Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Барысаве Лукашэнка звольніў Тура і Батуру


Барыс Батура

Барыс Батура

Падчас вывучэньня сытуацыі на барысаўскіх прадпрыемствах Аляксандар Лукашэнка звольніў кіраўніка Менскага аблвыканкама Барыса Батуру, намесьніка кіраўніка сваёй адміністрацыі Андрэя Тура, а таксама старшыню канцэрна «Беллеспаперапрам» Аляксандра Пераслаўцава.

Строгую вымову атрымаў кіраўнік адміністрацыі Андрэй Кабякоў, паведамляе БелТА.

Пры гэтым Лукашэнка выступіў з пагрозай крымінальнай справы:

«Батуру вызваліць ад займаемай пасады і накіраваць сюды (у ААТ » Барысаўдрэў") кіраўніком. Калі праз тры дні не выйдзе на працу, распачаць крымінальную справу па ім. Калі ён тут не здолее да вясны — завесьці крымінальную справу", — заявіў Лукашэнка ў пятніцу, наведваючы ААТ «Барысаўдрэў» .

Апрача таго Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад начальніка УУС Менскага аблвыканкама распачаць крымінальную справу і абраць меру стрыманьня ў выглядзе падпіскі аб нявыезьдзе ў адносінах да генэральнага дырэктара ААТ «Будаўнічы трэст N21» горада Барысава Мікалая Бусалова:

«Падпіска аб нявыезьдзе, вызваліць сёньня ж ад займаемай пасады. Рване за межы Барысава — пасадзіць», — заявіў А.Лукашэнка, наведваючы ў пятніцу ААТ «Барысаўдрэў».

Лёс экс-гендырэктара Ўладзімера Мальцава пакуль пад пытаньнем – на заводзе ня могуць нават сказаць, дзе ён зараз знаходзіцца.

Барыс Батура нарадзіўся 28 ліпеня 1947 году ў Ваўкавыску Гарадзенскай вобласьці. Cкончыў Беларускі політэхнічны інстытут па спэцыяльнасьці інжынэр-мэханік. У 1987—1990 гг. — намесьнік міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі БССР, намесьнік старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму. З 1990 па 1999 гг. — міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. З чэрвеня 1999 да 13 лістапада 2000 г. — намесьнік прэм’ер-міністра. 13 лістапада 2000 г. прызначаны старшынём Магілёўскага аблвыканкаму. 20 траўня 2010 году прызначаны на пасаду старшыні Менскага аблвыканкаму. Чалец Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Старшыня Беларускай фэдэрацыі валейбола.

Аляксандар Ярашук, які працаваў некаторы час першым намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму, сказаў Свабодзе пра Батуру:

«У параўнаньні з кіраўнікамі, якія працавалі да яго, Батура выглядае нашмат больш прыстойным чалавекам. Той жа Дамашкевіч быў адметны тым, што арганізаваў проста расправу над кадрамі Менскай вобласьці. Ён быў неапраўдана жорсткім у адносінах зь людзьмі. Яго зьмяніў Крупец, які апынуўся не на сваім месцы і, з майго пункту гледжаньня, наагул не адбыўся як губэрнатар. А Батура — адзін з найбольш моцных кіраўнікоў усіх шасьці абласьцей. І мая ацэнка яго як кіраўніка менавіта станоўчая.

Ён насамрэч вельмі інтэлігентны. І адчувацца парода. Батура з заходніх беларусаў, выхадзец з Ваўкавыску. І, канечне, з генэтыкай там усё ў парадку. Які там канкрэтны радавод, цяжка гаварыць. Але я не зьдзіўлюся, калі раптам пацьвердзіцца, што там ёсьць сувязь з Баторыямі — выбітнымі асобамі нашай слаўнай мінуўшчыны».

Кваліфікаваным кіраўніком называе Барыса Батуру былы кіраўнік беларускага ўраду Міхаіл Чыгір:

«Ведаю яго вельмі даўно, яшчэ з тых часоў, калі ён працаваў у Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Адносіўся да абавязкаў сумленна. Граматны, кваліфікаваны, добра падрыхтаваны спэцыяліст. Ён даў згоду працаваць у гэтай сыстэме і працуе ў гэтай сыстэме. Я яе ня вельмі ўхваляю. Але тут ёсьць факт: чалавек пагадзіўся зь ёй і працуе ў ёй».

***

Андрэй Тур нарадзіўся ў 1953 годзе ў Ленінградзе. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі ў 1974 годзе. Доктар эканамічных навук, прафэсар.

У 1974 годзе - малодшы навуковы супрацоўнік інстытуту эканомікі АН БССР, 1975-1991 - асьпірант, асыстэнт катэдры палітэканоміі, дацэнт катэдры, загадчык катэдры, дактарант Беларускага дзяржаўнага інстытуту народнай гаспадаркі імя Куйбышава, 1991-1995 - загадчык катэдры эканамічнай тэорыі і гісторыі эканамічных вучэньняў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага унівэрсытэту.

Пасаду намесьніка міністра эканомікі займаў са жніўня 1995 года па лістапад 2011 году, калі Аляксандар Лукашэнка прызначыў яго намесьнікам старшыні сваёй адміністрацыі.


У 2011 годзе бізнэсовец Андрэй Кабанаў зрабіў скандальнае відэа, на якім тады яшчэ намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур на дыпляматычным прыёме адказвае на пытаньні пра цяжкую эканамічную сытуацыю ў краіне.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG