем. Твары ў іх звычайна такія, як быццам яны пуп зямлі
хвілін 10–15, пакуль да цябе падыдзе памежнік. Мы іх, дарэчы, „царамі“ называем. Твары ў іх звычайна такія, як быццам яны пуп зямлі. Калі я доўга стаю ў чарзе на ўезьдзе ў Беларусь, то, бывае, тэлефаную на гарачую лінію, пытаюся, чаму чарга ня рухаецца, чаму стаім бяз руху ўжо 2 гадзіны. Дык там адказваюць, што нічога, маўляў, страшнага, людзі і па 5 гадзін стаяць. За людзей нас не трымаюць, карацей.

Гэтымі днямі вельмі вялікія чэргі ў Польшчу і Літву. Я чуў, што ўчора на Польшчу стаяла 400 машын — гэта вельмі шмат. Я лічу, што вінаваты наш бок, таму што не хапае людзей. Ні памежнікаў, ні мытнікаў. Таму і не ўпраўляюцца. Дзіўна, што калі тэлефануеш на гарачую лінію, то там адказваюць, што гэта вінаватыя палякі ці літоўцы, а ў нас усё добра, прапускная здольнасьць у межах нормы. Але калі я выяжджаю зь Беларусі і бачу, што нэўтральная тэрыторыя чыстая, то значыць, што праблема ў нас.

Не трымаюць нас за людзей. А людзі, якія едуць у Польшчу, гэта незалежныя людзі. Яны ня просяць нічога ў дзяржавы, самі стараюцца зарабіць. Тут жа і бабкі езьдзяць, і ясна, што не ад добрага жыцьця. Былі б нармальныя заробкі ў нашай краіне, ніхто б так ня езьдзіў, нічога б гэтага не было».

Мы папрасілі пракамэнтаваць чэргі на мяжы намесьніка начальніка прэс-цэнтру Дзяржаўнага памежнага камітэту Антона Бычкоўскага, які, наадварот, лічыць, што затрымкі ўтвараюцца з-за супрацоўнікаў прапускных пунктаў сумежных дзяржаваў:

«Так, вялікія чэргі былі ў выходны дзень, 7 лістапада, нягледзячы на тое, што беларускія пункты пропуску працавалі ў штатным рэжыме. Сытуацыя заключалася ў тым, што рэзка павялічыўся пасажырапаток праз пункты пропуску на літоўскай і польскай межах. Дзяржаўны памежны камітэт зрабіў захаду дзеля павелічэньня прапускной здольнасьці. У прыватнасьці, да працы далучыліся дадатковыя супрацоўнікі. Аднак зь нявысьветленых прычын на польскім і літоўскім кірунку памежнікі сумежных дзяржаваў прымалі ўжо аформленых з нашага боку грамадзянаў і транспартныя сродкі вельмі марудна. Праз гэта і сфармаваліся чэргі. Калі сумежныя дзяржавы не прымаюць, то зразумела, што і беларускі бок запавольвае працу, таму што няма куды выпускаць транспарт.

Цяпер сытуацыя стабілізавалася, адпавядае сярэднестатыстычнаму пятнічнаму дню. Аднак бліжэй да вечара ў пятніцу заўсёды павялічваецца колькасьць машын у сувязі з тым, што зноў людзі едуць за мяжу на выходныя».
XS
SM
MD
LG